Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкорд Фэлпса – 19 алімпійскіх мэдалёў


Майкл Фэлпс

Майкл Фэлпс

Плывун Майкл Фэлпс (ЗША) усталяваў рэкорд у колькасьці алімпійскіх мэдалёў – 19, пераўзышоўшы савецкую гімнастку Ларысу Латыніну, у якой такіх узнагарод было 18.

Яшчэ на мінулай Алімпіядзе ў Пэкіне Фэлпс параўнаўся з савецкім гімнастам Аляксандрам Дзіцяціным, які на Алімпіядзе ў Маскве заваяваў восем залатых мэдалёў. Пры гэтым у тым жа Пэкіне Фэлпс пабіў рэкорд Латынінай у агульнай колькасьці залатых мэдалёў – пятнаццаць.

Мала хто сумняваўся, што на Алімпіядзе ў Лёндане ён паб’е рэкорд савецкай гімнасткі ў агульнай колькасьці алімпійскіх мэдалёў. Пытаньне было толькі ў тым, наколькі эфэктыўна гэта будзе. Скажам, ён мог заваяваць бронзавыя мэдалі – і гэтага было б дастаткова. Але нашмат прыгажэй выглядала б пабіцьцё рэкорду – золатам. Фэлпс зраўняўся з Латынінай срэбным мэдалём, а пабіў рэкорд – золатам, у эстафэце 4 па 200 мэтраў вольным стылем.

Ларыса Латыніна была легендай савецкага спорту – у 1960-ыя гады яе імя было сымбалем дасягненьняў савецкай моладзі нароўні з касманаўтам Юрыем Гагарыным і ткачыхай Валянцінай Гаганавай. Яна нарадзілася ў Херсоне (Украіна). Да 12 гадоў яна займалася ў балетнай студыі, а калі студыю зачынілі, пайшла ў гімнастыку. Зрэшты, заняткі танцамі не прайшлі дарэмна – у Латынінай быў уласьцівы толькі ёй клясычны стыль. Латыніна заваёўвала мэдалі на трох Алімпіядах: у Мэльбурне (1956), Рыме (1960) і Токіё (1964).
На гэты момант паказчыкі двух спартоўцаў, якія ўвайшлі ў гісторыю алімпійскіх гульныў, выглядаюць наступным чынам:

Ларыса Латыніна: 9 залатых, 5 срэбных і 4 бронзавыя алімпійскія мэдалі.

Майкл Фэлпс: 15 залатых, 2 срэбных і 2 бронзавыя мэдалі.

Рэкорд савецкай гімнасткі пратрымаўся паўстагодзьдзя. Колькі наканавана рэкорду амэрыканскага спартоўца?
XS
SM
MD
LG