Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня на Алімпійскіх гульнях — момант ісьціны для футбольнай зборнай Беларусі.

Пасьля леташняга трыюмфальнага выступу на эўрапейскім моладзевым першынстве выхаванцы Георгія Кандрацьева маюць рэальны шанец зьдзейсьніць яшчэ адзін спартовы цуд, пераадолеўшы групавую стадыю алімпійскага турніру. Але дзеля гэтага неабходна як мінімум утрымаць нічыю ў матчы з камандай Эгіпту.

Зрэшты, яшчэ перад ад’ездам у Лёндан галоўны трэнэр беларускай алімпійкі акрэсьліў перад футбалістамі задачу-мінімум — выхад у плэй-оф спаборніцтваў. Палова справы ўжо зробленая — дэбютная перамога над камандай Новай Зэляндыі дала добрыя шанцы на працяг турніру. Гаворыць Георгій Кандрацьеў:

«У любой, нават таварыскай гульні сапраўдны спартовец павінен імкнуцца толькі да перамогі. Для мяне вельмі важныя маральна-валявыя якасьці футбалістаў. Таму што, будзем аб’ектыўнымі, паводле ўзроўню майстэрства мы нікога не пераўзыходзім. І тут, на Алімпіядзе, дзе гульні праз два дні на трэці, якраз вельмі вялікае значэньне маюць маральна-валявыя якасьці. Калі спартовец можа пераадолець сябе ў экстрэмальных умовах, значыць, я і надалей буду рабіць стаўку менавіта на такіх людзей».

Каб трапіць у васьмёрку мацнейшых, беларусам важна не прайграць у сёньняшнім матчы зборнай Эгіпту. Напярэдадні эгіпцяне спрасьцілі задачу выхаванцам Георгія Кандрацьева, згуляўшы ўнічыю з новазэляндцамі. Дагэтуль сёньняшнія спаборнікі саступілі бразыльцам, якія загадзя забясьпечылі сабе пуцёўку ў наступную фазу спаборніцтваў. Пры ўдалым выніку паядынку каманду Беларусі ў чвэрцьфінале можа чакаць ці Японія, ці Гандурас.

Падчас апошняй прэсавай канфэрэнцыі перад адлётам у Лёндан Георгій Кандрацьеў прызнаўся, што мае прыблізна такое ж добрае адчуваньне, як і перад чэмпіянатам Эўропы, дзе ягоныя выхаванцы занялі трэцяе месца, атрымаўшы пуцёўку ў Лёндан. Гэта значыць, што прынамсі ў пераадоленьне групавога турніру на Алімпіядзе Кандрацьеў верыць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG