Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Більт: Абвінавачаньні на адрас Эрыксана – лухта


Карл Більт
Карл Більт

Міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більт назваў «лухтой» абвінавачаньні, якія прагучалі ў адрас швэдзкага пасла Стэфана Эрыксана з боку беларускага афіцыёзу.

«Лухта лухтой, — напісаў Більт у Twitter, камэнтуючы сюжэт пра швэдзкага дыплямата, паказаны беларускім тэлеканалам АНТ. — Беларускія дзяржаўныя мэдыі пачалі кампанію паклёпу на Швецыю і нашага амбасадара». Пра гэта паведаміў БелаПАН.

На мінулым тыдні тэлеканал АНТ абвінаваціў Стэфана Эрыксана ў падрыхтоўцы «арабскай вясны» у Беларусі.

«Ёсьць інфармацыя, што ў 2010 годзе Стэфан Эрыксан неаднаразова асабіста перадаваў інструкцыі, грошы радыкальным групоўкам, экстрэмістам, рыхтуючы сілавую акцыю супраць Беларусі кшталту арабскай вясны», — было заяўлена ўвечары 3 жніўня.


У перадачы таксама сьцвяржалася, што швэдзкае пасольства ў Менску было датычнае да кантрабанды:

«5 чэрвеня 2012 года праваахоўнымі органамі Беларусі была спыненая спроба ўвозу партыі літаратуры невядомага зьместу ў буйным аб’ёме безь неабходных суправаджальных тлумачальных дакумэнтаў. Пасьля адмовы даць доступ да грузу, які перавозіцца, аўтамабіль пасольства Швэцыі выехаў на тэрыторыю Літвы. Пасол Эрыксан фактычна пакрываў кантрабанду».

Закранаючы сюжэт несанкцыянаванага палёту над Беларусьсю швэдзкага лёгкаматорнага самалёта, канал паведаміў, што «да гэтага часу да канца не вядомая ступень магчымага ўдзелу як Стэфана Эрыксана, так і швэдзкага кіраўніцтва ў арганізацыі правакацыі з парушэньнем межаў Беларусі».


Паведамленьне аб тым, што беларускія ўлады не працягнулі Стэфану Эрыксану дазвол на працу ў краіне, швэдзкі МЗС атрымаў 1 жніўня. Пазыцыю афіцыйнага Менску агучыў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

«Было прынятае рашэньне не працягваць яго акрэдытацыю. Спадар Эрыксан працаваў у Беларусі каля сямі гадоў, гэта доўгі тэрмін. За гэты час уся яго дзейнасьць была накіраваная не на ўмацаваньне беларуска-швэдзкіх адносінаў, а на іх разбурэньне».

Карл Більт назваў дзеяньні беларускага боку «сур’ёзным парушэньнем стандартаў міждзяржаўных адносінаў».

«Абвінавачаньні, вылучаныя рэжымам у дачыненьні да пасла, ня маюць падставаў. Тое, што Швэцыя ўсебакова падтрымлівае дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі, не зьяўляецца сакрэтам, і пасол Эрыксан ў поўнай меры праводзіў гэтую палітыку. Пасол Эрыксан працягне сваю працу зь яшчэ больш ясным акцэнтам на падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Мы таксама сумесна зь іншымі краінамі Эўразьвязу разгледзім шляхі далейшага ўмацаваньня гэтай дзейнасьці», — заявіў кіраўнік швэдзкага МЗС.

У адказ на рашэньне афіцыйнага Менску швэдзкія ўлады паінфармавалі пасольства Беларусі ў Швэцыі аб «непажаданасьці» прыбыцьця ў Стакгольм новага беларускага пасла.

Акрамя гэтага, «будуць адкліканыя віды на жыхарства ў Швэцыі двух прадстаўнікоў пасольства», паведаміў Більт.

МЗС Беларусі паведамляе, што надзвычайным і паўнамоцным паслом у Швэцыі да апошняга зьящлящся Андрэй Грынкевіч. Ён кіраваў беларускай дыпляматыяй у Швэцыі, Нарвэгіі і Даніі з 2004 году. Прозьвішча новага амбасадара, пра якога піша Більт, Менск не паведамляе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG