Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цімашэнка — год за кратамі (фотагалерэя)

абноўлена

500 прыхільнікаў Юліі Цімашэнкі сабраліся перад судом у Кіеве 26 чэрвеня 2012 году
500 прыхільнікаў Юліі Цімашэнкі сабраліся перад судом у Кіеве 26 чэрвеня 2012 году

У нядзелю, 5 жніўня, споўніўся год з моманту арышту апазыцыйнага ўкраінскага палітыка Юліі Цімашэнкі.

У розных гарадах у нядзелю прайшлі акцыі ў яе падтрымку. А прадстаўнікі Аб’яднанай апазыцыі, якія вылучылі кандыдатуру экс-прэм’ера на парлямэнцкія выбары 28 кастрычніка першым нумарам у партыйным сьпісе, прыехалі адмыслова ў Харкаў, дзе Цімашэнка знаходзіцца ў шпіталі.

У Харкаў да Юліі Цімашэнкі прыехалі прадстаўнікі Аб’яднанай апазыцыі Арсеній Яцанюк і Анатоль Грыцэнка. Яны прывезьлі ёй у лякарню букет 365 белых ружаў — па адной ружы на кожны дзень за кратамі — які, аднак, прыйшлося пакінуць канвою, бо да зьняволенай пацыенткі іх не пусьцілі.

«Я шчыра веру ў тое, што мы будзем дарыць адно аднаму кветкі — і Юліі Ўладзіміраўне ў першую чаргу — толькі з нагоды вялікіх сьвятаў. І што гэта — апошнія ружы, якія зьвязаныя зь яе зьняволеньнем» — заявіў Яцанюк журналістам на брыфінгу.

У гадавіну арышту лідэра Аб’яднанай апазыцыі Юліі Цімашэнкі, у Кіеве на пешаходным мосьце над Дняпром актывісты «Бацькаўшчына» разгарнулі

20-мэтровы банэр «Юлі — свабоду». Акрамя таго, паводле паведамленьняў «Бацькаўшчыны», налепкі з надпісам «365 дзён у няволі. Яна не зламалася. А ты?» у ноч з суботы на нядзелю зьявіліся на прыпынках гарадзкога транспарту, станцыях мэтро і ў падземных пераходах шматлікіх кіеўскіх раёнаў.


Юлію Цімашэнку прысудзілі да сямі гадоў турмы па абвінавачаньні ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Прысуд сустрэў асуджэньне з боку шэрагу эўрапейскіх палітыкаў — аж да запаволеньня перамоваў аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўразьвязам.

У сувязі з гадавінай арышту Цімашэнкі дэпутат украінскага парлямэнту Ўладзімір Алійнік ад кіроўнай Партыі рэгіёнаў сказаў нашаму радыё, што Ўкраіна павінна выконваць абавязаньні перад Эўропай, якія яна на сябе ўзяла, у прыватнасьці, рэфармаваць судовую галіну ўлады, але дадаў, што эўрапейскіх стандартаў павінны датрымлівацца і краіны Эўразьвязу.

«Сёньня ў Эўропе шмат чыноўнікаў — на ўзроўні прэзыдэнтаў, прэм’ераў — прыцягваюцца да адказнасьці. Мы ня робім ніводнай заўвагі, ніякіх заяваў, хоць гучаць і абвінавачаньні ў палітычных матывах перасьледаў, у прыватнасьці, у Румыніі. У Чэхіі, напрыклад, прэм’ер-міністар бяз згоды ўраду прыняў рашэньне аб набыцьці танкаў», — адзначыў Алійнік.

Украінскі палітоляг Віктар Небажэнка сказаў нашаму радыё, што за мінулы год адбыліся працэсы, якія сьведчаць, што разьвіцьцё дэмакратыі ва Украіне сёння можна параўнаць хіба з Украінай савецкай.

«Справа ня толькі ў арышце лідэраў апазыцыі, — сказаў Небажэнка. — А справа ў тым, што адбываюцца працэсы, якія аслабляюць ўкраінскую дзяржаўнасьць у цэлым».

Паводле ягоных словаў, прыкметамі палітычнага крызісу можна лічыць канцэнтрацыю ўлады ў адных руках і як наступства — падпарадкаваньне праваахоўнай машыны, у прыватнасьці, судоў, палітычнаму кіраўніцтву.

На думку Небажэнкі, страх перад міжнароднай ізаляцыяй прымусіць цяперашнюю ўладу пайсьці на пэўныя «кампрамісы». Напрыклад, украінскія ўлады могуць пагадзіцца адправіць былую прэм’ер-міністар Украіны Юлію Цімашэнку на лячэньне за мяжу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG