Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікае мястэчка Карма ляжыць у нізіне, абкружанае пагоркамі. На ўезьдзе вялізны драўляны крыж суседнічае з шыльдай, на якой чырваназорны герб РБ. Пазалочаныя макаўкі кармянскай царквы хаваюцца ў густой лістоце старых дрэў. А да вайны мясцовы краявід быў зусім іншы. На пагорках стаяла сем ветраных млыноў! Казка, а не краявід. Зрэшты, і гісторыя млыноў амаль казачная. Багаты селянін Кузьма Калінін меў пяць сыноў. І ўсе пяцёра пабудавалі ветракі. Праўнук таго Кузьмы, 90-гадовы Якуб Калінін па сёньня памятае, дзе стаялі тыя млыны.

— У Кузьмы было пяць сыноў. Усе пяць пабудавалі сабе млыны. На ўзвышшах.


Падчас калектывізацыі іх рэпрэсавалі. Высялялі. Калі сталі высяляць, яны ўсе сышлі ў падпольле. Зьехалі ў іншыя гарады. У тым ліку і мой дзядуля.


— Ня сталі чакаць «варанка»...


— Ня сталі. Яны ня трапілі ў Сыбір, а разьехаліся па іншых гарадах. У асноўным туліліся ў Бранскай вобласьці.


— Можна было схавацца.


— Толькі каб ніхто са сваіх не заўважыў і ня выдаў.


— І ў 30-я гады можна было схавацца ад НКВД.


— Яны схаваліся. І ўсе перачакалі гэты час.


— А гэтыя млыны?


— У калгас забралі. Няма было каму эксплюатаваць. Калі б яны былі разумныя, гэтыя кіраўнікі, яны б забралі ў калгас і млыны, і млынароў. Яны ж умелі апрацаваць гэты камень, каб ён малоў. Некаторы час млынары працавалі. А калі сталі іх перасьледаваць, яны паўцякалі. І няма каму ветразі было пашыць. А прыбытак прыносілі калясальны! Ехалі з усяго навакольля! Малоць у Карму. Бо ў Карме сем млыноў!


За 5 кілямэтраў ад Кармы ляжыць мяжа з Расеяй. Мяжа за савецкімі часамі як быццам фармальная. Але яна ў 30-я ратавала жыцьці тых, хто быў асуджаны на катаргу ў ГУЛагу. І ў 70-я яна была заўважная. Старая кармянка ніяк ня можа прывыкнуць, што па той бок мяжы людзі сталі жыць багацей.

— Калісь Злынка была... Восем кілямэтраў. Ім цяпер трохі пэнсію паднялі, яны і хвост паднялі.


— А так Карма жыла лепш?


— Канечне. Мы вельмі добра жылі.


— Гэта вы пра савецкія часы гаворыце?


— Як маладая была, канечне. А цяпер атрымліваю паўтара мільёна, а толку?


— Нават калі была адна краіна, усё роўна...


— Там было бядней. Вельмі бядней. Злынка ж Расея.


— І кармянцы глядзелі крыху...


— Звысоку. Як яны цяпер на нас. У царкву як прыеду, такія яны ўжо багатыя. Госпадзі! У іх жа грошы зусім іншыя. Яны нажыліся ў нас добра. Падняліся. Малайцы. А нам усё павышае і павышае. Ды пакінуў бы ты нам і цану тую, і грошы тыя. Як-небудзь мы б прывыклі. Не. Ня можа.

Карма — радзіма Івана Шамякіна. Ягоны велічны бюст стаіць перад Домам культуры. Старую хвалюе тое, што ўнукі, якія прыяжджаюць з гораду ў шамякінскія мясьціны, зусім не чытаюць кніг.


— Калісь мы пакаленьне было чытаючае. Працавалі і чыталі. Любілі чытаць. Цяпер ня любяць. Я пагляджу на сваіх унучак, яны нават у бок кніг не глядзяць. Тэлевізар адбіў усё і кампутар. А мы любілі чытаць. Шамякіна любілі. Прыгожа пісаў. А цяпер яны ня ўмеюць і пісаць граматна.


Былы шафёр Іван Іванавіч, гаспадар, напэўна, самага прыгожага дома ў Карме — так ён яго размаляваў кветкамі, — далёкі сваяк Івана Шамякіна.

— А людзі чыталі яго?


— А як жа! Ён жа тут побач жыў. І «Глыбокую плынь», і «Вазьму твой боль», і «Атлянты і карыятыды». Гэта ўсё мы прачыталі. Любілі людзі чытаць.


— Ён часта сюды завітваў?


— Калі цешча жывая была, часта. З дачкой прыяжджаў. Адкрыты чалавек быў. З усімі пагавора, раскажа.


Некалі, да калектывізацыі, багатае мястэчка сёньня, як і тысячы іншых мястэчак, перажывае ня лепшыя часы. Пра гэта кажуць дзясяткі закінутых і разбураных хат.

Але пра Карму ведаюць далёка за межамі Беларусі. Сюды едуць паломнікі як з нашай краіны, так і з Расеі, зь Літвы, з Украіны. Каб памаліцца перад мошчамі сьвятога Іаана Кармянскага. Гэты сьвятар служыў на мяжы 19-га і 20-га стагодзьдзяў у суседнім сяле Агародне. І прадказаў ня толькі рэвалюцыю і багаборніцтва, але і лёс сваіх мошчаў. Вядома, тых, хто памятаў айца Іаана, ужо няма ў жывых. Засталіся толькі іх успаміны ў інтэрпрэтацыі дзяцей. Успамінае пэнсіянэрка Валянціна.

— Мае бацькі пры жыцьці казалі так. Што ніколі яны ня бачылі такога бацюшкі. Настолькі чэсна маліўся і выганяў д’яблаў. Ён выстойваў цэлымі начамі і маліўся. Цэлую ноч на каленях маліўся. Ён прадказваў, што «ў мяне дамавіна вельмі моцная, і не праваліцца, калі будуць танцаваць на мне». І сапраўды, пасьля вайны забылі, што там была царква, закаталі асфальт і зрабілі танцпляцоўку. І ўсе танцавалі, тады ж такі пад’ём быў у грамадзтве! Танцавалі, і ўсё. І калі хлопцы адкапалі, то дамавіна была яшчэ цэлая.


Сёньня пры кармянскім храме дзейнічае невялікі жаночы манастыр. Матушка Сафія, маладая жанчына, не адмовіла мне ў гутарцы.

— Я заўважыў, што ў асноўным маладыя.


— Так. З розных мясьцін Беларусі. Многія з адукацыяй вышэйшай. Нават з базавай ёсьць, якія рана прыйшлі ў манастыр. Нават школу ня скончылі. У кожнага свае былі прычыны. Дзякуем Богу, ні на што ня скардзімся.


— Вы не шкадуеце?..


— Не, вядома. Мы ж свой выбар рабілі сьвядома. Правільней сказаць, гэта нас выбраў Гасподзь.


— А вы цікавіцеся тым, што адбываецца ў сьвецкім жыцьці?


— У нас ёсьць інтэрнэт. Мы не жывем у такім затворы, як раней жылі манахі.


Ведаюць тут і пра панк-малебен у галоўным храме РПЦ.


— Быў такі факт. Але мы не абмяркоўваем, бо наўпрост гэта нас ня тычыцца. Ёсьць сьвяшчэннаначальле, якое гэтым займаецца. На маю думку, пакараньне павінна быць. Але якое, складана сказаць. Людзі не зусім разумелі, што яны рабілі.


Аказваецца, у манастыры можна ня толькі памаліцца, але і застацца на колькі дзён.


— Паслушаньне — гэта паўдзельнічаць у працы. Прыбіраць храм. На кухні. У нас былі выпадкі, калі людзі вылечваліся на манастырскай працы. Быў выпадак — жанчына з Масквы. У яе была на руках экзэма, і я яе паставіла чысьціць селядзец. І калі яна яго пачысьціла і памыла рукі, рукі цалкам былі вылечаныя. Як пасьля дзіцячага крэму. Экзэма прайшла. А іншы выпадак. Жанчына прыяжджала з фурункулам на назе. Яна мыла посуд. І вылечылася. Так што людзі ўдзельнічаюць ня толькі ў малітвах, але і ў працы.

Але ні экзэмы, ні фурункула ў мяне, пакуль, дзякуй Богу, няма. Таму перад сьвятымі мошчамі я папрасіў Госпада, каб у Рускай праваслаўнай царкве паболела беларушчыны.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG