Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: «ад дзьвярэй да дзьвярэй» па подпісы


 Збор подпісаў пачынаецца званком у дамафон

Збор подпісаў пачынаецца званком у дамафон

На Берасьцейшчыне пачалі зьяўляцца першыя пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту. Пайшлі зьбіральнікі подпісаў і па кватэрах. Карэспандэнт «Свабоды» прайшоўся «ад дзьвярэй да дзьвярэй» са зьбіральнікам Дзянісам Турчаняком.

«Адчыніце, калі ласка, дзьверы ў пад’езд, мы зьбіраем подпісы... Дзякуй», — такімі словамі пачынаецца шлях да выбарцаў Дзяніса Турчаняка, зьбіральніка подпісаў падчас кампаніі «ад дзьвярэй да дзьвярэй».

Спадар Турчаняк зьбірае подпісы за незалежнага кандыдата Аляксандра Мельніка ў першай берасьцейскай выбарчай акрузе:

«Добры дзень, мы зьбіраем подпісы за вылучэньне Аляксандра Мікалаевіча Мельніка ў парлямэнт...»

Спадарыня: «А хто такі Аляксандар Мельнік?»

Турчаняк: «Ён карэнны берасьцеец, яму 54 гады, у дадзены момант працуе інжынэрам. А ўвогуле ў яго вайсковае мінулае, ён лётчык».

Пасьля такога дыялёгу і некаторых іншых пытаньняў спадарыня падпісваецца. Аднак не заўсёды збор подпісаў прыносіць такія хуткія вынікі. Часта людзей няма дома, або жыхары прапісаныя ў іншай выбарчай акрузе:

Спадарыня: «Не, не прапісаная тут...»

Або бываюць і такія адказы:

Спадарыня: «Мы не беларусы...»

Нягледзячы на гэта, кажа Дзяніс Турчаняк, хаджэньне па кватэрах — найбольш эфэктыўны спосаб зьбіраць подпісы:

«Вядома, найбольш эфэктыўна — гэта абыход ад кватэры да кватэры, таму што ахопліваецца менавіта непасрэдная мэтавая аўдыторыя. То бок калі стаіць пытаньне — сабраць хутка і шмат, то найбольш эфэктыўна гэта рабіць, ідучы ад кватэры да кватэры».

Што да стаўленьня да выбараў, кажа Дзяніс Турчаняк, людзі, у асноўным, досыць пасіўныя:

«Вялікі працэнт людзей выказвае да выбараў увогуле нэгатыўныя адносіны, таму што людзі з году ў год падманваюцца ў сваіх спадзяваньнях. Яны бачаць, што галасуюць за адных, а прыходзяць туды зусім іншыя людзі».

На наступнай жа лесьвічнай пляцоўцы сталы мужчына пацьвярджае гэтую думку Турчаняка. Відавочна было, што мужчына нават не разумеў, пра якія выбары ідзе гаворка:

Спадар: «А на каго менавіта?.. Кім ён балятуецца?»

Пасьля непрацяглых тлумачэньняў мужчына запрашае ў кватэру, дастае пашпарт і падпісваецца. Да выбараў ён ставіцца досыць апатычна. Кажа, што пойдзе галасаваць, калі ня трэба будзе адрывацца ад працы:

«Галоўнае, каб працы ў гэты час не было (сьмяецца). У мяне такая праца, у мяне і ў нядзелю бывае праца, і ў суботу...»

Аднак, калі мы ўжо выходзілі, мужчына сказаў усьлед, што лічыць удзел у выбарах проста змарнаваным часам.

Спадар ставіць подпіс за вылучэньне кандыдата ў дэпутаты

Спадар ставіць подпіс за вылучэньне кандыдата ў дэпутаты



Дзяніс Турчаняк перапісвае дадзеныя з пашпарту

Дзяніс Турчаняк перапісвае дадзеныя з пашпарту




Ужо многія незалежныя прэтэндэнты на Берасьцейшчыне заявілі, што сабралі палову неабходных подпісаў за вылучэньне кандыдатам у парлямэнт. Больш за 500 подпісаў сабраў вышэйзгаданы Аляксандар Мельнік, лічбай 650 подпісаў за 4 дні пахваліўся «Свабодзе» Віталь Каратыш, які вылучаецца па Лунінецкай выбарчай акрузе. Збор подпісаў працягнецца да 13 жніўня.

Збор подпісаў працягнецца да 13 жніўня

Збор подпісаў працягнецца да 13 жніўня

XS
SM
MD
LG