Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі: «Пры сёньняшняй сыстэме ўсё стала як гарох аб сьценку»


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Палітоляг і журналіст Аляксандар Класкоўскі так пракамэнтаваў для «Свабоды» ўчорашнія выказваньні кіраўніка беларускай дзяржавы пра неабходнасьць супрацоўнікам пракуратуры рэагаваць на крытычныя выступленьні СМІ.

«За савецкім часам СМІ былі, вядома, ангажаваныя. Але быў адзін плюс. Тады была такая сыстэма, што ўсе інстанцыі павінны былі ў строга вызначаны тэрмін рэагаваць на публікацыі. І гэта часам давала плён. Напрыклад, газэта магла зьняць з пасады нейкага сакратара райкаму. Вышэй, вядома, не дазвалялася. Але нейкі эфэкт быў.

А за часам Лукашэнкі пры сёньняшняй сыстэме ўсё стала як гарох аб сьценку. І гэта менавіта самыя высокія асобы далі прыклад ня проста ігнараваньня, а такога пыхлівага стаўленьня да СМІ — маўляў, гэта таксама нейкая пятая калёна, дэструктыўны рупар і г.д. Таму няма чаму дзівіцца. Рыба гніе з галавы. І пракурорскія, і іншыя чыноўнікі прывыклі проста ігнараваць, а то яшчэ і „наяжджаць“ за крытычныя выступы.

Аднак часам бываюць такія сытуацыі, калі ўжо і першая асоба ў дзяржаве бачыць, што няма чым крыць. Дарэчы, гісторыя з „плюшавым дэсантам“ — адзін з такіх прыкладаў, калі высокія асобы маўчалі ў анучку, хоць былі відавочныя факты, што ўсё ня так і не адпавядае афіцыйнай трактоўцы. І калі казаць пра гэтую гісторыю, то быў разбор палётаў, аднак няма адказу на адно з вострых пытаньняў, якое ставіла незалежная прэса: а што будзе з фатографам Сурапіным, з рыэлтарам Башарымавым, якія, здаецца, проста „трапілі пад раздачу?“

Меней патрэбна агульных слоў, а трэба канкрэтна рэагаваць. Але ж гэтай канкрэтыкі не прагучала».
XS
SM
MD
LG