Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Румас звольнены з пасады віцэ-прэм’ера


Сяргей Румас

Сяргей Румас

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасады намесьніка прэм’ер-міністра Сяргея Румаса.

Ён прызначаны старшынём праўленьня ААТ «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь», сказана ў паведамленьні прэс-службы прэзыдэнта.

Былы кіраўнік Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч выказаў шкадаваньне, што Румаса прыбралі з ураду. Ён лічыць, што такая кадравая замена нераўназначная, таму што банк — гэта адзін з многіх банкаў:

«Гэта антырынкавы крок. Гэта адзіны чалавек, які дазволіў сабе публічна заяўляць пра неабходнасьць правядзеньня рынкавых пераўтварэньняў. Ва ўрадзе ён уносіў нейкае ажыўленьне, у гэтым застоі. Таму гэтая замена зьвязаная з тым, каб паказаць, каб ніхто ня рыпаўся. І каб захоўвалася адміністратыўна-камандная мадэль».


Былы прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір пракамэнтаваў адстаўку намесьніка прэм’ер-міністра Сяргея Румаса:

«Нічога значнага не адбудзецца. У Румаса была адна якасьць — ён мог казаць тое, што ён думае. Але ж думаў ня вельмі карысна для эканомікі. Было многа праблем у банку, у якім ён працаваў. Стаў віцэ-прэм’ерам таксама — ну што ён, ня ведае, чаму няма інвэстыцый, чаму плян па інвэстыцыях не выконваецца? Ведае, я думаю. Ці ня ведае? Нічога значнага ў нашай краіне ня здарылася».


Эканаміст, кіраўнікі аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка наконт адстаўнік віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса выказаў такое меркаваньне:
Аўтарытэт ягоны рос, і гэта наводзіць на думку, што ён мог бы стаць і палітыкам эфэктыўным. Таму яго адсунулі на другі плян.

«Сяргей Мікалаевіч уразіў як адзін з найлепшых выпускнікоў Яраслаўскай фінансавай акадэміі, як граматны эканаміст, адразу паказаў, чаго вартыя ўсе астатнія. Аляксандар Рыгоравіч вызначыў яго як рыначніка № 1. Аўтарытэт ягоны рос, і гэта наводзіць на думку, што ён мог бы стаць і палітыкам эфэктыўным. Таму яго адсунулі на другі плян».

Карэспандэнтка: «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь — гэта ўплывовая, сур’ёзная структура?»

«Ды не! Гэта як накіраваньне Жукава ўзначальваць Адэскую ваенную акругу. Яго проста адсунулі. Лукашэнка любіць так рабіць: адсунуць, а потым назіраць, як чалавек будзе сябе паводзіць».


Эканаміст Леанід Злотнікаў: «Ён быў „белай варонай“ і ня ўпісваўся ў агульную стратэгію. А агульная стратэгія — гэта, як напісаў доктар эканамічных навук Байнёў, гэта не нябачная рука рынку павінна кіраваць эканомікай, а бачная рука дзяржавы. Пакуль рыначнікі ў гэтай краіне не запатрабаваныя. Там, „у вярхах“, вяртаюцца да сацыялізму. І такія, як Румас, ня вельмі патрэбныя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG