Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тараненка: Насьцю засудзілі — на 100%


Анастасія Новікава, Лёндан, 30.07.2012

Анастасія Новікава, Лёндан, 30.07.2012

Алімпійская зборная Беларусі працягвае расчароўваць сваіх заўзятараў. Адзін за адным спыняюць удзел у спаборніцтвах фаварыты, на якіх спартовыя функцыянэры ўскладалі мэдалёвыя спадзяваньні.

Не спрыяюць перамогам і судзьдзі, рашэньні якіх кіраўнікі беларускай дэлегацыі ўжо пачалі аспрэчваць. У прыватнасьці, многія лічаць, што арбітры не зусім годна абышліся зь дзейнай чэмпіёнкай сьвету ў цяжкай атлетыцы, бронзавай прызэркай Алімпіяды-2008 Анастасіяй Новікавай.

Анастасія Новікава была ці ня самым прагназаваным алімпійскім золатам беларусаў. Аднак замест першага месца давялося задавольвацца толькі сёмым. Сама спартоўка пасьля не залічанага судзьдзямі апошняга штуршка заявіла журналістам, што мэдаль у яе «адабралі». Тае ж думкі і галоўны трэнэр зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы Аляксандар Ганчароў:

«Нашу спартоўку проста груба засудзілі. Прычым судзілі людзі, якія ня мелі права такім чынам вырашаць лёс штангісткі. Вось што я магу пакуль сказаць. Мы цяпер разьбіраемся, прыехалі ўсе кіраўнікі дэлегацыі, пішам пратэст на Міжнародную фэдэрацыю цяжкай атлетыкі, рыхтуем пратэст у аргкамітэт Алімпійскіх гульняў. Уласна кажучы, будзем намагацца нейкім чынам вырашыць пытаньне, каб прынамсі далей такіх грубых памылак не было. Праўда, трэба разумець, што нават калі пратэст і будзе пададзены, то, згодна з правіламі спаборніцтваў, на вынік гэта не паўплывае. І нават калі, хутчэй за ўсё, мэдаль усё роўна нам ніхто ня верне, то мы хоць бы паспрабуем паразмаўляць з тымі людзьмі, якія такім чынам вырашылі лёс беларускай спартоўкі».

Алімпійскі чэмпіён, цяжкаатлет Леанід Тараненка таксама наракае на судзейскую сыстэму, якая склалася ў ягоным відзе спорту. Як сьцьвярджае славуты атлет, судзіць спаборніцтвы найвышэйшага рангу можа ў літаральным сэнсе чалавек з вуліцы, таму так шмат прэтэнзіяў да судзейскага корпусу:

«Бязьмежжа. На жаль, так сталася ў цяжкай атлетыцы, што любы чалавек з вуліцы можа стаць судзьдзёй міжнароднай катэгорыі. Плаціць Аяну (прэзыдэнту
На жаль, так сталася ў цяжкай атлетыцы, што любы чалавек з вуліцы можа стаць судзьдзёй міжнароднай катэгорыі ...

Міжнароднай фэдэрацыі) 500 баксаў, чытае ў інтэрнэце правілы — і ўсё, ён судзьдзя. Вось адкуль карані дылетантызму. Таму тут два варыянты: альбо чалавек зацікаўлены матэрыяльна, альбо дылетант у судзействе. Адзін судзьдзя быў з Нарвэгіі, адзін з Новай Зэляндыі, адзін з Тайваню. Дык калі ў Тайвані цяжкая атлетыка на сур’ёзным узроўні, то з Нарвэгіі і тым больш з Новай Зэляндыі я ня ведаю ніводнага штангіста ўзроўню нашага першага разраду. Бывалі спаборніцтвы ў Нарвэгіі, але ні разу за ўсю гісторыю ў Новай Зэляндыі нічога не праводзілася. То бок там у прыродзе ня можа быць штангістаў. Спрабуюць сьцьвярджаць, што Насьця разгойдвала штангу, але я вам заяўляю аўтарытэтна: каб разумець, што такое разгойдваньне штангі, недастаткова прачытаць пра гэта ў газэце ці ў інтэрнэце. Трэба самому аднойчы паспрабаваць яе разгайдаць, адчуць, што такое разгойдваньне. Бо калі чалавек ня мае ніякага да спорту дачыненьня, ён ня можа судзіць спаборніцтвы такога ўзроўню. Таму засудзілі на 100%».

Разам з тым Леанід Тараненка адзначае і памылкі трэнэрскага штабу, які ў пагоні за высокім месцам пагнаўся за канкурэнткамі, неапраўдана нагружаючы Анастасію Новікаву лішнімі кіляграмамі:

«У рыўку, скажам, трэнэры дапусьцілі відавочны ляпсус. Таму што ня трэба было гнацца за кітаянкай, неабходна было падняць свае 106 кіляграмаў — і ўсё, далей чакаць штуршка. А ў штуршку, як я ўжо казаў, гэта было чыста ці дылетанцтва судзьдзяў, ці элемэнтарны подкуп — нечая канкрэтная зацікаўленасьць у такім выніку. Але не было ніводнага працэнту, каб ёй не залічыць як першы штуршок, так і трэці штуршок. Па „Эўраспорце“ потым казалі, што абуральны выпадак зь беларускай крыху напалохаў, і мужчын судзілі нібыта нармальна. Але ж Насьці ад гэтага не лягчэй, правільна? Памылка дапушчаная, ёй яна каштавала ўзнагароды. Апэляцыю пішуць, але што цяпер толку пісаць? Я ня ведаю, калі б толькі прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі ўмяшаўся, каб выдалі ёй другі дадатковы мэдаль. Таму што тую ж узнагароду ўжо не аддадуць. Але маё перакананьне: ад такіх судзьдзяў трэба папросту пазбаўляцца, бо гэта сапраўдная ганьба для ўсяго спорту».

Спынілі спаборніцтвы ў Лёндане і некаторыя іншыя вядомыя беларускія спартоўцы. У настольным тэнісе Ўладзімер Самсонаў сышоў з дыстанцыі на стадыі 1/8 фіналу, на гэтым жа этапе зачахліла ракетку і лепшая сярод жанчын — Вікторыя Паўловіч. Першы матч, але ўжо ў вялікім тэнісе, стаў апошнім для лідэра ўсясьветнага парнага рэйтынгу Максіма Мірнага — разам з Аляксандрам Бурым беларусы прайгралі індыйскаму дуэту. Праваліліся спробы зачапіцца за высокія месцы ў стральбе, бадмінтоне, плаваньні, боксе, конным спорце. Арыенцір на 25 алімпійскіх мэдалёў выглядае ўсё больш прывідным.

Тым часам узнагароды рознай вартасьці ў свае скарбонкі паклалі спартоўцы ўжо чатырох дзясяткаў краінаў.




Вікторыя Азаранка

Вікторыя Азаранка



Алена Целяпушкіна

Алена Целяпушкіна

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG