Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Правілы грамадзкіх абмеркаваньняў мяняюць з-за супраціву жыхароў»


Грамадзкае абмеркаваньне ва Ўруччы.
Грамадзкае абмеркаваньне ва Ўруччы.

Улады прапануюць зьмяніць рэглямэнт правядзеньня публічных абмеркаваньняў горадабудаўнічых праектаў.

Старшыня камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Аляксандар Пятроў на прэсавай канфэрэнцыі 25 ліпеня прапанаваў перагледзець правілы, паводле якіх ладзяцца абмеркаваньні праектаў забудовы гораду з грамадзкасьцю.

«Любое грамадзкае абмеркаваньне павінна разглядаць адпаведнасьць ці неадпаведнасьць дадзенага праекту дзейным заканадаўчым актам, а эмацыйныя адносіны „хачу — не хачу“ павінны быць вынесеныя за рамкі абмеркаваньняў», — цытуе чыноўніка БелаПАН.

Яшчэ раней старшыня гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра падчас «прамой лініі» з жыхарамі вобласьці заявіў, што скасоўвае грамадзкія абмеркаваньні праблемы высечкі дрэваў у Горадні. «Слуханьні з прычыны таго, што іх пераўтвараюць у незразумелыя палітычныя супрацьстаяньні, вырашана больш не праводзіць», — паведаміла «Гродзенская праўда».

У актывісткі абароны менскага мікрараёну Ўручча-2 Валянціны Малюцінай няма сумневаў: такія выказваньні чыноўнікаў — гэта адказ на актыўнасьць жыхароў:
Хочуць так зрабіць, каб грамадзкая думка ні на што не ўплывала.

«Зьвязана гэта з тым, што яны сутыкнуліся з грамадзянскім супрацівам. Напрыклад, з нашым. І па горадзе ёсьць такія пункты, дзе людзі супраць. Улады хочуць зрабіць,каб было лягчэй прасоўваць свае пляны. Хочуць так зрабіць, каб грамадзкая думка ні на што не ўплывала. Нешта там прымуць, нешта там абмеркавалі — „улічыць“. А як улічыць? Канчатковае рашэньне будзе прымаць мясцовая ўлада. Я думаю, так гэта будзе зроблена».

Каб зьберагчы Ўручча ад ушчыльненьня, мясцовыя жыхары зьбіралі подпісы, пісалі лісты ў Адміністрацыю прэзыдэнта ды праводзілі паседжаньні. Актывісты нават усталявалі памятны знак Герою СССР генэралу Русіянаву ў сквэры, які высеклі пад дом для спэцназу.

Малюціна: «Яны нам кажуць, што 4000 подпісаў — гэта мала. Хоць зь іх боку ніякіх подпісаў „за будаўніцтва“ ніколі не было. Мы ім генплян, мы ім закон, мы ім вынікі нашага абмеркаваньня, пункты, артыкулы закону, кодэксу і іншыя дакумэнты — а яны нам усё адно: „Усё па законе“. Іншага ад іх мы ніколі ня чулі».

Грамадзкія абмеркаваньні архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасьці праводзяцца паводле Палажэньняў, прынятых Саветам міністраў. Юрыст і ўдзельнік экалягічнага таварыства «Зялёная сетка» Рыгор Фёдараў лічыць, што акурат у заканадаўстве хаваюцца галоўныя праблемы:
Грамадзкасьць не павінна працаваць у якасьці яшчэ аднаго кантрольнага органа.

«Прапановы грамадзкасьці адмятаюцца, калі яны не грунтуюцца на тым, што ў праекце ёсьць парушэньне заканадаўства. Прабачце, праект павінен пісацца такім чынам, каб там не было парушэньняў заканадаўства. Грамадзкасьць не павінна працаваць у якасьці яшчэ аднаго кантрольнага органа — пракуратуры альбо чагосьці яшчэ. Гэта ня справа грамадзкасьці — сачыць за памылкамі ў праекце. Я б прапанаваў хаця б дзьве самыя важныя рэчы. Па-першае, каб грамадзкасьць магла ўваходзіць у склад тых камісій, якія арганізоўваюць грамадзкія абмеркаваньні па пытаньні зносу зялёных насаджэньняў. Другое — каб грамадзкасьць змагла не вылоўліваць памылкі ў нарматыўных актах, а проста вылучаць свае прапановы».

Мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць, што часам абмеркаваньні сьвядома ператвараюць у прафанацыю, а на грамадзкіх актывістаў навешваюць ярлык шкоднікаў. Так прасьцей зрабіць выгляд, што ўлады раяцца зь людзьмі. Сваім бачаньнем, як варта ладзіць грамадзкія кансультацыі, Уладзімер Мацкевіч падзяліўся са «Свабодай»:

«Спробы захаваньня парку 40-годзьдзя Кастрычніка, Уручча, раней Севастопальскі парк, некаторыя гарадзенскія сытуацыі паказваюць, што наша грамадзянская супольнасьць гатовая да ўдзелу ў грамадзянскім кантролі за гэтымі вельмі істотнымі пытаньнямі. Неразуменьне тэхнічнага і працэдурнага боку арганізацыі грамадзянскіх кансультацыйных радаў, нявызначанасьць паўнамоцтваў і няўважлівае стаўленьне большасьці грамадзянскіх актывістаў да гэтых працэдурных пытаньняў і не дае магчымасьці запусьціць гэта ў практыку. Хоць шмат якія чыньнікі ўжо сёньня існуюць, каб зрабіць гэта нармальна і правільна. Тут патрэбныя кансультацыі з боку спэцыялістаў ужо не ў архітэктуры, а ў правядзеньні слуханьняў: гуманітарных тэхнолягаў, канфліктолягаў»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG