Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве прайшоў відэамост з краінамі СНД, прысьвечаны суіцыду. Партнэры па Эўразійскім зьвязе — Казахстан, Беларусь і Расея — сярод лідэраў па колькасьці самагубстваў.

Высьветлілася, што, напрыклад, у Армэніі практычна няма самазабойцаў. У гэтай краіне штогод зводзяць рахункі з жыцьцём толькі два чалавекі на 100 тысяч насельніцтва. Для параўнаньня: у Казахстане на 100 тысяч штогод прыпадае прыкладна 30 суіцыдаў, у Беларусі — 26,1, у Расеі — 21,6. Далей ідуць Украіна (20) і Малдова (17).

Удзельнікі відэамоста зь Ерэвану паспрабавалі патлумачыць, чаму ў Армэніі так мала самазабойцаў. «Самагубствы як зьява даўно вывучаны і залежаць ад цэлага шэрагу фактараў — ад клімату, нацыянальнасьці, рэлігіі, але галоўнае — ад сацыяльна-эканамічных паказчыкаў. У Армэніі гістарычна заўсёды было вельмі мала самагубстваў, што зьвязана з высокім узроўнем інтэграцыі армянскага грамадзтва — кожны армянін ведае, што навакольныя ня кінуць яго ў бядзе, сваякі і сябры заўсёды дапамогуць», — распавёў дырэктар Інстытуту філязофіі, сацыялёгіі і права НАН Армэніі Геворг Пагасян .

Спэцыялісты, аднак, адзначаюць, што ў сьвеце існуе нямала салідарных грамадзтваў з высокім узроўнем суіцыдаў. «Гэтак жа лёгка было б растлумачыць нізкі ўзровень суіцыдаў у агульным высокай рэлігійнасьцю армянскага грамадзтва, а хрысьціянства рэзка нэгатыўна ставіцца да самагубцаў. Але вось перад намі прыклад Расеі, у якой расьце ўзровень рэлігійнасьці — і паралельна яму вырастае і колькасьць суіцыдаў,» — адзначае Анатоль Баранаў, галоўны рэдактар ФОРУМа.мск.

Не пацьвярджаецца лічбамі і меркаваньне наконт сувязі суіцыдаў са ступеньню дабрабыту. Так, у пасьпяховай Японіі колькасьць суіцыдаў на душу насельніцтва большая, чым у Расеі, а ў Фінляндыі толькі трохі менш. Сусьветным ж лідэрам па суіцыду зьяўляецца Літва, а на другім месцы — Паўднёвая Карэя, даволі пасьпяховыя ў пляне дабрабыту краіны. А самымі нясхільнымі да суіцыду аказваюцца Гаіці, Гандурас, Ямайка, Сырыя і Іран. А, напрыклад, Беларусь па ліку суіцыдаў абганяе сваіх калег па Эўразійскаму зьвязу — Расею і Казахстан.



Аналізуючы лічбы 2010 і 2011 гадоў, дырэктар беларускага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя Сяргей Ігумнаў, адзначыў, што паказчык суіцыдаў зьменшыўся летась з 28,4 да 26,1 на 100 тысяч насельніцтва. «Безумоўна, гэта трагічныя лічбы, але раней у Беларусі былі гады, калі колькасьць суіцыдаў у абсалютных лічбах дасягала 3,5 тысячы чалавек», — заявіў ён, адзначыўшы, што славянскія краіны былога СССР — Расея, Беларусь і Ўкраіна — застаюцца ў ліку сусьветных лідэраў па суіцыдальных паводзінах. Паводле разьлікаў Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, дзяржава адносіцца да краін з высокім узроўнем суіцыдаў, калі гэты паказчык вышэйшы за 20 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG