Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: другая скарга на кандыдата ад улады


Ганна Канюс

Ганна Канюс

Патэнцыйны кандыдат у дэпутаты, кіраўніца Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі БСДП(Г) Ганна Канюс накіравала скаргу ў акруговую камісію на выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу прэтэндэнтам на дэпутацтва ад улады Віктарам Валюшыцкім.

У скарзе Ганна Канюс паведамляе: ад сябраў ініцыятыўнай групы ёй стала вядома, што ў пэрыяд з 15 да 18 ліпеня дырэктар Берасьцейскага ЦУМа Віктар Валюшыцкі арганізаваў у службовым памяшканьні гэтага супэрмаркету сход. На гэты сход ён запрасіў «старэйшых» дамоў Рэчыцкага мікрараёну Берасьця.

Падчас сходу, паведамляе ў скарзе Ганна Канюс, дырэктар ЦУМу «абвясьціў, што ён абавязкова стане дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Акрамя таго, „старэйшым“ дамоў неабходна ўсяляк садзейнічаць кампаніі зьбіраньня подпісаў выбарцаў — жыхароў мікрараёну для вылучэньня яго кандыдатам у дэпутаты. Яўку на гэты сход „старэйшых“ па дамах забясьпечвалі працаўнікі ЖЭСаў Ленінскага раёну Берасьця».

Да скаргі ў акруговую камісію Ганна Канюс прыклала і кантакты аднаго з удзельнікаў сходу, які і паведаміў сябрам яе ініцыятыўнай групы пра гэтае мерапрыемства.

Ганна Канюс просіць старшыню акруговай камісіі правесьці праверку гэтага факту і «ўлічыць гэта падчас вырашэньня пытаньня аб рэгістрацыі Віктара Валюшыцкага з-за надзвычай грубага парушэньня выбарчага заканадаўства».
Проста ня ўкладваецца ў галаве, як пасьля гэтага можна быць кандыдатам або дэпутатам.

«Свабодзе» Ганна Канюс выказала сумнеў, што дырэктара ЦУМа неяк пакараюць:

«Такія дзеяньні чалавека, які зьбірае подпісы, яўна парушаюць выбарчы кодэкс. Проста ня ўкладваецца ў галаве, як пасьля гэтага можна быць кандыдатам або дэпутатам… А наконт скарыстаньня Валюшыцкім свайго службовага становішча трэба сказаць, што падобныя факты распаўсюджаныя ў нашай дзяржаве. Паказваецца, што гэты чалавек ідзе ад улады, што ўлада падтрымлівае гэта і закрывае вочы на гэта. Шанцаў, што яго здымуць зь перадвыбарчай гонкі, вельмі мала…»

Гэта ўжо другая скарга на старшыню Ленінскай раённай арганізацыі «Белай Русі», дырэктара ЦУМа Віктара Валюшыцкага ад дэмакратычных прэтэндэнтаў. Раней скаргу ў пракуратуру на выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу спадаром Валюшыцкім накіраваў Аляксандар Мельнік, які таксама вылучаецца ў дэпутаты парлямэнту па гэтай жа Заходняй выбарчай акрузе № 1.
XS
SM
MD
LG