Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнены рабочы адсудзіў кампэнсацыю ў «Граніту»


Мікалай Карышаў

Мікалай Карышаў

Мікашэвіцкае прадпрыемства «Граніт» абавязана сплаціць грашовую кампэнсацыю звольненаму намесьніку кіраўніка суполкі незалежнага прафсаюзу Мікалаю Карышаву.

Такое рашэньне прыняў Лунінецкі суд.

Судзьдзя Міхаіл Дзенісовіч задаволіў пазоў Мікалая Карышава да «Граніту» і пастанавіў выплаціць былому працаўніку 1 мільён 722 тысячы 980 рублёў.

Звольнены актывіст дабіваўся кампэнсацыі за затрымку на 33 дні выплаты канчатковага разьліку. Працоўны ж кодэкс абавязвае наймальніка разьлічваць работніка ў дзень звальненьня.

Мікалай Карышаў кажа, што задаволены. Гэта першая перамога звольненых «гранітаўцаў» у судзе:

«У судзе я прадставіў усе доказы, што ў мяне ёсьць — выпіску з рахунку, калі мне апошні раз налічвалі грошы. А адказчык блытаўся ў сваіх паказаньнях, не прадставіў ніякіх папер, хацеў вусна патлумачыць. Можа, яны што і хацелі перакруціць, але бачна, што ў іх нічога не атрымалася. Відаць, такім чынам адкрыта цераз закон пераступаць не захацелі. Таму гэта можна лічыць нашай першай перамогай».

Напрыканцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясьцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполку Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу адчулі ціск на сябе з боку адміністрацыі.

З прадпрыемства звольненыя актывісты БНП Алег Стахаевіч, Мікалай Карышаў, Генадзь Паўлоўскі, Людміла Літвінка, Віталь Пашэчка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG