Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршыўся прыём студэнтаў у ВНУ на бюджэтную, то бок бясплатную, форму навучаньня. Да 5 жніўня прымаюцца дакумэнты на платныя аддзяленьні. І якраз у гэтыя дні навучальныя ўстановы абвясьцілі новыя кошты навучаньня. Наколькі даступнай застаецца вышэйшая адукацыя для беларусаў?

На прэстыжныя спэцыяльнасьці прахадны бал быў больш за 350. У Інстытут бізнэсу і мэнэджмэнту тэхналёгіяў БДУ — 371, на міжнародныя адносіны — 366, 357 — на эканоміку. На перакладчыцкім факультэце Лінгвістычнага ўнівэрсытэту прахадны бал — 362. На пэдагагічныя, тэхнічныя спэцыяльнасьці — недабор.

Былы рэктар Белдзяржунівэрсытэту прафэсар Аляксандар Казулін кажа:

«Дык ужо на бюджэтныя аддзяленьні не набіраюць людзей. На фізычны факультэт БДУ 50% бюджэтных месцаў не запоўнена. А ведаеце, у свой час у БДУ, калі БДУ яшчэ трымаў марку, нават на фізычны факультэт мы набіралі студэнтаў-платнікаў».

Сёлета ў пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка на фізычны і матэматычны факультэты прынялі ўсіх, хто падаў дакумэнты. На фізфаку пры пляне прыёму 130 чалавек — 45 недабор. Летась было тое самае. У выніку зь першага курсу матфаку і фізфаку было адлічана каля 100 чалавек.

Казулін: «Раней у пэдагагічны інстытут быў конкурс выдатных атэстатаў, а зараз бяруць усіх спрэс, з 7 баламі са 100 магчымых. І потым гэтыя людзі ідуць працаваць настаўнікамі. Гэта ў мяне як у прафэсіянала ў сфэры адукацыі выклікае ня проста абурэньне. Гэта ўжо трагедыя».

Са 100 баламі на бюджэт бяруць у тэхналягічны, аграрна-тэхнічны ўнівэрсытэты. У рэгіёнах — у Палескім, Баранавіцкім унівэрсытэтах — на некаторыя спэцыяльнасьці прахадныя балы яшчэ меншыя.

Але на прэстыжных спэцыяльнасьцях беларусы ў асноўным вучацца платна. На спэцыяльнасьць «дызайн», да прыкладу, прапорцыя бюджэтных і платных месцаў — 1:5.

Днямі ВНУ абвясьцілі новыя кошты навучаньня. Найвышэйшыя — у мэдунівэрсытэце і БДУ. У БДУ на юрфаку, міжнародных адносінах — 14 мільёнаў 950 тысяч рублёў. Гэта на пачатак новага навучальнага году.

Маці сёлетняга абітурыента, якому не хапіла 5 балаў на эканамічны факультэт на бюджэт, кажа:

«Наша сацыяльна арыентаваная дзяржава робіць усё, каб нашы дзеці засталіся без адукацыі. Літаральна месяц назад хтосьці з вышэйшых асобаў дзяржавы сказаў, што краіне трэба больш рабочых, няхай дзеці ідуць у ПТВ. Я ня ўпэўнена, што сваіх дзяцей гэты чыноўнік у ПТВ накіруе. А нашы дзеці вымушаны будуць пайсьці. Таму што нават калі ў іх „сем пядзяў лоб“ і яны набяруць добрыя прахадныя балы і паступяць, плаціць мы ня зможам такія шалёныя грошы, якія зараз зьдзіраюць з бацькоў».

У мінулым навучальным годзе кошты навучаньня ўздымалі 4 разы, прычым даволі істотна — на 20%, 25%, 29% і 5%. З кастрычніка зноў падымуць стаўку першага разраду — і, адпаведна, цэны на адукацыю.

Экспэрт «Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў» у галіне адукацыі Сьвятлана Мацкевіч лічыць, што кошты навучаньня ў Беларусі павінны быць фіксаваныя, як ва ўсім сьвеце:

«Вядома, гэта не нармальна. Звычайна дамова, якая заключаецца на навучаньне, прадугледжвае, што аплата цягам году павінна заставацца нязьменнай. Але ва ўмовах такіх крызісных сытуацыяў часова адмяняюцца ўсе раней заключаныя дамовы. І такія частыя зьмены ў аплаце навучаньня якраз сьведчаць пра фінансавы крызіс у сыстэме адукацыі».
Дзяржава сьвядома вядзе лінію на тое, каб адукацыя была платная.


Адукацыя ўсё больш становіцца платнай і недаступнай для бальшыні беларусаў, кажа Аляксандар Казулін:

«Раней бюджэтнікаў было нашмат болей. Зараз жа амаль 70% студэнтаў навучаецца на платным, і толькі 30% — на бюджэце. Дзяржава сьвядома вядзе лінію на тое, каб адукацыя была платная. Дзяржава зараз ухіляецца ад сваіх прамых абавязкаў, якія запісаныя ў Канстытуцыі наконт права кожнага грамадзяніна на бясплатную адукацыю. І перакладае гэта на плечы грамадзянаў. Ну, а калі пра кошты, то хто зараз можа заплаціць 15 мільёнаў?»

Вось апошні прыклад, як павялічваецца колькасьць платнікаў. На юрфак БДУ на бюджэт летась было залічана 150 студэнтаў, сёлета — 133, а на платнае летась было прынята 190, сёлета — 215.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG