Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін заклікаў «не судзіць вельмі строга» ўдзельніц Pussy Riot


Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін заявіў, што ня бачыць нічога добрага ва ўчынку ўдзельніц групы Pussy Riot, але ў той жа час заклікаў не судзіць іх «так ужо строга».


«Я ня думаю, што іх трэба так ужо строга судзіць за гэта. Спадзяюся, што яны зробяць нейкія высновы самі», — сказаў Пуцін журналістам, заканчваючы свой візыт у Лёндан. Пуцін таксама заявіў, што спадзяецца на «правільнае» і «абгрунтаванае» рашэньне суду па гэтай справе.

3 жніўня ў судзе Масквы пяты дзень слуханьняў па справе Pussy Riot. Дзень чацьвёрты завяршыўся позна, у 21.20, паседжаньне 2 жніўня было багатым на падзеі.

Ужо ў пачатку слуханьняў была аб’яўлена больш чым гадзінная паўза. Ананімны тэлефонны званок аб закладзенай у Хамоўніцкім судзе бомбе вымусіў перапыніць пасяджэньне, сьпешна эвакуіраваць публіку і выклікаць сапёраў з кінолягамі. Выбуховае прыстасаваньне не было выяўлена.

Судзьдзі Марыне Сыровай у чарговы раз прад’явілі хадайніцтва аб адводзе, судзьдзя Сырова зноў прызнала, што ня бачыць ніякіх аб’ектыўных прычын для таго, каб пакінуць гэты працэс.

Працягнуўся допыт сьведак абвінавачваньня. Быў таксама дапытаны бацька адной з падсудных — Станіслаў Самуцэвіч. Ён заявіў, што лічыць неапраўданым абвінавачваньне ў тым, што яго дачка распальвала рэлігійную варожасьць. У іх сям’і, сказаў Станіслаў Самуцэвіч, паважліва ставяцца да праваслаўнай культуры, ходзяць у царкву, адзначаюць Каляды і Вялікдзень, у доме ёсьць абразы. А яго дачка Кацярына — хрышчоная.

У гэты ж дзень шматлікія вядомыя адвакаты выступілі ў падтрымку удзельніц панк-гурту Pussy Riot. Свой адкрыты ліст яны апублікавалі на сайце «Новай газэты»:

«Мы абавязаны давесьці да ведама грамадзкасьці наша перакананьне ў тым, што дзеяньне Надзеі Талаконьнікавай, Марыі Алёхінай і Кацярыны Самуцэвіч не зьяўляецца злачынствам — ні хуліганствам, ні чымсьці іншым. Прыцягненьне гэтых жанчын да крымінальнай адказнасьці супярэчыць расейскаму заканадаўству і зьяўляецца відавочнай юрыдычнай памылкай», — гаворыцца ў лісьце, подпісы пад якім паставілі 35 вядомых адвакатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG