Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тацяна Новікава: Самае неразумнае ў гэтай сытуацыі — маўчаць


Тацяна Новікава

Тацяна Новікава

Менскі гарадзкі суд адмовіў у задавальненьні касацыйнай скаргі каардынатара антыядзернай кампаніі Тацяны Новікавай на рашэньне суду Маскоўкага раёну Менску.

Тацяна Новікава патрабавала прызнаць незаконным рашэньне аб яе адміністрацыйным арышце, які яна адбыла ў турме на вуліцы Акрэсьціна цягам пяці сутак.

Рашэньне Менскага гарадзкога суду Тацяна Новікава лічыць несправядлівым, гэтаксама як і суду папярэдняй інстанцыі — аб яе адміністрацыйным арышце — і называе яго палітычна матываваным:

«Суд Маскоўскага раёну быў ня проста фармальнасьцю, а пляўком у твар і жаданьнем паказаць, што такія пытаньні, як будаўніцтва АЭС, падымаць ня трэба. Што ўлада ў гэтай краіне будзе будаваць атамную станцыю, бо ёй абсалютна абыякавая думка людзей. Яна і надалей будзе запалохваць, арыштоўваць і выкарыстоўваць іншыя сродкі адміністрацыйнага ціску на грамадзян, якія супраць гэтага будаўніцтва. І нават ня проста супраць, а гаворка пра тое, што мы выкрываем сур’ёзныя парушэньні і за гэта нас ціснуць і рэпрэсуюць. Менскі гарадзкі суд таксама быў фармальнасьцю і пакінуў рашэньне раённага бязь зьменаў».

Тацяну Новікаву затрымалі ў Менску 18 ліпеня, калі ў дзень прыезду ў Беларусь расейскага прэм’ер-міністра яна плянавала перадаць у амбасаду Расейскай Фэдэрацыі зварот да Дзьмітрыя Мядзьведзева супраць падпісаньня генэральнага кантракту на будаўніцтва АЭС у Астраўцы. Яе зьвінавацілі паводле артыкула 17.1 аб дробным хуліганстве і асудзілі за гэта на 5 сутак турмы. Разам зь ёй у гэты дзень таксама затрымалі і пакаралі «суткамі» і штрафам старшыню грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Ірыну Сухій, каардынатара маніторынгавай групы Цэнтру прававой трансфармацыі Міхаіла Мацкевіча і расейскага фізыка-ядзершчыка Андрэя Ажароўскага. Усіх іх зьвінавацілі ў брыдкаслоўі ў грамадзкім месцы. Ірына Сухій таксама мае намер абскардзіць свой штраф:
Абрыдла гэткая нахабная хлусьня сілавых структур.

«Бо мы ня лаяліся матам. І насамрэч ужо абрыдла гэткая нахабная хлусьня сілавых структур. І з гэтага гледжаньня проста нельга даваць ім спакойна жыць — гэта дакладна».

Тацьцяна Новікава таксама паведаміла, што з нагляднай скаргай на рашэньне Менскага гарадзкога суду будзе зьвяртацца ў Вярхоўны суд, хоць і ня мае спадзяваньняў на выніковасьць яе разгляду:

«З улікам таго, што ўся гэтая сыстэма дзейнічае паводле загадаў зьверху, то гэта спроба запалохаць людзей, якія маюць грамадзянскую пазыцыю, і гэта папросту „бязьмежжа“. І гэта насамрэч страшна, бо сёньня арыштавалі нас — людзей, якія не займаюцца палітыкай, якія дзейнічаюць дзеля дабра ўсіх грамадзян. Заўтра будуць арыштоўваць настаўнікаў, лекараў, і гэта будзе, як часы, апісаныя Салжаніцыным. І самае неразумнае, што можна зрабіць у гэтай сытуацыі, — гэта маўчаць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG