Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моўнае пытаньне падзяліла Ўкраіну напалам


Паводле сацыёлягаў, упершыню за апошнія гады колькасьць праціўнікаў увядзеньня расейскай мовы як другой дзяржаўнай ва Ўкраіне перавысіла колькасьць прыхільнікаў такой ідэі.

41% украінцаў падтрымлівае прадстаўленьне расейскай мове статусу дзяржаўнай, 51% — выступае супраць гэтага. Такія вынікі апытаньня, праведзенага сацыялягічнай групай «Рэйтынг» у канцы ліпеня. Паводле яе дырэктара Аляксея Анцыповіча, на працягу апошніх двух гадоў колькасьць праціўнікаў і прыхільнікаў дзьвюхмоўя была амаль роўнай. Аднак у чэрвені 2012 году колькасьць праціўнікаў дзьвюхмоўя (48%) перавысіла колькасьць прыхільнікаў (45%) на 3%, у наступным месяцы разрыў вырас да 10%.

«Ва Ўкраіне існуе супраціў гвалтоўнай або ўкраінізацыі, як гэта гаварылася за часамі Віктара Юшчанкі, або русыфікацыі, як гэта гаворыцца за кіраваньнем Януковіча. Моўнае пытаньне падзяляе ўкраінцаў напалам. Але як толькі палітыкі закранаюць гэтае пытаньне, балянс ссоўваецца. Прычым у процілеглы бок. Чым больш пэдалюецца абарона ўкраінскай мовы, тым больш расьце падтрымка расейскай. І наадварот», — кажа Анцыповіч.

«Моўны закон» падтрымлівае меншасьць

Акрамя таго, паводле дасьледаваньняў, прыняцьце «моўнага закону» падтрымліваюць 34% апытаных, не падтрымліваюць — 42%. (3 ліпеня Рада прыняла Закон «Аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі», які прадугледжвае афіцыйнае выкарыстаньне рэгіянальных моваў у працы мясцовых органаў улады, калі на тэрыторыі, дзе распаўсюджаная такая гаворка, жыве мінімум 10% носьбітаў. У прыватнасьці, гэта датычыцца рускай мовы). Пятнаццаць адсоткаў рэспандэнтаў ставяцца да закону проста абыякава, адзначае Аляксей Анцыповіч.

«Таксама мы спыталі: якая мова, на вашу думку, патрабуе большай абароны на заканадаўчым узроўні? 37% апытаных лічаць, што ўкраінская мова патрабуе большай абароны, толькі 18% — удвая менш — лічаць, што расейская. Яшчэ 34% лічаць, што ніводная з моваў не патрабуе, паколькі яны дастаткова абароненыя. Гэта значыць, Партыя рэгіёнаў зараз фактычна арыентуецца на гэтыя 18%», — канстатуе Аляксей Анцыповіч.

«Моўная праблема вельмі далікатная»

Моўная праблема па важнасьці ў жыцьці Ўкраіны займае адно з апошніх месцаў, сьцьвярджае соцыяпсыхоляг Павал Фралоў. Таму разыгрываюць «моўную карту» ў асноўным перад выбарамі, каб адцягнуць увагу ад іншых праблем, адзначае ён.

«Моўная праблема вельмі далікатная, і ёю лёгка маніпуляваць. Яна выразна дазваляе падзяліцца на сваіх чужых — па моўнай прыкмеце. Пэўная частка грамадзтва імгненна рэагуе на гэта. У большасьці грамадзянаў у сьвядомасьці каша. І ёсьць пэўныя праблемы, якія дазваляюць дакладна вызначыць, хто свой, хто чужы. Палітыкі гэта ведаюць і імкнуцца выкарыстаць гэты прынцып — падцягнуўшы сваіх да сябе», — тлумачыць Павал Фралоў.

Як адзначаюць спэцыялісты, украінцы разумеюць гэтую палітычную стратэгію. Бо паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў, пераважная большасьць (74%) упэўненыя, што палітыкі выкарыстоўваюць пытаньні мовы толькі для атрыманьня галасоў выбаршчыкаў.
XS
SM
MD
LG