Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да замку Радзівілаў прымалявалі праваслаўныя крыжы


Фота Эўрарадыё
Фота Эўрарадыё

На банкноце наміналам 100 тысяч рублёў да радзівілаўскіх замкавых вежаў прымаляваныя праваслаўныя крыжы. Банкнота была ўведзеная ў абарачэньне сем гадоў таму— 15 ліпеня 2005 году.

Пра гэта паведамляе Эўрарадыё.

Аднак толькі днямі пільны cлухач Эўрарадыё зь Нясьвіжу заўважыў прымаляваныя праваслаўныя крыжы, хоць вядома, што сярод князёў Радзівілаў не было праваслаўных.

У арыгінале, на малюнку Напалеона Орды, зробленым 26 ліпеня 1876 году, добра бачныя радзівілаўскія арлы.

Паводле былога прэс-сакратара Нацбанку Анатоля Драздова, пра крыжы ў Нацбанку гаворка ніколі не заходзіла, на іх ніхто не зьвяртаў увагі. Ён упершыню даведаўся пра прымаляваныя праваслаўныя крыжы на купюрах. Нацбанк жа трымае ў таямніцы імёны мастакоў, якія працуюць над банкнотамі. Аднак любая купюра праходзіць шматступеневую сыстэму ўзгадненьняў.

Драздоў: «Любы ўзор новай банкноты зацьвярджае праўленьне Нацыянальнага банку. У Нацыянальным банку ёсць падразьдзяленьне, якое па заданьні кіраўніцтва банка працуе над банкнотай. Пасля таго, як зьяўляецца ўзор, малюнак — ён зацьвярджаецца кіраўніцтвам Нацбанку. Пасьля чаго старшыня праўленьня ставіць на гэтых узорах свой подпіс — і яны робяцца законным сродкам плацяжоў. Гэта калі каротка, насамрэч працэдура даўжэйшая».

Дзеля таго, каб выправіць недакладнасьці на купюры, прымаецца афіцыйнае рашэньне, пасьля чаго выпрацоўваецца новы дызайн. Гэтак, на купюры наміналам 50 тысяч рублёў паводле старых правілаў значылася «пяцьдзЕсят тысяч», але калі правілы зьмяніліся, на банкнотах выправілі на «пяцьдзЯсят». Паводле Драздова, выправіць купюру нескладана.

Першы намесьнік старшыні Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца: «Гэта барбарства, інакш гэта назваць нельга! Незалежна ад таго, пра што мы гаворым — пра грошы, пра карціну, пра копію карціны. Творы Напалеона Орды — гэта нацыянальная клясыка, і адвольна яе трактаваць ніхто ня мае права, а тым больш вульгарна трактаваць».
Творы Напалеона Орды — гэта нацыянальная клясыка, і адвольна яе трактаваць ніхто ня мае права.

Як ставіцца праваслаўная царква да таго, што на замку каталіцкіх князёў Радзівілаў намалявалі праваслаўныя крыжы? Айцец Сергій Лепін сказаў, што «паводле канонаў, крыжы не павінны выяўляцца на тых аб’ектах, якія не зьяўляюцца царквою». Айцец Сергій ня лічыць, што на гэтым малюнку мастак неяк зьняважыў рэлігійны сымбаль:

«Крыж выяўлены не на стайні ці нейкім непрыстойным месцы. Мы бачым, што ніякага кепскага жаданьня ў аўтара не было, не было жаданьня зрабіць крыўду праваслаўным. Магчыма, нехта западозрыць аўтара ў адваротным — што ён хацеў зрабіць крыўду каталікам. Але я ня думаю, што гэта так. Гэта проста, як кажуць, аўтар перастараўся».

Паводле айца Сергія, «выява ў такім выглядзе ня можа прэтэндаваць на гістарычную дакладнасць».

Калі будзе прынятае рашэньне выправіць хібу на купюры, то давядзецца зьмяняць і пярэдні бок, бо адкрыты пасьля рэстаўрацыі замак выглядае ўжо ня так.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG