Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 жніўня — Міжнародны дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі


4 жніўня ўпершыню будзе адзначацца Міжнародны дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі, абвешчаны шырокай кааліцыяй няўрадавых арганізацыяў з розных краін, якія ўваходзяць у «Камітэт міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі».

У гэты дзень год таму быў арыштаваны і неўзабаве асуджаны па 4,5 года беларускі праваабаронца, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі, пройдуць у гарадах Украіны, Польшчы, Літвы, Швэцыі.

Усе імпрэзы будуць праходзіць пад лёзунгам «Салідарнасьць мацнейшая за рэпрэсіі!»

Што дзе адбудзецца

Расея

Масква. У Цэнтры імя Сахарава пройдуць выстава, канфэрэнцыя і кінапаказ, прысьвечаныя сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

На круглым стале «Паралелі: чаму Расію можа навучыць вопыт Беларусі» экспэрты ў галіне паліталёгіі, правоў чалавека і міжнародных адносінаў абмяркуюць грамадзка-палітычную сытуацыю ў Расеі і Беларусі, іх паралелі і адрозьненьні.

У праграме таксама — выстава фатаграфіяў і паказ дакумэнтальных фільмаў.

Мурманск. 4 жніўня ў рамках акцыі салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі пакажуць фільм Кацярыны Кібальчыч «Беларуская мара». Пасьля кінапаказу — абмеркаваньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і Расеі.

Томск. 4 жніўня студэнцкі клюб Frontline у Томску арганізуе паказ фільму «Беларуская мара». Паказ прымеркаваны да гадавіны арышту беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.


Нямеччына


Бэрлін. На Парыскай плошчы каля Брандэнбурскай брамы 4 жніўня а 14-й гадзіне пачнецца акцыя салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі.


Швэцыя

4 жніўня ў Стакгольме Östgruppen ладзіць акцыю па зборы слоў падтрымкі і прывітаньняў Алесю Бяляцкаму і іншым беларускім палітвязьням. Акцыя пройдзе ў 17:00 у Espresso House Birger Jarlsgatan.

Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG