Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: беларускія дзюдаісты і цяжкаатлеты маюць шанцы на алімпійскія мэдалі


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі 3 жніўня


НАДВОР'Е...


... +27 да +29°С. Пераменная воблачнасьць, без ападкаў.


У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:


У Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы (вул. Я. Купалы, 4) адбудзецца адкрыцьцё новай мультымэдыйнай экспазыцыі, прысьвечанай 130-годзьдзю з дня нараджэньня паэта. Пачатак а 17.00.

Працягваецца візыт дзяржсакратара ЗША Гіляры Клінтан у Афрыку.

Працягваецца Алімпіяда ў Лёндане. Беларусы маюць шанец узяць узнагароды ў дзюдо, цяжкай і лёгкай атлетыцы, скачках на батуце. Галоўная надзея — дзюдаіст Ігар Макараў



НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ:


У эфіры, а 18:30 — «Экспэртыза Свабоды» з Валерам Карбалевічам. Пойдзе гаворка пра адстаўкі ва ўрадавых колах Беларусі, зьвязаныя з «плюшавым дэсантам». Слухаць онлайн.

4 жніўня мінае год зь дня арышту праваабаронцы Алеся Бяляцкага. На сайце Радыё Свабода пачынаем публікацыю кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага». Гэтая кніга ня столькі пра крымінальную справу № 11081100188, паводле якой Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 года турмы, колькі пра справу ягонага жыцьця – абарону грамадзянскіх і культурных правоў чалавека. Цягам жніўня і верасьня штодня на нашым сайце публікуюцца разьдзелы новай кнігі з сэрыі "Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе".

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


3 жніўня 1492 году пачалася першая экспэдыцыя італьянскага мараплаўца Хрыстафора Калюмба. Апіраючыся на антычнае вучэньне аб шарападобнасьці Зямлі і недакладныя разьлікі вучоных XV стагодзьдзя, падарожнік разьлічваў адкрыць найкарацейшы марскі шлях з Эўропы ў Індыю. У выніку, аднак, дасягнуўшы востраву Сальвадор у Багамскім архіпэлягу, экспэдыцыя адкрыла Амэрыку.

3 жніўня 1933 году адбылося Кобрынскае сялянскае паўстаньне. Падбухтораныя кампартыяй Заходняй Беларусі супраць польскае ўлады сяляне Кобрынскага павету лікам 100 чалавек, узброіўшыся, разграмілі некалькі сядзібаў асаднікаў і цэлую ноч трымалі ў аблозе паліцэйскі пастарунак у вёсцы Навасёлкі. Назаўтра ўлады разагналі паўстанцаў. 30 чалавек атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня.

3 жніўня 1994 году Аляксандар Лукашэнка ўпершыню ў якасьці прэзыдэнта Беларусі наведаў расейскую сталіцу. Ад прыхільнасьці расейскага кіраўніцтва залежала будучыня ягонага прэзыдэнцтва. Лукашэнка хацеў захаваць эканамічныя льготы, якіх дамогся Вячаслаў Кебіч. Тагачасны расейскі прэм’ер Віктар Чарнамырдзін паабяцаў дапамагчы Беларусі “парадаю і грашыма”. “Яны гаварылі са мной, як з роўным. Я рады, што Расея зразумела і падтрымала мяне”, – узрушана дзяліўся Лукашэнка сваімі ўражаньнямі.

3 жніўня 2005 г. — Махмуд Ахмадзінежад ўступіў на пасаду прэзыдэнта, стаўшы першым недухоўным лідэрам Ірану за 24 гады


У гэты дзень нарадзіліся:


1923 году — менскі падпольшчык Мікола Кедышка. Ён нарадзіўся ў Менску, а ў часе вайны разам зь сябрамі стварыў падпольную групу “Андруша”. Яны рабілі дывэрсіі на гарадзкой электрастанцыі і хлебазаводзе. Загінуў Кедышка ў баі з гітлераўцамі, якія напалі на явачную кватэру. У Менску імем падпольшчыка названая вуліца.

У гэты дзень памерлі:


2008 годзе — расейскі пісьменьнік і дысыдэнт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Аляксандар Салжаніцын. Публікацыя ў 1973 годзе першага тому кнігі “Архіпелаг ГУЛаг” была ня толькі літаратурнай, але і палітычнай падзеяй – пасьля гэтага стала немагчымым казаць пра гуманнасьць камуністычнай ідэі; сотні тысяч людзей у Эўропе выйшлі з камуністычных арганізацый. У лютым 1974 году Салжаніцын быў высланы з СССР. Ён жыў у Швэйцарыі, потым у ЗША. У 1994 годзе вярнуўся ў Расею.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


«Такім чынам, цераз баязьлівасьць нашу хай кожны выбера: ці застаецца ён сьвядомым служкам хлусьні (о, натуральна, не дзеля схільнасьці, але для пракармленьня сям’і, для выхаваньня дзяцей у духу хлусьні!), ці прыйшла яму пара страпянуцца, стаць сумленным чалавекам, вартым павагі і дзяцей сваіх і сучасьнікаў».
Аляксандар Салжаніцын, «Жыць не па лжы»

ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ СВАБОДЫ:


XS
SM
MD
LG