Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БТ: Эрыксан пакрываў кантрабанду, перадаваў грошы экстрэмістам


У выпуску навінаў Беларускага тэлебачаньня «Панарама» высланьне зь Беларусі амбасадара Швэцыі Стэфана Эрыксана было патлумачанае сканчэньнем акрэдытацыі. У сюжэце журналіста Сяргея Гусачэнкі ўдзельнічаў кіраўнік Аналітычнага цэнтру EcooM Сяргей Мусіенка, які заявіў, што гэта права любой дзяржавы.

Аднак ён жа паведаміў, што Стэфан Эрыксан фактычна вёў у Беларусі падрыўную дзейнасьць і імкнуўся «пасварыць Швэцыю і Беларусь», «пашырыць эканамічныя санкцыі ЭЗ супраць Беларусі».

У сюжэце паведамляецца: «ёсьць інфармацыя, што ў 2010 годзе Стэфан Эрыксан асабіста перадаваў інструкцыі, грошы экстрэмістам, прадстаўнікам радыкальных груповак, якія імкнуліся стварыць у Беларусі сытуацыю накшталт Арабскай вясны».

Аўтары сюжэту сьцвярджаюць, што ў памяшканьні амбасады Швэцыі (быў прадэманстраваны стары будынак амбасады на вуліцы Герцэна) праводзіліся інструктажы для «экстрэмістаў», якія рыхтаваліся арганізоўваць у Беларусі масавыя беспарадкі.

«Панарама» абвінаваціла амбасаду ў тым, што яна давала свой аўтатранспарт, у тым ліку аўтатранспарт амбасадара, для перавозкі «нежаданых» прадметаў. Нібыта сёлета ў сакавіку на беларускай мытні былі затрыманыя тавары на суму 20 тысяч даляраў ЗША, якія пазьней былі спагнаныя ў даход беларускай дзяржавы.

Паводле БТ, сёлета 5 чэрвеня дыпляматычны транспарт швэдзкай амбасады быў затрыманы на беларускай мяжы, паколькі перавозіў вялікую партыю літаратуры «невядомага зьместу». Прадстаўнікі амбасады адмовіліся даць літаратуру для агляду і вывезьлі яе «на тэрыторыю дзяржавы ЭЗ».

«Панарама» фактычна абвінаваціла Стэфана Эрыксана ў тым, што ён «пакрываў кантрабанду».

Гэтаксама, сьцвярджае БТ, яшчэ не вядомы ўдзел Стэфана Эрыксана ў «правакацыі лёгкаматорнага самалёта». «Магчыма, праваахоўныя органы Беларусі маюць больш поўныя дадзеныя на гэты конт» — папярэджвае «БТ».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG