Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Консульскія ўстановы Беларусі маюць права выдаваць пашпарты грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой. Аднак яны ня будуць выдаваць гэтыя пашпарты тым, хто ўключаны ў сьпіс асобаў, якім абмежаваны выезд за межы Беларусі. У гэты сьпіс дададзеныя таксама грамадзяне, якія трапілі на прафіляктычны ўлік у КДБ.

Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі № 333, грамадзяніну Беларусі, які ўжо знаходзіцца за яе межамі і трапіў у сьпіс асобаў, якім абмежаваны выезд, будуць адмаўляць у выдачы новага пашпарта. Начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун патлумачыў карэспандэнту «Свабоды», што адносна гэтых асобаў працэдура абмену пашпарта ня будзе ажыцьцяўляцца за мяжой праз амбасаду:

Аляксей Бягун

Аляксей Бягун

«Ён зьвярнуўся ў амбасаду па замену пашпарта з прычыны страты, заканчэньня тэрміну дзеяньня, перамены прозьвішча. Але калі адносна гэтага грамадзяніна кампэтэнтнымі органамі ўстаноўлена абмежаваньне ў праве выезду за мяжу, то амбасада гэтую адміністратыўную працэдуру ажыцьцяўляць ня будзе».

Аднак, паводле Бягуна, гэта не азначае, што грамадзянін такім чынам пазбаўляецца грамадзянства. Яму проста давядзецца вярнуцца ў Беларусь, каб урэгуляваць прававыя пытаньні.

«Калі ён знаходзіцца ў Беларусі і ўключаны ў сьпіс, то яму ўсё роўна пашпарт выдаецца. Ніякіх зьменаў па гэтым пытаньні не было».

Паводле ўказу Лукашэнкі, да катэгорыі невыязных дадаюцца асобы, якія стаяць на прафіляктычным уліку ў КДБ. У адпаведнасьці з пастановай КДБ № 32, рашэньне аб часовым абмежаваньні права на выезд такіх грамадзян прымаюць начальнікі органаў дзяржбясьпекі і іх намесьнікі. Яны ж вырашаюць пытаньне аб зьняцьці такога абмежаваньня. Аб прынятым рашэньні грамадзяніну ў той жа дзень накіроўваецца паведамленьне. На пытаньне, ці абгрунтаваныя засьцярогі, што грамадзяне могуць трапіць пад такое абмежаваньне з палітычных матываў, начальнік цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандар Антановіч сказаў:

«Ведаеце, проста зьнікае жаданьне размаўляць. Што расказваць? Ёсьць сьпіс артыкулаў, я ўжо тлумачыў на гэты конт, згодна зь якімі хто чаго. Гэта ж ня толькі мы займаемся. У адпаведнасьці з гэтым і прымаецца рашэньне. Крымінальны кодэкс ёсьць, урэшце рэшт. Ну пры чым тут....?»

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка сказаў, што яму ў вуснай форме паведамілі аб пастаноўцы на прафіляктычны ўлік у КДБ. Аднак дагэтуль ён не атрымліваў ніякай паперы.

Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

«Гэта грубае парушэньне нашых правоў і свабод, у тым ліку гарантаваных Канстытуцыяй. Чарговы раз яны паказалі, што не зьбіраюцца грунтаваць свае дзеяньні на законе, а дзейнічаюць выключна ў інтарэсах нейкай групоўкі асобаў. Гэта адкрыты палітычны перасьлед, прычым нават не ў завуаляванай форме».

Апазыцыянэры даведваліся пра тое, што яны невыязныя, калі спрабавалі перасекчы мяжу. Адпаведных паведамленьняў, як прадугледжвае закон, ніхто ім не дасылаў. Сяргей Калякін распавёў, што ён уключаны ў сьпіс невыязных, бо супраць яго нібыта ёсьць нейкі пазоў у Мін’юсьце. Ён лічыць, што калі чалавек учыніў злачынства, то абмежаваньне можа быць:

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

«Але сёньня, калі гэта робіцца з палітычных матываў, то гэта, безумоўна, незаконна і не адпавядае ні міжнароднаму праву, ні нашаму дзейнаму заканадаўству, Канстытуцыі ў першую чаргу. Таксама ў нас было, калі не выдавалі пашпарты. Гэта супярэчыць грамадзянскаму праву. Чалавек бяз пашпарта — гэта нешта з сатырычнай літаратуры».

Паводле старшыні БХК Алега Гулака, галоўнае пытаньне — за што можна абмяжоўваць выезд і ці ёсьць інструмэнты, каб бараніцца ад незаконных абмежаваньняў. А з гэтым праблема.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG