Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК Малдовы: рэфэрэндуму пра далучэньне краіны да Мытнага зьвязу ня будзе


Цэнтральная выбарчая камісія Малдовы адмовіла ініцыятыўнай групе, якая жадала правесьці рэфэрэндум у справе далучэньня краіны да Мытнага зьвязу Расеі, Беларусі і Казахстану.

З 232 тысяч подпісаў, сабраных за рэфэрэндум, 197 тысяч ЦВК прызнала несапраўднымі.

«Мы загадзя ведалі, што ЦВК адмовіць у правядзеньні рэфэрэндуму», — заявіў на пасяджэньні ЦВК старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Малдовы Віктар Шэлавае.

«Напярэдадні мы даведаліся, што ЦВК дасьць адмоўнае заключэньне на правядзеньне рэфэрэндуму, прызнаўшы для гэтага 37 000 з 232 000 подпісаў, прадстаўленых ініцыятыўнай групай, несапраўднымі», — сказаў лідэр СДПМ, якая была галоўным ініцыятарам правядзеньня рэфэрэндуму.

У сувязі з гэтым старшыня ЦВК Юрые Чокан заявіў, што камісія —інстытут нэўтральны.

«За 14 дзён, на працягу якіх мы спраўджвалі сапраўднасьць прадстаўленых ЦВК подпісаў, усе яе сябры кіраваліся прафэсійнымі стандартамі, а не палітычнымі», — сказаў Чокан.

Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы, якая зьбірала подпісы на карысьць рэфэрэндуму, не пагадзіліся з рашэньнем ЦВК. Яны назвалі такое рашэньне заказным і палітычным. Віктар Шэлавае заявіў, што ініцыятыўная група аспрэчыць рашэньне ЦВК у судзе, перадае Інтэрфакс.
XS
SM
MD
LG