Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста звольнілі за фота з расталым маргарынам


ілюстрацыйнае фота

ілюстрацыйнае фота

У Магілёве застаўся бяз працы актывіст партыі БНФ Уладзімер Трызуноў. Ён рабіў грузчыкам на хлебазаводзе.

Як сьцьвярджае актывіст, звольнілі яго за тое, што ён сфатаграфаваў, а потым апублікаваў у інтэрнэце фота таго, як захоўваюцца на прадпрыемстве прадукты, зь якіх пякуць слодычы. Фармальная прычына звальненьня Трызуноў — прагул.

Грузчыкам на хлебазаводзе Ўладзімер Трызуноў адпрацаваў чатыры месяцы. Як заяўляе актывіст, сваіх апазыцыйных поглядаў у працоўным калектыве не хаваў.

Убачыўшы расталы маргарын, сфатаграфаваў яго на мабільны тэлефон.

«Яго закупілі зашмат. Ён не ўмяшчаўся ў лядоўні. Яго перапрацоўвалі на пячэньне, якое вырабляюць на прадпрыемстве. Маргарын зьбіралі чым маглі і ратавалі. Усе, хто працаваў на зьмене. Ён расьцёкся, растаў. Я сам удзельнічаў у зборы гэтага расталага маргарыну. Я сам яго зьбіраў. Я бачыў на ўласныя вочы, што там адбывалася. Там быў ня толькі маргарын, але й дрожджжы», — апавядае Уладзімер Трызуноў.

Фота актывіст зьмясьціў у інтэрнэце й спадзяваўся, што аўтара ня выкрыюць. Уладзімер Трызуноў працягвае:

«Я палічыў, што мяне ніхто ня звольніць і ніхто пра гэта не даведаецца. Я троху пабойваўся, каб ня выдаць сябе. Я быў пад нікам Іван. Я лічыў тады, што трэба нешта зрабіць, каб паўплываць на дырэктара ды кіраўніцтва. Вось таму і зрабіў гэтыя фота».

Як заяўляе спадар Трызуноў, выдаў яго нехта з кіраўніцтва цэху. На самім прадпрыемстве сытуацыю з расталым маргарынам камэнтаваць адмаўляюцца:

«Я такіх камэнтароў даваць ня буду. Па-другое, у нас ужо было абвяржэньне ў газэце „Зямля і людзі“. Усё гэта было фальшаваньне. Вы тэлефануйце, калі ласка, у аб’яднаньне», — заявіла супрацоўніца хлебазаводу № 4.

У прыёмнай аб’яднаньня «Магілёўхлебпрам» заявілі:

«Нічога я ня ведаю».

Карэспандэнт: «Я ж у прыёмную тэлефаную. Мо вы падкажаце, каму можна ператэлефанаваць?»

«Нікому! Ніякіх камэнтароў. У нас усё нармальна».

Удакладніць прычыну звальненьня Ўладзімера Трызубава таксама не ўдалося. У працоўнай кніжцы актывіста пазначана, што ён звольнены паводле артыкула за прагул.

Звальненьне Ўладзімер Трызуноў лічыць незаконным. Заяўляе, што кіраўніцтва прадпрыемства прагул яму падрабіла. Актывіст зьбіраецца судзіцца за аднаўленьне на працы.

Сёлета ў сакавіку на хлебазаводзе № 4 ужо было неспакойна. Працаўнікі пачалі былі зьбіраць подпісы за падвышэньне заробку. Заробак паабяцалі павялічыць. Ці павялічылі, невядома. Тых, хто найбольш актыўна зьбіраў подпісы, пакаралі.
XS
SM
MD
LG