Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля дзьвюх тысяч назіральнікаў зьбіраецца вылучыць на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў грамадзкая кампанія «За справядлівыя выбары». Тым часам Цэнтральная выбарчая камісія ўжо афіцыйна зарэгістравала каля 300 унутраных назіральнікаў.

У Беларусі афіцыйна зарэгістраваныя 294 унутраныя назіральнікі, якія зьбіраюцца працаваць на восеньскіх выбарах. Гэтую лічбу назваў сёньня «Свабодзе» сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік.

«Пяць зь іх будуць працаваць у ЦВК, астатнія — у акруговых выбарчых камісіях. Назіральнікаў ва ўчастковыя камісіі пакуль не пасылалі, бо такія камісіі яшчэ фармуюцца. Іх будуць ствараць да 8 жніўня, паводле каляндарнага пляну».

Сярод зарэгістраваных назіральнікаў ёсьць і валянтэры з грамадзкай кампаніі «За справядлівыя выбары», кажа нацыянальны каардынатар кампаніі Віктар Карняенка. Зь імі ўжо праводзяцца заняткі і трэнінгі:

Віктар Карняенка

Віктар Карняенка

«Падрыхтаваныя мэтадычныя дапаможнікі — і для назіральнікаў, і для сябраў камісіяў. А таксама рабочыя сшыткі, паводле якіх яны будуць працаваць. Гэта такая інструкцыя, якую павінен выканаць кожны чалавек, які будзе працаваць у нашай кампаніі. І там літаральна па пунктах усё расьпісана, што яму неабходна зрабіць».

У рамках кампаніі «За справядлівыя выбары» плянуюць працаваць і назіральнікі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кажа намесьнік партыйнага лідэра Васіль Палякоў. Гэтым разам партыя хоча павялічыць колькасьць валянтэраў і за кошт беспартыйных:

Васіль Палякоў

Васіль Палякоў

«Мы кажам, што сапраўдных выбараў няма. Але гэта толькі нашы заявы. Вы можаце ўсё гэта спраўдзіць. Але для гэтага трэба стаць назіральнікам. Вы можаце не ўступаць у партыю. Мы вас і бяз гэтага вылучым. Вы пойдзеце назіральнікам і самі пераканаецеся — ёсьць фальсыфікацыі ці не? Вам толькі трэба сядзець на ўчастку і лічыць колькасьць выбарцаў. А пасьля — параўнаць з выніковым пратаколам і паглядзець: ёсьць празрыстасьць, няма празрыстасьці? І тады вы зробіце ўласныя высновы».

Агулам дэмакратычныя сілы разьлічваюць на дзьве тысячы назіральнікаў, падсумоўвае Віктар Карняенка:

«Мы разьлічваем, што дастаткова і паўтары тысячы чалавек, каб зрабіць рэпрэзэнтатыўную выснову. Але ў нас будзе каля дзьвюх тысяч назіральнікаў. Мы раіліся з сацыёлягамі, якім чынам нам тут паступіць. І вось гэта абсалютна дастатковая лічба, каб зрабіць высновы пра тое, як прайшла кампанія».

Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаныя на 23 верасьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG