Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпіяда: Кітай ці ЗША?


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Назавіце без дапамогі Гугла прозьвішча хоць аднаго кітайскага чэмпіёна...

Напэўна, не адзін я ў канцы кожнага дня вывучаю агульны мэдальны залік, каб паглядзець, хто вырваўся наперад у алімпійскай гонцы дзьвюх цывілізацый. Калі нехта яшчэ не заўважыў, то сьпяшаюся паведаміць – мы жывем у біпалярным сьвеце, дзе спаборнічаюць дзьве звышдзяржавы, Кітай і ЗША. І першае, самае мірнае і бясьпечнае пацьверджаньне гэтаму – спорт.

У другой палове мінулага стагодзьдзя іншыя дзьве дзяржавы – ЗША і СССР – таксама даводзілі перавагі свайго ладу жыцьця, сярод іншага, і зацятымі бітвамі на спартовых арэнах. СССР разваліўся, і з таго часу Расея на Алімпіядах дэградуе ў агульным мэдальным заліку зь непазьбежнасьцю закону сусьветнага прыцягненьня, спусьціўшыся зь першага на трэцяе месца (а ў Лёндане па золаце ўжо наўрад ці ўвойдзе нават у пяцёрку).

Была яшчэ вялікая спартовая дзяржава ГДР, атлеты зь якой апярэдзілі свой час настолькі, што іхнія рэкорды 80-х гадоў у некаторых відах дагэтуль застаюцца непахіснымі. Праўда, як высьветлілася, рэкорды гэтыя былі пераважна вынікам дасягненьняў хімічнай і фармацэўтычнай прамысловасьці. Пасьля гэтага пачалася вайна з допінгам, а сёньняшніх немцаў Octoberfest, здаецца, вабіць больш, чым спорт высокіх дасягненьняў.

Такім чынам, на сёньня засталіся дзьве спартовыя звышдзяржавы – Кітай і ЗША, якія ў Лёндане проста на галаву вышэй за астатніх. Аднак… ці можаце вы назваць хоць адно прозьвішча кітайскіх чэмпіёнаў? З ходу, без Гугла? Ня можаце? Вось і я не магу адразу ўзгадаць хоць каго, акрамя, можа, 16-гадовай плыўчыхі Е. Па-першае, прозьвішча лёгкае (Е – прозьвішча, Шывэнь – імя). Па-другое, яна атрымала дадатковую вядомасьць, трапіўшы ў тое, што па-ангельску называюць «controversy», калі некаторыя адмыслоўцы, назіраючы яе незвычайныя вынікі, сталі сумнявацца ў допінгавай чысьціні маладой спартоўкі.

У тым, што большасьць з нас ня здолее назваць кітайскія імёны, ёсьць элемэнты «культурнага расізму», бо для многіх з нас «усе кітайцы на адзін твар», Ху і Лі, адрозьненьняў паміж якімі мы ня здольныя альбо не жадаем бачыць. Тут ёсьць наша неразьвітасьць, нязвыкласьць да ўспрыманьня імёнаў іншай культуры. Для эўрапейскага вуха кітайскія прозьвішчы зьліваюцца ў нейкае адно супольнае Мао, і, прызнаюся, я ня бачу ў гэтым нічога забаўнага.

Але ёсьць тут і іншая, больш аб'ектыўная прычына. Дзе перамагаюць амэрыканцы? У самых папулярных і відовішчных відах спорту – плаваньне, гімнастыка, тэніс, лёгкая атлетыка. Амэрыканцы таксама перамогуць у баскетболе, яны фаварыты ў валейболе, жаночым футболе. І выходзіць, што я пералічыў самыя папулярныя віды спорту, якім прысьвечана 90 працэнтаў часу алімпійскіх тэлерэпартажаў. А пакуль мы глядзім баскетбол і плаваньне, кітайцы «ня трацяць часу» і бяруць золата ў бадмінтоне (5 залатых мэдалёў), настольным тэнісе, цяжкай атлетыцы, стральбе і скачках у ваду. Мы толькі фіксуем у канцы дня, як мэдальны залік папоўніўся чарговымі імёнамі кітайскіх спартоўцаў, якіх мы ня бачылі і ня можам распазнаць.

Спорт толькі тады становіцца культурным фэномэнам, калі за ім стаіць непаўторная асоба, прыгожая гісторыя, яркая драма...

Да таго ж кітайскія чэмпіёны мяняюцца з такой жа хуткасьцю, зь якой кітайскія тавары запаланяюць рынкі Эўропы і ЗША. Толькі ты палюбіш кагосьці зь іх, як на наступную Алімпіяду прыяжджае цалкам новы склад зборнай, у якой чарговыя невядомыя нам раней 16-гадовыя заваёўваюць чарговыя залатыя мэдалі. Парадаксальна, што самы вядомы кітайскі спартовец апошняга дзесяцігодзьдзя – баскетбаліст Яо Мін, які паказваў даволі стабільныя вынікі, быў удзельнікам матчаў «усіх зорак», але ня выйграў нічога ані ў NBA, ані разам з нацыянальнай зборнай.

Спорт толькі тады становіцца культурным фэномэнам, калі за ім стаіць непаўторная асоба, прыгожая гісторыя, яркая драма.

Я ня ведаю, навошта Кітаю гэтыя перамогі, навошта ў іх здабыцьцё камуністычнае кіраўніцтва краіны ўкладае вялікія грошы. Кітайская электроніка і лёгкая прамысловасьць даўно скарылі сьвет. Але кітайскія чэмпіёны пакуль не зрабілі ў сьвеце культурнай рэвалюцыі, яны ня сталі сусьветнымі ідаламі ўзроўню Фэлпса, Болта ці Мэсі. Колькасьць пакуль не перарасла ў якасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG