Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат ЗША зацьвердзіў законапраект пра новыя санкцыі супраць Ірану


Законапраект сярод іншага прадугледжвае ўвядзеньне новых санкцыяў супраць кампаніяў і асобаў, якія супрацоўнічаюць з ўладамі Ірану ў галіне здабычы ўрану, прадаюць Ірану, арандуюць ці прапануюць яму танкеры для перавозкі нафты.

Сэнат Кангрэсу ЗША ўхваліў чарговы пакет санкцыяў супраць Ірану пасьля таго, як яго прыняла Палата прадстаўнікоў.

Дакумэнт прадугледжвае санкцыі супраць усіх, хто супрацоўнічае з прадпрыемствамі паліўнага, нафтахімічнага або газавага сэктару Ірану альбо дапамагае нафтавай і газавай прамысловасьці краіны набываць тавары, паслугі і тэхналёгіі.

Дакумэнт таксама дазваляе ўводзіць санкцыі супраць асобаў і кампаніяў, якія аказваюць дапамогу Ірану ў набыцьці абсталяваньня для глушэньня радыё- і тэлесігналу, сродкаў сачэньня, а таксама экіпіроўкі і спэцсродкаў для разгону дэманстрацыяў.

Кангрэс ЗША ў пачатку года ўжо прымаў пакет санкцыяў у дачыненьні да Ірана. Парлямэнтарыі надзялілі адміністрацыю ЗША правам прымяняць дадатковыя аднабаковыя санкцыі да замежных фінансавых інстытутаў і кампаніям, якія заключаюць зьдзелкі з Іранам.

31 ліпеня ЗША чарговы раз пашырылі пералік санкцый у дачыненьні да іранскага энэргетычнага сэктара і фінансавых кампаній, якія праводзяць плацяжы ў адрас Ірана.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, пад санкцыі падпадаюць усе, хто прадастаўляе матэрыяльную падтрымку Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніі, кампаніі Naftiran Intertrade і Цэнтрабанка Ірана або купляе амэрыканскую валюту ці каштоўныя мэталі для ўраду Ірана.

ЗША і шэраг іншых краінаў Захаду падазраюць Іран у распрацоўцы ядзернай зброі пад прыкрыцьцём праграмы мірнага атаму. Тэгеран усе абвінавачваньні абвяргае, заяўляючы, што яго ядзерная праграма накіравана выключна на задавальненьне патрэбаў краіны ў электраэнэргіі, нагадвае расейскае інфармацыйнае агенцтва «Новости».
XS
SM
MD
LG