Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рачкоўскі страціў пасаду, Мальцаў утрымаўся


Ігар Рачкоўскі

Ігар Рачкоўскі

Старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту генэрал-маёр Ігар Рачкоўскі і камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Ўзброеных сіл генэрал-маёр Дзьмітрый Пахмелкін вызваленыя ад займаных пасадаў за неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь.

Такое рашэньне прыняў кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэзыдэнцкай прэс-службе.

Ігар Рачкоўскі будзе залічаны ў распараджэньне Дзяржаўнага памежнага камітэту, Дзьмітрый Пахмелкін — у распараджэньне міністра абароны.

Аб няпоўнай службовай адпаведнасьці папярэджаныя міністар абароны генэрал-лейтэнант Юрый Жадобін і начальнік генэральнага штабу ўзброеных сіл — першы намесьнік міністра абароны генэрал-маёр Пётар Ціханоўскі.

Акрамя таго, абвешчаныя вымовы дзяржаўнаму сакратару Савету бясьпекі Беларусі генэрал-палкоўніку Леаніду Мальцаву і старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі генерал-лейтэнанту Вадзіму Зайцаву.


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка абяцаў 30 ліпеня пакараць вінаватых і прыняць кадравыя рашэньні ў сувязі зь незаконным уварваньнем 4 ліпеня ў паветраную прастору краіны замежнага лёгкаматорнага самалёта з так званым «мядзьведжым дэсантам». Аднак рашэньні зьявіліся толькі 31 ліпеня.

26 ліпеня на нарадзе аб стане працы па прывядзеньні Ўзброеных сіл і Дзяржаўнага памежнага камітэту ў адпаведнасьць з сучаснымі патрабаваньнямі Лукашэнка пацьвердзіў факт незаконнага ўварваньня 4 ліпеня ў паветраную прастору краіны замежнага лёгкаматорнага самалёта, заявіўшы, што службовыя асобы, якія не спынілі дадзеную акцыю, павінны панесьці пакараньне.

«Як растлумачыць правакацыю зь лёгкаматорным самалётам, які ня толькі перасек мяжу, але і беспакарана ўварваўся на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь? Бо гэта ў першую чаргу бясьпека нашых грамадзян», — заявіў Лукашэнка. Больш за тое, адзначыў кіраўнік краіны, «гэты самалёт быў своечасова выяўлены, але чаму начальнікі не спынілі гэты палёт?»

«Каго шкадавалі? Гэта галавацяпства канкрэтных выканаўцаў ці памылка ў сыстэме аховы дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы?»

«Пры гэтым я хацеў бы шчыра і адкрыта сказаць, хто цікавіцца гэтым пытаньнем і прысутным тут: мужыкі, мы ўсе людзі дарослыя, вінаватыя за гэта павінны адказваць. З прыняцьцем рашэньняў я не сьпяшаўся па вашай просьбе. Вы хацелі гэты выпадак расьсьледаваць дасканала. На сёньняшні дзень, як я бачу, ён расьсьледаваны дасканала, і вінаватыя за гэта павінны панесьці адказнасьць. Максымум у панядзелак мною рашэньне будзе прынята, у тым ліку і кадравыя рашэньні. Вынікам комплексу мер павінна стаць пасьлядоўнае ўмацаваньне сыстэмы нацыянальнай бясьпекі і забесьпячэньне адэкватнага апэратыўнага рэагаваньня на любыя выклікі і пагрозы, адкуль бы яны ні паходзілі», — падкрэсьліў Лукашэнка.

16 ліпеня, праз 12 дзён пасьля швэдзкага «мядзьведжага дэсанту», Лукашэнка ўзнагародзіў 44 камандзіраў войскаў супрацьпаветранай абароны, якія, паводле ягонага ўказу, «узорна выконваюць свае службовыя абавязкі».


Аляксандар Класкоўскі: Сыстэма наскрозь хлусьлівая


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі бачыць палітычныя падставы ў кадравых рашэньнях у сувязі зь мядзьведжым дэсантам:

«Лукашэнка мусіць пацьвярджаць свой імідж суровага кіраўніка, суровага цара, які „сячэ“ галовы нядбайным баярам. А па-другое, трэба і перад Масквой паказаць, што вось паляцелі галовы. То бок тут ня скрозь пальцы паглядзелі на гэты правал, бо гэта вялікі правал у вачох Крамля, бо гаворка ідзе пра супольную СПА. Аднак застаецца пытаньне, ці галоўныя гэта вінаватыя, бо ў памежнікаў першая задача — не на неба глядзець. І над гэтымі генэраламі ёсьць яшчэ вышэйшыя начальнікі. Тут выглядае, што проста быў канцэптуальны правал. Тут пытаньне, ці на тым, ці на належным узроўні зробленыя вось гэтыя кадравыя высновы. І другі момант — ці дапаможа гэта. Бо прыйдуць на зьмену іншыя генэралы, але ж яны трапяць у тую самую сыстэму. А сыстэма, як мы ўбачылі за гэтыя тры тыдні, наскрозь хлусьлівая».


Мечыслаў Грыб: «Гэта, мне здаецца, яшчэ ня ўсе пакараньні»


Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб

«Я лічу, што гэта вельмі сур’ёзнае пакараньне для такіх высокапастаўленых службоўцаў. Я дакладна ня ведаю, ці яны маглі „высьвеціць“ гэты самалёт, ці не маглі, ці гэта было ў магчымасьцях іхніх службаў. Але гэта ж рабілі не кіраўнікі ўстаноў, ведамстваў. Можа, нехта неахайна паставіўся да выкананьня сваіх службовых абавязкаў, можа, задрамаў, можа, праспаў, можа, не зьвярнуў увагі. А адказваць давялося на такім высокім узроўні. Гэта, мне здаецца, яшчэ ня ўсе пакараньні. Гэта ён пакараў самых высокіх кіраўнікоў установаў. Пакараньне вельмі суровае».

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін: Мальцаў павінен несьці поўную адказнасьць


Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«У абвязкі Памежнага камітэту не ўваходзіць назіраньне за паветранымі цэлямі. Тут пралік вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва краіны, пралік Савету бясьпекі. Вось спадар Мальцаў — ён вайсковы тэарэтык нашай краіны, і па ягоных кальках праводзілася і ваенная рэформа, і будаўніцтва Ўзброеных сіл, — вось ён павінен несьці поўную адказнасьць». Чытаць далей


Шарамет: Тое што звольнены Рачкоўскі — гэта насамрэч сэнсацыя


Павал Шарамет

Павал Шарамет

Тое, што звольнены з пасады камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Ўзброеных сіл генэрал-маёр Дзьмітрый Пахмелкін — няма нічога дзіўнага, лічыць маскоўскі журналіст Павал Шарамет:

«Яго трэба было звольніць на наступны дзень пасьля мядзьведжага дэсанту. Тое, што звольнены Рачкоўскі, — гэта насамрэч сэнсацыя, бо Рачкоўскі вельмі блізкі сябар Віктара Лукашэнкі і гэта адзіны чалавек, якому дазваляецца на сьвятах танцаваць разам з жонкай Віктара Лукашэнкі. Таму я вельмі зьдзіўлены звальненьнем Рачкоўскага. Але ён усплыве на іншай, ня менш хлебнай і важнай пасадзе».
XS
SM
MD
LG