Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі ня хочуць гаварыць пра выбары...»


Некаторыя прадстаўнікі апазыцыі, якія вылучаюцца кандыдатамі ў дэпутаты, скардзяцца, што чыноўнікі мясцовай улады сталі часьцей чыніць перашкоды як у арганізацыі пікетаў, так і ў зборы подпісаў.

У Слоніме старшыня акруговай камісіі выехала правяраць працу ініцыятыўнай групы кіраўніка раённай арганізацыі БНФ Івана Шэгі.

Іван Шэга распавядае, што ягоная ініцыятыўная група зьбірае подпісы даволі актыўна: ладзяцца пікеты, шмат людзей падыходзіць, ставяць подпісы, цікавяцца палітычнай і эканамічнай сытуацыяй у краіне. Магчыма, такая актыўнасьць шараговых выбарцаў і прыцягнула ўвагу акруговай камісіі.

Паводле Шэгі, днямі адміністратар мясцовага рынку заявіў, што пікет перашкаджае паркоўцы машын, і выклікаў ДАІ, а за імі ўсьлед прыехала старшыня акруговай камісіі.

Шэга: «Ну, і пачалі правяраць. Прычапіліся, што на падпісным лісьце не запоўненыя мае дадзеныя, забралі ўлётку, якую мы раздавалі пра Партыю БНФ. Я патлумачыў, што я кіраўнік раённае арганізацыі БНФ. Здаецца, усё абышлося, але ўчора мяне выклікалі ў акруговую камісію. Як высьвятляецца, нібыта маюць намер абвясьціць папярэджаньне...»

Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Зьміцер Бандарчук распавядае, што подпісы ў Горадні зьбіраюцца нялёгка — з прычыны сьпёкі і таму, што зараз сэзон адпачынкаў, — але асаблівых перашкодаў пакуль ініцыятыўная група не сустракала. Праўда, у некаторых дамах людзі зусім адмаўляліся ставіць подпісы.

Бандарчук: «Яны нават з намі нічога не абмяркоўвалі, нічога не казалі, а проста адмаўляліся. Потым мы даведваліся, што гэта дамы, дзе жывуць бюджэтнікі: лекары, міліцыянты, памежнікі. Такія вось ёсьць дамы».

Пра выбары ў раёнках ня пішуць


У раённых цэнтрах многія месьцічы пра выбары нічога ня чулі. Як правіла, раённыя газэты пра гэта ня пішуць, і на сайтах райвыканкамаў інфармацыі пра выбары таксама няма.

Назіральнік за выбарамі зь Ліды Леанід Анацка: «Зараз такая страшная сьпёка стаіць, што людзі пра выбары наагул нічога ня кажуць. Так што ўсё ідзе ціха і спакойна. Адзінае, ад уладаў вылучылі лекара, то распавядаюць, што людзі за яго ня хочуць подпісы ставіць — маўляў, няхай людзей лепш лечыць».

Назіральнік за выбарамі ў Вялікай Бераставіцы Алег Рамашкевіч кажа, што ў іх зьбіраюць подпісы толькі за аднаго праўладнага прэтэндэнта, але людзей гэта зусім не цікавіць.

Рамашкевіч: «Людзі наагул некаторыя зьдзіўляюцца, што нехта подпісы зьбірае, глядзяць на мяне дзіўнымі вачыма і кажуць, што першы раз пра гэта чуюць. Наагул, ня хочуць гаварыць пра выбары, пакуль спэцыяльна за язык ня выцягнеш».


У адрозьненьне ад пікету Міколы Чарнавуса, якога спрабавалі прагнаць з баранавіцкага рынку, берасьцейскія пікеты за прадстаўнікоў БСДП(Г) і кампаніі «Гавары праўду» Ігара Маслоўскага і Ганну Канюс працуюць без эксцэсаў.

Часам тут адбываюцца дыскусіі, часам людзі падыходзяць да кандыдатаў, каб распавесьці пра свае праблемы:

Спадарыня: «Няма транспарту ніякага, і вось мы ідзем пешшу. Але і гэта яшчэ ня ўсё. Нашая вуліца Дварцовая, на якой няма тратуараў... Гэта жахліва! Да сьлёз даходзіць...»

Зрэдку здараецца, што берасьцейцы сталейшага веку паводзяць сябе правакацыйна:

Пэнсіянэр: «Буду зараз галасаваць толькі за камуністаў! А вы мяне тут яшчэ прымушаеце падпісацца...»

Маслоўскі: «Мы вас просім...»

Пэнсіянэр: «...А то я вас падпішу!.. Знайду табе дарогу...»

Аднак большасьць тых, хто падпісваецца за незалежных кандыдатаў, кажуць, што на выбары маюць мала спадзяваньняў:


«Выбары — гэта пэўная працэдура, на яе затрачваюцца грошы, трэба хадзіць. Другое пытаньне — што ад твайго голасу нічога не мяняецца...»
Людзі ня ведаюць сёньняшніх дэпутатаў.

Патэнцыйны кандыдат Ігар Маслоўскі кажа, што ў адрозьненьне ад зьбіраньня подпісаў па кватэрах пікет выглядае як добрая рэкляма кандыдатам:

«Людзі ня ведаюць сёньняшніх дэпутатаў. Бо колькі людзей падыходзілі і кажуць, што нікога ня ведаюць, нікога ня бачылі. Вось, маўляў, вы тут стаіце, хаця б вас можна пабачыць...»

Андрэй Дзьмітрыеў: «Чаму я супраць байкоту?»


На пікеце Ігара Маслоўскага і Ганны Канюс прысутнічаў намесьнік кіраўніка кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў. Ён застаўся задаволены тым, як людзі рэагавалі на збор подпісаў:

«Калі мы размаўляем зь людзьмі, уцягваем іх у размову, то, безумоўна, са складанасьцямі, але нешта ўсё роўна атрымліваецца. Менавіта таму я супраць байкоту».

Пікет пад сьцягам «Гавары праўду» стаяў на адной з цэнтральных вуліц Берасьця
Пікет пад сьцягам «Гавары праўду» стаяў на адной з цэнтральных вуліц Берасьця
Андрэй Дзьмітрыеў агітуе спадара падпісацца за Ігара Маслоўскага
Андрэй Дзьмітрыеў агітуе спадара падпісацца за Ігара Маслоўскага
Ігар Маслоўскі размаўляе з выбарцам.
Ігар Маслоўскі размаўляе з выбарцам.
Будучы выбарца слухае размовы дарослых пра палітыку
Будучы выбарца слухае размовы дарослых пра палітыку
Каб аддаць подпіс за дэмакрата, часам зьбіраюцца чэргі
Каб аддаць подпіс за дэмакрата, часам зьбіраюцца чэргі

Альтэрнатыўныя вылучэнцы ў цяперашнюю выбарчую кампанію — гэта ня толькі прадстаўнікі апазыцыі. Вось, да прыкладу, прадпрымальнік Аляксандар Шыловіч са Случчыны. Ён садавод, жыве ў вёсцы Падзерскія Агароднікі, дзе й зьбірае подпісы выбарцаў у сваю падтрымку.

Сёньня ў гутарцы з карэспандэнтам «Свабоды» Аляксандар Шыловіч паведаміў, што ў зборы подпісаў яму дапамагаюць перадусім блізкія людзі й сябры:

Аляксандар Шыловіч
Аляксандар Шыловіч
«Дапамагаюць жонка, сын, а таксама сябры. Дапамогу з боку я не шукаў, бо пасьля можа здарыцца, што „левых“ подпісаў няведама колькі...А мы зараз паціху, не сьпяшаючыся... Часу яшчэ застаецца шмат. Мы ўжо палавіну подпісаў ад патрэбнай колькасьці сабралі. Першыя 500 подпісаў ужо ёсьць. Але калі казаць шчыра, то людзі таксама падпісвацца ня хочуць — маўляў, усё надакучыла, і тое, і тое, і гэта...»

Аляксандар Шыловіч — вясковы прадпрымальнік. Пра сваю справу ён расказвае наступнае:

«Я браў калгасны сад у арэнду, дапамагаў, бо тут усё раскрадаюць, і гаспадарка з гэтага саду ні капейкі ня мела цягам 10 гадоў. А я зарабляў ім грошы. Але сядзеў у гэтым садзе дзень і ноч. Іншыя нават па 500 кіляграмаў адразу кралі... Гэта іх міліцыянты лавілі».

Спадар Шыловіч называе і матывы свайго вылучэньня ў кандыдаты:
Няма ні лазьні, ні клюбу, ні млына, ні водаправоду. Жывём, як у дагістарычны час.

«Я быў тут мясцовым дэпутатам гадоў дванаццаць таму. І яшчэ тады зьвяртаўся ў райвыканкам і ў газэту пісаў. Ну і цяпер, асабліва бабкі мясцовыя, прасілі: «Саш, ну ідзі! Ты адзін зь імі тут змагаесься... Няма ні лазьні, ні клюбу, ні млына, ні водаправоду... жывём, як у дагістарычны час. То я на выбарах у мясцовыя саветы сабраў неабходную колькасьць подпісаў. Але тут старшыня мясцовага сельсавету зь іншымі чыноўнікамі ведалі, што калі я прайду ў дэпутаты, то праблемаў у іх зноў будзе мора. То яны займаліся фальшаваньнем і падробкай дакумэнтаў. То я ўсю іх кампанію ў пазамінулым годзе ў суд зацягнуў, а таксама й раённую выбарчую камісію. Але ў судзе што? Тое самае... Што людзі яшчэ сем заяваў напісалі, суд пад увагу не прыняў. Вось тады я падумаў: калі вы так, хлопцы, то я пайду ў парлямэнт... І калі я падаў заяву, то ў іх, як гаворыцца, сківіцы адвісьлі...»

Карэспандэнт: «Цяпер Аляксандар Шыловіч кажа, што баіцца не канкурэнцыі на выбарах, а несумленных паводзінаў з боку чыноўнікаў...»

«Я добра ведаю ўсю гэтую кухню... Ну вось пры зборы подпісаў у інтэрнаце для інвалідаў, у лякарні, у гаргазе... там увогуле ў аддзеле кадраў пад прымусам перапісалі ўсіх запар — хочаш ты ці не. І, галоўнае, возьмуць адзін подпіс за Кляшчук (Інэса Кляшчук — дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў) і пераконваюць, што, маўляў, ня маеце права больш за каго-небудзь падпісвацца... І людзі, вядома, баяцца...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG