Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім будзе дзяржаўны музэй Быкава?


Лецішча Васіля Быкава ў дачным пасёлку Ждановічы

Лецішча Васіля Быкава ў дачным пасёлку Ждановічы

Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка даручыў стварыць музэй Васіля Быкава ў будынку лецішча сям’і Быкавых, што ў пасёлку Ждановічы-6 каля Менска.

Чаму ўлады ўзяліся за ўшанаваньне памяці Быкава толькі цяпер? Ці пазьбегнуць экспазыцыі будучага музэю цэнзуры?

Адмыслова для «Свабоды» камэнтуюць лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімер Някляеў і літаратуразнаўца Ала Сакалоўская.


Карэспандэнт: «Уладзімер Пракопавіч, чаму ўлада загаварыла пра музэй Быкава толькі цяпер? Няўжо яна насамрэч зьмяніла сваё стаўленьне да спадчыны Быкава?»

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў: «Кампанія «Гавары праўду!» сабрала 150 тысяч подпісаў за тое, каб была вуліца імя Быкава ў Менску. Сапраўдныя адносіны ўлады да Васіля Быкава і да народа як раз і выявіліся ў стаўленьні да іх. 150 тысяч — цэлы горад! Улада нават не стала іх разглядаць. Тое, што робіцца цяпер — зь нявыкруткі. Быкаў — уласьцівасьць сапраўды вялікіх людзей. Яго фізычна нямашака ў жыцьці, але ён прысутнічае. Гэта мэтафізычная ўласьцівасьць вялікіх людзей. Як бы ўлада ні старалася зрабіць выгляд, што яго няма, гэта ніяк не выходзіць. Рабіць выгляд, што наперадзе 90-годзьдзе Быкава ніяк не выпадае. Галоўнае, улада зразумела, што нягледзячы на ўсе яе высілкі, так, як з Машэравым не адбылося. Памяць пра Машэрава паціху прыгасілі. Маўляў, давайце мы нідзе не будзем яго падымаць на шчыт і яго забудуць. Аказалася, не. Не забываюць не толькі тыя, хто займаецца літаратурай і палітыкай, не забывае народ. Бадай, гэта адзіны пісьменьнік і грамадзкі дзеяч, якога ведаюць усе. Прычым адносіны да яго сьвятыя. Гэта не адносіны да Лукашэнкі: «мы яго любім, бо дае пэнсіі і заробкі».

Карэспандэнт: «Як даўно ў пісьменьніцкай супольнасьці абмяркоўваецца ідэя музэя Быкава?»

Уладзімер Някляеў: «Пра тое, што Быкаў ёсьць фігурай, якая будзе заўсёды мець цікавасьць для беларусаў усіх пакаленьняў і ва ўсім сьвеце, казалася яшчэ ў дзень ягонага пахаваньня. Прапаноўвалася стварэньне музэя ў сталіцы. Разумеючы, што гэта не такая хуткая справа, казалі пра тое, што напачатку можна стварыць мэмарыяльную кватэру. Удава Быкава Ірына Міхайлаўна і яе сын ужо больш за два гады таму прапанавалі варыянт музэю на лецішчы. Яны маглі яго прадаць. Дык, бачыце, тыя зрабілі вялікую ласку, што забралі лецішча ў людзей! Пасьля таго, як падключыліся музэй гісторыі літаратуры і Міністэрства культуры, гэта дайшло да Адміністрацыі прэзыдэнта, наколькі я ведаю. Добра тое, што хоць будзе геаграфічная мясьціна, зьвязаная з Быкавым. Ірына Міхайлаўна, яе сын, супрацоўнікі музэю гісторыі літаратуры і Міністэрства культуры, якія спрычыніліся, заслугоўваюць добрага слова».

Карэспандэнт: «Паводле афіцыйнай інфармацыі, у будучым музэі будуць адлюстраваныя асноўныя пэрыяды жыцьця і творчасьці Быкава. Ці там насамрэч праўдзіва пакажуць, напрыклад, час эміграцыі пісьменьніка?»

Уладзімер Някляеў: «Як вы ўяўляеце, што пры Лукашэнку ў музэі пакажуць, што Быкаў ад пачатку не прымаў тое, што раіў Лукашэнка? Паводле Быкава, чалавек, які шкодзіць мове і культуры, не можа прынесьці карысьці Беларусі. Па сутнасьці непрыняцьце Лукашэнкі Быкавым і пачалося з культуралягічных канцэпцый. Дык як можа быць паказана ў музэі, што Быкаў наўпрост сказаў, што Лукашэнка — гэта зло? Які гэта музэй паўстане? Гэта будзе не тое, чаго варты Быкаў».

Ала Сакалоўская камэнтуючы сытуацыю адзначыла:

​«Паўтараецца гісторыя. Спачатку Быкава перасьледавалі. А потым, відаць, нехта
Палітычная сытуацыя прымушае зьвяртацца да таго, што зьяўляецца падмуркам незалежнасьці ...

разумны падказаў, што не трэба так. І ён атрымаў усё: і Героя сацыялістычнай працы, і народнага пісьменьніка, і ляўрэата Ленінскай прэміі. Магчыма, гэта паўтараецца і пасьля сьмерці. Быкаў перакладзены на дзесяткі моваў сьвету. Фільм „У тумане“ сёлета паказалі ў Канах. Палітычная сытуацыя прымушае зьвяртацца да таго, што зьяўляецца падмуркам незалежнасьці. Усё ўзаемазьвязана. Хто сюды нядаўна прыяжджаў? Мядзьведзеў? Відаць, усё не надта добра ў дачыненьнях з Расеяй. Разумныя дарадцы, той жа міністар культуры, растлумачыў. Чалавек жа сам не можа ведаць усё. Незалежнасьць — гэта і мова, і культура, і літаратура. Сымболіку можна вярнуць адным указам, а мову і культуру не. Вось паказчыкі незалежнасьці. Спадзяюся, што прафэсійныя дарадцы падкажуць, каб наступным крокам была ўвага да беларускай мовы».

XS
SM
MD
LG