Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Красоўская: Дзякуй, што вывезьлі ў поле, а ня ў лес


Алена Красоўская

Алена Красоўская

У размове са «Свабодай» затрыманая 31 ліпеня невядомымі людзьмі ў цывільным намесьніца дырэктара інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа» Алена Красоўская-Касьпяровіч распавяла, як сёньня раніцай зноў жа невядомыя людзі ў цывільным забралі яе з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна і вывезьлі за межы Менску.

Гэта адбылося дзесьці ў раёне адзінаццатай гадзіны раніцы — дакладна час назваць не магу, бо ў камэры не было гадзіньніка, а таму я арыентавалася па нейкіх прыкметах — сьняданак, сонца і г.д. Дык вось, мне сказалі, каб я ўзяла свае рэчы ды ішла на выхад. Дадам, што сёньня, паводле закону, заканчваўся максымальны тэрмін (72 гадзіны) майго затрыманьня без выстаўленьня абвінавачаньня. Я была ўпэўненая, што мяне ў любым выпадку мусяць вывезьці ў суд.

Мяне пасадзілі ў міліцэйскую машыну без нумароў. Там быў міліцыянт у форме і два чалавекі ў цывільным. Яны ніяк не назваліся. Адрозна ад тых людзей у цывільным, якія мяне затрымлівалі 31 ліпеня і паралельна ўвесь час камусьці тэлефанавалі і пыталіся, што са мной рабіць, гэтыя ўвесь час маўчалі. Адзін толькі папрасіў даць яму маю торбу і ўсю дарогу трымаў яе. Я вырашыла спытацца ў іх: „Мяне вязуць у суд?“ У адказ пачула: „Убачыце!“ Мы ехалі дзесьці гадзіну — гадзіну дваццаць. Потым яны спыніліся ў чыстым полі. Дзякуй ім за гэта, бо калі б яны спыніліся ў лесе, я б падумала, што яны вязуць мяне забіваць ды закопваць. Адзін з супрацоўнікаў у цывільным, які трымаў маю торбу, выйшаў, падаў мне руку, аддаў торбу і сказаў: „Усяго найлепшага!“ Потым сеў у машыну, і яны паехалі. Я ж выйшла на дарогу, спыніла маршрутку і дабралася ў Менск.

— У вас ёсьць нейкія тлумачэньні ўсёй гэтай загадкавай гісторыі?

— У мяне ў галаве розныя варыянты. Магчыма, гэта працяг гісторыі з маім мужам (муж Алены, вязень папраўчай калёніі у Навасадах, памер сёлета ўвесну пры загадкавых абставінах. — РС), то бок гэта ціск на мяне як на супрацоўніцу „Плятформы“, бо я і мае калегі заявілі адміністрацыі калёніі, што адрынаем афіцыйную вэрсію яго сьмерці. Магчыма, гэта зьвязана з сайтам нашай арганізацыі, які апошнім часам сабраў нямала прыхільнікаў сярод несправядліва асуджаных людзей ды іх сваякоў. Я адміністратар гэтага сайту. У той дзень, калі мяне адвезьлі на Акрэсьціна, хтосьці спрабаваў узламаць нашу інтэрнэт-старонку. Магчыма таксама, я гэтага не выключаю, што хацелі затрымаць і Андрэя Бандарэнку.У любым выпадку ўсё гэта сьведчыць пра ўзмацненьне ціску на „Плятформу“. Вельмі крыўдна, што органы, якія зьдзяйсьнялі маё затрыманьне, маюць права і магчымасьць парушаць усе мажлівыя законы. Мне цяжка меркаваць, якой рэакцыі яны чакалі ад мяне, але магу з упэўненасьцю сказаць, што трохсуткавым утрыманьнем у турме на Акрэсьціна мяне не напалохалі, не зламалі і я буду і далей працаваць у „Плятформе“ і рабіць усё, што ў маіх сілах, каб закон выконваўся і быў адзіны для ўсіх.
Трохсуткавым утрыманьнем у турме на Акрэсьціна мяне не напалохалі, не зламалі.

— Вы самі і вашы калегі зьбіраецеся нешта рабіць, каб расставіць нейкія кропкі над „і“ ў гэтай гісторыі?

— Так. Пакуль я там знаходзілася, калегі зрабілі звароты ва ўсе магчымыя інстанцыі, уключна з ГУУС Менгарвыканкаму адносна незаконнага затрыманьня і адсутнасьці ўсялякай інфармацыі пра маё месцазнаходжаньне, бо мяне ўдалося знайсьці толькі на другія суткі. Далей, я не атрымала аніякіх дакумэнтаў адносна таго, што я там знаходзілася і на падставе чаго. Чаму я мушу верыць заявам людзей, якія мяне затрымалі, у тое, што я нецэнзурна лаюся?! Што гэта за лухта? І да таго ж гэта абсалютна супрацьзаконна. Далей, цягам 48 гадзін пасьля затрыманьня мяне мусілі адвезьці ў суд і судзіць за так званую лаянку, якой не было. Аднак і гэтага таксама не зрабілі. Дзесяткі „чаму“, на якія нам і мусяць адказаць праваахоўнікі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG