Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Сурапін: Сын паказаў «дзіркі», не патраціўшы ні капейкі бюджэтных сродкаў


Андрэй Сурапін, бацька Антона Сурапіна

Андрэй Сурапін, бацька Антона Сурапіна

Кадравы ператрус, учынены Аляксандрам Лукашэнкам у памежным і абаронным ведамствах, пакуль не адбіўся на лёсе затрыманых паводле абвінавачаньня ў «спрыяньні незаконнаму перасячэньню мяжы групай асобаў» студэнта БДУ Антона Сурапіна і рыэлтара Сяргея Башарымава.

Андрэй Сурапін, бацька Антона, усё ж спадзяецца, што прызнаньне факту парушэньня паветранай прасторы швэдзкім лёгкаматорным самалётам 4 ліпеня прысьпешыць вызваленьне падазраваных:

«Найперш, ужо добра, што ў справе Антона хоць нешта скранулася зь месца, гэта ўжо крыху радуе. Таму спадзяюся, што для яго павінна ўсё ж нешта павярнуцца ў лепшы бок — раз афіцыйна прызналі факт перасячэньня мяжы. Прынамсі, калі там адэкватныя людзі, то яны павінны выпусьціць яго, таму што чалавек паказаў ім рэальныя дзіркі ў паветранай прасторы, не патраціўшы ніводнай капейкі бюджэтных сродкаў. Паказаў, вядома, ускосна, бо ён жа ня ведаў, што гэты самалёт нелегальна лётае над Беларусьсю, проста апублікаваў на сваім сайце фатаздымкі. І толькі пасьля, праз гэтыя фатаграфіі, раскрылася, што той самалёт у нас тут быў незаконна. Нават чалавек, які рабіў гэтыя здымкі, як разважае? Калі самалёт лётае над галавой і нешта раскідвае, значыць, яго нехта сюды ўпусьціў. Хто мог ведаць, што гэта ня так і што захочуць некага пакараць за выкладзеныя здымкі? У гэтай палітыцы я ўжо не разьбіраюся...»

4 ліпеня празь беларуска-літоўскую мяжу праляцеў, а потым вярнуўся назад лёгкаматорны швэдзкі самалёт. Над Івянцом і ўскраінай Менску экіпаж скінуў 800 плюшавых мядзьведзікаў з улёткамі ў падтрымку свабоды слова ў Беларусі. Афіцыйны Менск цягам трох тыдняў не прызнаваў факт палёту. Тым часам былі затрыманыя Антон Сурапін, які выклаў у інтэрнэце фота плюшавых мядзьведзікаў, а таксама рыэлтар Сяргей Башарымаў, які ў Менску здаваў швэдам кватэру.

Толькі на адмысловай нарадзе 26 ліпеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў, што факт парушэньня паветранай мяжы сапраўды меў месца. Лукашэнка паабяцаў зрабіць аргвысновы да канца месяца. 31 ліпеня з фармулёўкай — за «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь» былі вызваленыя ад пасадаў старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту генэрал-маёр Ігар Рачкоўскі і камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Ўзброеных сіл генэрал-маёр Дзьмітрый Пахмелкін.

Аб няпоўнай службовай адпаведнасьці папярэджаныя міністар абароны генэрал-лейтэнант Юрый Жадобін і начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл — першы намесьнік міністра абароны генэрал-маёр Пётар Ціханоўскі.

Акрамя таго, абвешчаныя вымовы дзяржаўнаму сакратару Савету бясьпекі Беларусі генэрал-палкоўніку Леаніду Мальцаву і старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі генерал-лейтэнанту Вадзіму Зайцаву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG