Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія: масавы мітынг апазыцыі


Мітынг апазыцыі ў Батумі

Мітынг апазыцыі ў Батумі

Мітынг у сталіцы Аджарыі стаў адной з самых масавых акцый у перадвыбарнай кампаніі апазыцыйнай кааліцыі

У нядзелю ўвечары ў Батумі дзесяткі тысяч чалавек сабраліся на мітынг у падтрымку апазыцыйнай кааліцыі "грузінская мара» мільярдэра Бідзіны Іванішвілі. Выступаючы на мітынгу Іванішвілі заявіў, што прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі ўзурпаваў уладу і нясе адказнасць за страту Абхазіі і Паўднёвай Асэтіі.

Мітынгу «грузінскай мары» ў Батумі папярэднічаў інцыдэнт у высакагорнай вёсцы Бэшумі. Там падчас традыцыйнага сьвята «Шуамтоба» здарылася сутычка паміж прыхільнікамі прэзыдэнта Саакашвілі і лідэра апазыцыі Іванішвілі.

Выступіўшы на шматтысячным мітынгу на адной з батумскай плошчаў кіраўнік апазыцыйнай кааліцыі сказаў, што цяперашні прэзыдэнт расколвае грамадзтва і царкву і не мае намеру нікому саступаць уладу.

- Саакашвілі вінаваціць мяне ў сымпатыях да Савецкага саюзу, але менавіта ён ўкараняе ў краіне дыктатуру і свавольства, - заявіў Бідзіна Іванішвілі. Паводле апазыцыянэра, ў Грузіі пануе так званая «элітарная карупцыя», а іншадумцы зазнаюць рэпрэсіі.

Яго прамову слухалі ад 15 да 20 тысяч аджарцаў. Многія з іх надзелі майкі з надпісам «Грузінская мара» і сустракалі бурнымі апладысмэнтамі абяцаньні Іванішвілі абавязкова зьмяніць уладу мірным шляхам у выніку парлямэнцкіх выбараў 1 кастрычніка.

Мітынг у сталіцы Аджарыі стаў адной з самых масавых акцый у перадвыбарнай кампаніі апазыцыйнай кааліцыі. Улады не чынілі арганізатарам ніякіх перашкод. Больш за тое, паводле існай традыцыі, на плошчы, дзе адбыўся мітынг, не было ніводнага паліцэйскага ў форме.
XS
SM
MD
LG