Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце:пададзеная скарга за датэрміновую агітацыю


Патэнцыйны кандыдат у дэпутаты па Берасьцейскай Цэнтральнай выбарчай акрузе №2 Ігар Маслоўскі накіраваў скаргу на датэрміновую агітацыю ў акруговую камісію, аблвыканкам і ў рэдакцыю абласной газэты “Заря”.

Кіраўнік БСДП(Г) па Берасьцейшчыне, якога падтрымлівае кампанія “Гавары праўду”, Ігар Маслоўскі заяўляе ў скарзе, што яго патэнцыйны канкурэнт – галоўны лекар Берасьцейскай гарадзкой бальніцы хуткай дапамогі Валянцін Мілашэўскі – карыстаецца датэрміновай агітацыяй:

“Гэтак, ён да цяперашняга часу ўжо двойчы ініцыяваў публікацыі ў абласной газэце “Заря” матэрыялаў у выглядзе інтэрвію аб сваіх асабістых і дзелавых якасьцях. Гэтыя матэрыялы публікаваліся і на сайце газэты “Заря”. Іх публікацыя адбывалася 17 і 23 ліпеня. Гэтыя публікацыі мелі яўны агітацыйны характар. Такім чынам, Валянцінам Мілашэўскім сыстэматычна праводзяцца агітацыйныя акцыі ў пэрыяд, калі агітацыя забаронена з выкарыстаньнем сродкаў і магчымасьцяў дзяржаўных органаў.”

Акрамя гэтага, Ігар Маслоўскі паведаміў у скарзе, што пад час збору подпісаў сябрамі яго ініцыятыўнай групы ў мікрараёне “Кавалёва” больш дзесятка жыхароў заявілі, што паставілі ўжо свае подпісы за Валянціна Мілашэўскага ў паліклініцы №6 на прыёме ў кабінэтах лекараў”.

Ігар Маслоўскі лічыць, што галоўны лекар парушае артыкул 73 Выбарчага кодэксу, які забараняе зьбіраць подпісы ў працоўны час і з выкарыстаньнем службовых асобаў.

На падставе гэтага кіраўнік БСДП(Г) па Берасьцейшчыне просіць “улічыць дапушчаныя парушэньні выбарчага заканадаўства” Валянцінам Малішэўскім і прыняць адпаведныя меры “нават да адмовы ў рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты”.

Ігар Маслоўскі таксама просіць абавязаць газэту “Заря” прадставіць яму магчымасьць выступіць на яе старонках “у аб’ёме, роўным аб’ёму выступаў Валянціна Мілашэўскага для забесьпячэньня роўных умоваў удзелу ў выбарчай кампаніі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG