Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс «Гулак супраць МУС і Мін’юсту» працягнецца 1 жніўня


Алег Гулак

Алег Гулак

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі Беларускі Хэльсынскі камітэт Алег Гулак дамагаецца, каб суд прызнаў незаконнымі дзеяньні Міністэрства ўнутраных справаў і Міністэрства юстыцыі, якія зрабілі яго невыязным з краіны.

Судовы працэс працягнецца 1 жніўня а 15.30.


15.45. Судовы працэс распачаўся. Судзьдзя Алена Сямак. Суд выслухаў пазыцыю бакоў і пачаў вывучаць матэрыяла справы. Задаволеныя хадайніцтвы аб запатрабаваньні ад МУС і Мінюсту шэрагу дакумэнтаў, якія б паказалі, што рабілася адносна скаргі Алега Гулака.

16 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна Менску пачаўся разгляд скаргі Гулака на тое, што яго ўнесьлі ў сьпіс асобаў, якім абмежаваны выезд за мяжу.

13 сакавіка Гулаку выдалі даведку аб тым, што яму з 5-га сакавіка 2012 года забаронены выезд зь Беларусі. Зь даведкі вынікала, што праваабаронцу прад’яўлены грамадзянскі пазоў у судзе. Аднак пра падобны пазоў Гулак нічога ня ведаў, ніводзін суд не інфармаваў яго аб унясеньні ў «сьпісы». За апошнія тры месяцы таксама ніякіх зьвестак аб пазовах да Алега Гулака не зьявілася.

Праз некалькі дзён пасьля атрыманьня такой даведкі Гулак падаў скаргу ў суд на Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў за незаконнае абмежаваньне права на выезд.

Два дзясяткі невыязных

У сакавіку, гаворачы пра сьпіс невыязных, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «А мы зрабілі. І то мы яго яшчэ не ўвялі. На поўную моц яшчэ не ўвялі. Але ўвядзем».

Пасьля гэтага за мяжу ў розны час не змаглі выехаць два дзясяткі палітыкаў,
грамадзкіх дзеячаў і журналістаў.

Сярод іх:

  • рэдактар тыднёвіка «Наша Ніва» Андрэй Дынько
  • старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жана Літвіна
  • старшыня «Беларускага Хэльсынскага камітэту» Алег Гулак
  • праваабаронца Валянцін Стэфановіч
  • старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька
  • старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін
  • ягоны намесьнік Валеры Ўхналёў
  • намесьнік кіраўніка руху «За свабоду» Віктар Карняенка
  • старшыня партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» Станіслаў Шушкевіч
  • палітык і сябра аргкамітэту партыі «Беларускі рух» Вінцук Вячорка
  • сябра аргкамітэту партыі «Беларускі рух» Віктар Івашкевіч


Указам ад 4 ліпеня Аляксандар Лукашэнка даў КДБ права не пускаць за мяжу беларусаў, якія знаходзяцца на прафіляктычным уліку ў ворганах дзяржбясьпекі. 19 ліпеня на прафіляктычны ўлік быў пастаўлены Андрэй Бандарэнка.


«Невыязныя» судзяцца


22 чэрвеня суд Маскоўскага раёну Менску загадаў Міністэрству ўнутраных спраў выбачыцца перад праваабаронцам Гары Паганяйлам за «памылковае» ўключэньне яго ў сьпіс невыязных.

23 ліпеня Судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Алена Сямак не задволіла пазову лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі да Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства юстыцыі. Лябедзька патрабаваў прызнаць незаконнымі дзеяньні гэтых ведамстваў і выключыць яго са сьпісу невыязных асобаў.

20 ліпеня судзьдзя Сямак адмовілася задаволіць пазову намесьніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянціна Стэфановіча і кіраўніка інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа» Андрэя Бандарэнкі да Міністэрства абароны і Міністэрства ўнутраных спраў. Яны патрабавалі прызнаць незаконнымі дзеяньні дзяржаўных ведамстваў, якія ўключылі праваабаронцаў у сьпіс невыяздных. Падставай для абмежаваньня на выезд Стэфановіча і Бандарэнкі сталі, нібыта, ухіленьні ад вайсковага прызыву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG