Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Pussy Riot»: і не панк-гурт, і канцэрту ў храме не было


Ці сапраўды гурт «Pussy Riot» зьяўляецца панк-гуртом і ці сапраўды ён правёў канцэрт ў маскоўскім храме Хрыста Збаўцы ў лютым сёлета? На гэтае пытаньне адказвае карэспандэнт нашага Радыё Браян Уітмар.

Трох дзяўчат з фэмінісцкага гурту «Pussy Riot» судзяць у Маскве за несанкцыянаваны канцэрт, якія яны далі ў маскоўскім храме Хрыста Збаўцы ў лютым сёлета. Але тут патрэбныя некалькі дробных удакладненьняў.

Напрыклад, «Pussy Riot» насамрэч ня панк-гурт і, насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, не сьпявалі ў храме Хрыста Збаўцы.

Гісторыя вакол іх выступу ў храме, якая цягнецца ўжо пяць месяцаў, паказвае, наколькі інтэрнэт зьмяніў нашыя ўяўленьні аб тым, што мы лічым «рэальнасьцю».

Што ж адбылося насамрэч? А насамрэч яны, сьціпла апранутыя, каб не прыцягваць да сябе ўвагі, увайшлі ў храм, там надзелі свае маскі і скінулі верхнюю апратку, наблізіліся да алтара і пачалі... рухі, накшталт пантамімы, танцаў або скокаў. Адна дзяўчына трымала электрагітару, але яна не была падключаная. Адзін іх аднадумец здымаў дзеяньне на відэа, а іншы на кароткі час уключыў аўдыёплэер. Усё гэта заняло пару хвілін.



Пасьля яны змантавалі відэа і дадалі да яго саўнд-трэк «Панк-малебен», які быў запісаны ў іншым месцы і ўтрымліваў рэфрэн «Багародзіца, прагані Пуціна».



Гурт «Pussy Riot» выйшаў з асяродзьдзя падпольнага анархісцкага калектыву «Вайна», які сам шырока вядомы ў Расеі сваімі акцыямі, што часта абуралі грамадзкасьць, напрыклад, карцінай гіганцкага фаласа на мосьце ў Санкт-Пецярбургу. У 2011 годзе жаночая частка «Вайны» стала вывучаць досьвед фэміністычнага руху ў ЗША «Riot Grrrl».

Восеньню таго самага году «Pussy Riot» пачалі разьмяшчаць на Youtube. Дзяўчаты гурту раздавалі ананімныя інтэрвію, называючыся «Вавёркай» або «Вераб’ём».

Членства ў гэтым гурце ўзаемазаменнае, і дакладная колькасьць удзельніц невядомая. Муж адной з тых дзяўчат, што знаходзяцца цяпер у турме, Надзеі Талаконьнікавай, паведаміў, што ананімны статус членства ў гурце — гэта частка ідэалёгіі гурту, і што ў ім бралі ўдзел некалькі дзясяткаў дзяўчат.

Да відэа з храму Хрыста Збаўцы самай вядомай акцыяй «Pussy Riot» быў «канцэрт» на Краснай плошчы ў Маскве ў разгар антыпуцінскіх пратэстаў пасьля сьнежаньскіх выбараў. На гэтым роліку «Pussy Riot» сьпявалі песьню «Путин зассал». На роліку відаць, што тэхналёгія «канцэрту» была аналягічная той, што была выкарыстана для «канцэрту» ў Храме Хрыста Збаўцы.



Цяпер адвакаты Надзеі Талаконьнікавай, Марыі Алёхінай і Кацярыны Самуцэвіч сьцьвярджаюць, што абвінавачаньне іх падабаронных у хуліганстве грунтуецца ня толькі на тым, што яны зрабілі ў храме Хрыста Збаўцы, але і на відэароліку ў Youtube.

Пракуратура абвінавачвае дзяўчат у тым, што яны зайшлі ў частку храму, зарэзэрваваную для мужчын, мелі на сабе вопратку, якая відавочна супярэчыць правілам царквы, паказвалі часткі цела ў спробе адкрыта выказаць непавагу хрысьціянскага сьвету.

Але іншая частка абвінавачаньня грунтуецца на знойдзеных у канфіскаваных кампутарах файлах, дзе ў саўнд-трэку да «Панкт-малебну» выкарыстоўваецца фраза «срань гасподняя». І вось прызнаючы, што дзяўчаты ня вымавілі ў храме Хрыста Збаўцы ні слова, пракуратура лічыць, што «для тых, хто сапраўды паважае рэлігію, недапушчальна выкарыстоўваць фразу «срань гасподняя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG