Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце. За забарону пікету салідарнасьці зь Бяляцкім — скарга ў суд


Уладзімер Вялічкін
Уладзімер Вялічкін

Берасьцейскія праваабаронцы і дэмакратычныя актывісты Ўладзімер Вялічкін, Уладзімер Вуек і Ігар Маслоўскі накіравалі скаргу ў Ленінскі суд на забарону пікету салідарнасьці з Алесем Бяляцкім.

Пікет меркавалася правесьці 4 жніўня і прымеркаваць да ўгодкаў зьняволеньня кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Аднак Берасьцейскі гарвыканкам забараніў праводзіць акцыю, бо ў заяўлены час у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў плянуюцца мерапрыемствы да Дня дэсантнікаў.

Праваабаронца Ўладзімер Вялічкін кажа, што адмову лічыць абсурднай: «Дзень дэсантніка мне не перашкаджае ладзіць пікет у вызначаным уладай месцы. Мы нязгодныя, што нам адмовілі па нейкіх надуманых падставах. Лічым, што нашыя правы парушаныя. Адзінае, што нас магло абмежаваць у жаданьні правесьці пікет, гэта надзвычайнае становішча ў краіне. Аднак яго няма, таму нам адмовілі незаконна».

Спадар Вялічкін кажа, што праводзіць пікет, не зважаючы на забарону, ня мае сэнсу, бо гэта пагражае затрыманьнямі яго ўдзельнікаў. Таму, тлумачыць праваабаронца, было вырашана выказаць салідарнасьць з Алесем Бяляцкім, падаўшы скаргу ў суд.

Уладзімер Вялічкін кажа, што ў судзе, акрамя адстойваньня сваіх правоў, ён мяркуе агучыць і праблему існаваньня палітвязьняў у краіне, у тым ліку зьняволенага кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага.

Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 году зьняволеньня паводле абвінавачаньня ва ўтойваньні прыбыткаў. Палітвязень у судзе заяўляў, што ўсе атрыманыя з-за мяжы грошы ішлі на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій. Адбывае пакараньне ў Бабруйскай калёніі ўжо цягам году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG