Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпрэсіўныя урады маюць вялікія магчымасьці кантраляваць карыстальнікаў мабільных тэлефонаў і блякаваць доступ да інтэрнэт-кантэнту. Гэта стварае значную рызыку для недатыкальнасьці прыватнага жыцьця і бясьпекі карыстальніка, гаворыцца ў новым дакладзе, апублікаваным сёньня арганізацыяй Freedom House і Радай кіраўнікоў замежнага вяшчаньня ЗША (BBG).

Даклад завецца «Бясьпека на лініі: Выкрыцьцё міту аб бясьпецы мабільнай сувязі». Ён ацэньвае здольнасьць мабільнай сувязі забясьпечыць недатыкальнасьць прыватнага жыцьця ў 12 краінах, дзе «адсутнічае вяршэнства права і не выконваюцца грамадзянскія свабоды»: Азербайджане, Беларусі, Кітаі, Эгіпце, Іране, Лібіі, Амане, Саудаўская Арабіі, Сірыі, Тунісе, Узбэкістану і Віетнаме. Вынікі дасьледаваньняў паказалі, што па ўсім спэктры тэхналёгіі ня ў стане абараніць карыстальнікаў і зьяўляюцца вельмі лёгкімі для злоўжываньня з боку аўтарытарных рэжымаў.

У разьдзеле справаздачы, датычным Беларусі, адзначаецца, што пранікненьне сотавай сувязі дасягнула ў краіне 108 %. Беларусь, у кантэксьце доступу да інтэрнэту праз мабільную сувязь, названая «пэрспэктыўным, хаця пакуль недэмакратычным рынкам». Даклад адзначае ў ім «характарыстыкі сучаснага заходняга тэлекамунікацыйнага рынку», хаця прызнае, што беларускае заканадаўства, асабліва ў галіне продажу паслуг, носіць абмежавальны характар.

У прыватнасьці, згадваецца, што заканадаўства, прынятае і ўдакладненае ў пэрыяд 2010-2011 г.г., абавязвае інтэрнэт-правайдэраў і апэратараў мабільнай сувязі блякаваць некаторыя вэб-сайты, калі паслугі прадстаўляюцца дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Гэты закон таксама патрабуе ад інтэрнэт-кавярняў і ўладальнікаў кропак доступу да Wi-Fi спраўджваць асобы карыстальнікаў і рэгістраваць іх.

«Мабільныя тэлефоны сталі неад’емнай часткай штодзённых зносінаў па ўсім сьвеце, і большасьць з нас карыстаецца гэтымі тэхналёгіямі, разьлічваючы на ахову прыватнага жыцьця, — кажа Дэніэл Калінгерт, выканаўчы віцэ-прэзыдэнт Freedom House. — Тым ня менш, урады у поўнай ступені здольныя, у прыватнасьці, калі адсутнічаюць законы і іншыя мэханізмы абароны, выкарыстоўваць гэтыя прылады для адсочваньня і маніторынгу карыстальнікаў у гнюсных мэтах. Гэта прычына для глыбокай заклапочанасьці, і яна павінна стаць часткай дыялёгу аб тым, як гэтыя тэхналёгіі распрацоўваюцца цяпер і будуць разьвівацца надалей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG