Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціхана адхілілі ад Алімпіяды за допінг-пробы 8-гадовай даўніны


Іван Ціхан (справа) і Вадзім Дзевятоўскі на Алімпіядзе-2008 у Пэкіне

Іван Ціхан (справа) і Вадзім Дзевятоўскі на Алімпіядзе-2008 у Пэкіне


Беларускі кідальнік молата Іван Ціхан адхілены ад алімпійскіх спаборніцтваў у Лёндане.
«3 жніўня спартовец у сэктар ня выйдзе, — паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Уладзімір Несьцяровіч. — Беларуская фэдэрацыя лёгкай атлетыкі атрымала ліст зь міжнароднай фэдэрацыі з прапановай адхіліць Ціхана. Было прынята рашэньне пайсьці на гэта, каб не падставіць усю лёгкаатлетычную каманду, якую маглі дыскваліфікаваць. Хаця ліст больш чым дзіўны, выклікае мноства пытаньняў, у тым ліку: чаму ён прыйшоў за дзень да старту? Спартоўца паставілі ў кут, і ў яго няма магчымасьці абараніцца».

Паводле чыноўніка, Ціхан быў адной з асноўных надзеяў на залаты мэдаль, усе перадалімпійскія допінг-пробы далі адмоўны вынік. Адказваючы на пытаньне, што можа стаяць за лістом, Несьцяровіч нагадаў, што ў 2010 годзе Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі выйгралі суд у Міжнароднага алімпійскага камітэту, які абвінаваціў іх ва ўжываньні допінгу і пазбавіў мэдалёў Алімпіяды-2008.

Газэта «Прессбол» 2 жніўня паведаміла, што ў допінг-пробах, узятых у Ціхана на Алімпіядзе ў Афінах у 2004 году і на чэмпіянаце сьвету ў Хельсынкі ў 2005 годзе, выяўлены забароненыя рэчывы. Пробы захоўваюцца восем гадоў пасьля ўзяцьця. На працягу гэтага часу яны зноў правяраюцца з дапамогай новых мэтадаў выяўленьня допінгу. У Грэцыі Ціхан заваяваў срэбны мэдаль.
XS
SM
MD
LG