Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не абкрадайце Караткевіча!


Свабоды і гадоў шэсьцьдзесят жыцьця прасіў у лёсу малады Ўладзімер Караткевіч. Узамен абяцаўся напісаць сто тамоў, дадаючы ў дужках — пры штодзённай катаржнай працы. Лёс паскупіўся і пашкадаваў просьбіту цэлых шэсьць гадоў. На што іх пісьменьнік патраціў бы? На стварэньне гісторыі беларускай літаратуры? На напісаньне вясёлай кнігі «Парнас дыбкі»? На кнігу публіцыстыкі «Вы, беларусы»? А мо на сэрыю гістарычных раманаў «Век», якая якраз і павінна была складацца з шасьці тамоў — па адным томе на год? Магчыма, і на гэта. Бо ўсё пералічанае ўваходзіла ў плян задумаў Караткевіча, якіх было так многа, што ён жартам прапаноўваў іх у яго купляць.

Наўрад ці знайшоўся б пакупнік на гэткі спэцыфічны тавар. Бо чаго вартыя былі самыя арыгінальныя задумы без караткевічаўскай неўтаймоўнай фантазіі, без яго вобразнай мовы, без усяго таго, што з аддалі часу звычайна абазначаецца адным словам — геній.

Геніяльнага Караткевіча няма з намі ўжо дваццаць восем гадоў, а мы яшчэ не прачыталі ўсіх ягоных твораў. І каму тут выстаўляць рахунак? Затузанаму рознымі бязглуздымі рэарганізацыямі акадэмічнаму Інстытуту літаратуры? Караткевічаўскаму музэю ў Оршы, які, безумоўна, мусіў бы ня толькі захоўваць мэмарыяльныя набыткі, але і займацца дасьледчыцка-публікатарскай працай? Гэтак званым караткевічазнаўцам пры ўнівэрсытэцкіх катэдрах, якія паабаранялі кандыдацкія дысэртацыі па творчасьці пісьменьніка, але ні разу не папрацавалі ў ягоным маладасьледаваным архіве?

Маладасьледаваным — бо аднаго нястомнага Анатоля Вераб’я ўсё ж недастаткова, каб апрацаваць увесь архіў, адначасова вышукваючы караткевічаўскія тэксты па прыватных зборах і зьбіраючы пісьменьніцкі эпісталяр літаральна па ўсім сьвеце. Патрэбныя галіновыя дасьледчыкі — найперш тэкстолягі, якія заняліся б параўнальным аналізам аўтографаў і апублікаваных за савецкім часам твораў, як тое зрабіў Глеб Лабадзенка з «Ладзьдзёй роспачы».

Мяркуючы па фальклёры, беларусы — ад прыроды талакоўцы. Адна пчала мёду не наносіць. Адна галавешка і ў печы не гарыць... Але насамрэч — яшчэ як гарыць і другія запальвае. Менавіта дзякуючы таму самаму Анатолю Вераб’ю ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» сёлета пачаў выходзіць Збор твораў Уладзімера Караткевіча ў 25 тамах. Пасьля папярэдняга васьмітомавіка дадалося тэкстаў адразу і ажно на 17 тамоў! Ведаю, колькі скептыкаў было ў гэтага праекту, але ён, нягледзячы на ўсе аб’ектыўныя і суб’ектыўныя перашкоды, усё ж ажыцьцяўляецца.

Прызнаюся, у першым томе, у які ўвайшлі вершаваныя творы за адно толькі дзесяцігодзьдзе (1950–1960), я адразу пачаў падлічваць колькасьць упершыню апублікаваных тэкстаў. Іх аказалася больш за паўсотні. Думаецца, і наступныя тамы таксама парадуюць нас першапублікацыямі. Што само па сабе сьведчыць пра ўнікальнасьць і беспрэцэдэнтнасьць гэтага збору твораў у гісторыі айчыннага кнігавыданьня.

Але я не пішу рэцэнзію на сьвежавыдрукаваны том. Проста хочацца засьцерагчы і выдавецтва, і ўкладальніка ад паўтарэньня зробленай калісьці памылкі. Яна мела месца, калі ў 1987–1991 гадах выдаваўся Збор твораў Уладзімера Караткевіча ў 8 тамах. Тым больш, што выдавецтва і ўкладальнік абодвух збораў твораў — тыя самыя. І тут мне не абысьціся безь невялічкага адступленьня.

1968 год. У выдавецтве «Беларусь» рыхтуецца да друку паэтычны зборнік Рыгора Семашкевіча «Лесьнічоўка». І раптам перад здачай рукапісу ў набор Галоўліт выяўляе ідэалягічную дывэрсію — адзін зь вершаў прысьвечаны студэнту філфаку БДУ (Семашкевіч там выкладаў), паэту-пачаткоўцу Алесю Разанаву, які незадоўга перад гэтым разам зь Віктарам Ярцам і Лявонам Барташам разварушылі ўвесь філфак, сабраўшы подпісы за выкладаньне ўсіх дысцыплінаў па-беларуску. Зразумела, верш з прысьвячэньнем цэнзура зьняла, а дырэктару выдавецтва наківалі пальцам за страчаную пільнасьць.

Апёкшыся на малацэ, і на ваду дзьмухаць будзеш. Таму любыя прысьвячэньні ў наступных кнігах разглядаліся ледзь не пад мікраскопам і пры найменшых сумненьнях выдаляліся. Асабліва не пашанцавала паэтычнаму зборніку Ўладзімера Караткевіча «Мая Іліяда» (1969). У ім было зьнята ажно дванаццаць прысьвячэньняў тым сябрам паэта, якія з афіцыйнага гледзішча не выглядалі ідэйна беззаганнымі. Пад рэдактарскую рэзэкцыю трапілі наступныя вершы: «Дзядзькаў кубак» (з прысьвячэньнем Васілю Сёмуху), «О любоў мая, Беларусь!» (прысьвечаны Ларысе Геніюш), «Скарына пакідае радзіму» (прысьвячэньне — Вячаславу Рагойшу), «Генуэская крэпасьць» (ахвяраваны Ўладзімеру Дамашэвічу), «Энкелад» (меў прысьвячэньне Валянціну Тарасу), «Баляда пра дзіка і чалавека» (тут падазрэньне выклікаў кінаапэратар Анатоль Забалоцкі, які пазьней здымаў «Каліну чырвоную» В. Шукшына)...

За кожным са зьнятых прысьвячэньняў — свая гісторыя, нейкія эпізоды сяброўства, якія павінны вывучацца біёграфамі Ўладзімера Караткевіча. Скажам, «Дзядзькаў кубак» на сьвет зьявіўся пасьля таго, як Васіль Сёмуха разам з Караткевічам пражылі цэлы месяц у Рагачове — у дзядзькі пісьменьніка Ігара Грынкевіча. За маладым перакладчыкам сьцігавалі тады спэцслужбы, і Ўладзімер Сымонавіч своечасова прадаставіў свайму сябру «палітычны прытулак» у зацішным гарадку на беразе Дняпра. Дарэчы, тады ж Васілём Сёмухам быў зроблены пераклад на расейскую мову раману «Леаніды ня вернуцца на зямлю», які падчас генсакратарства «дарагога Леаніда Ільліча» палахлівымі рэдактарамі быў пераназваны ў «Нельга забыць». Але гэта — гісторыя асобная.

Прысьвячэньне Ларысе Геніюш над вершам «О любоў мая, Беларусь!», так напалохала выдавецкага рэдактара Хведара Жычку, што ён увогуле выкінуў гэты кароценькі пяцірадковы твор з «Маёй Іліяды». Ён быў апублікаваны толькі праз васямнаццаць гадоў у пасьмяротнай кнізе Ўладзімера Караткевіча «Быў. Ёсьць. Буду».

Ці трэба казаць, у якім непрыемным становішчы апынуўся аўтар пасьля выхаду «Маёй Іліяды». Па словах таго ж Васіля Сёмухі, ён на чым сьвет стаіць лаяў выдавецтва, абзвоньваў сяброў і прасіў у іх прабачэньня. Шляхотны, далікатны Ўладзімер Караткевіч, які сваю сяброўскую вернасьць засьведчыў аўтографам на кнізе, падараванай Міколу Аўрамчыку: «... ад таго, хто ніколі не падводзіў сяброў і заўсёды ўмеў любіць іх».

Ці будзе нарэшце выкананая воля аўтара? Ці пабачым мы ў другім томе, які цяпер рыхтуецца да друку, дванаццаць караткевічаўскіх прысьвячэньняў? У «Мастацкай літаратуры» няпэўна паціскаюць плячыма. Аказваецца, галоўлітаўскія традыцыі дагэтуль жывуць, і сёньня прысьвячэньні нядобранадзейным асобам з тым самым імпэтам і запабяганьнем перад начальствам здымаюцца, а Міністэрства інфармацыі патрабуе на кожнага «прысьвечанага» адмысловае дасье...

У папярэднім зборы твораў, папулярным васьмітомавіку (наклад — 60 000 асобнікаў!), прысьвячэньні Ул. Караткевіча сябрам не замоўчаныя, але яны апынуліся ў камэнтарнай частцы. А месца іхняе — у асноўным тэксьце. Захаваліся ж аўтографы пісьменьніка — сьвятая сьвятых для любога публікатара.

Уявім сабе, што «Маленькі прынц» Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры друкуецца без знакамітага прысьвячэньня — «Леону Вэрту, калі ён быў маленькім»... Альбо ўявім, як зь «Песьні пра зубра» Міколы Гусоўскага хтосьці задумаў прыбраць прысьвячэньне каралеве Боне Сфорца ды яе сакратару Людвіку Альфію... У Экзюпэры прысьвячэньне ўвогуле ўспрымаецца як першы разьдзел ягонай славутай казкі. А прысьвячэньне Гусоўскага — як нітка, тузануўшы за якую, можна разблытаць цэлы клубок жыцьцёвых калізій з побыту аўтара ў Рыме, без разуменьня якіх і «Песьню пра зубра» нам да канца не зразумець. Гэтаксама шмат чаго не зразумеем мы і без караткевічаўскіх прысьвячэньняў.

Аднойчы ў хату да Ўладзімера Караткевіча залезьлі зладзеі. «Абакрасьці Караткевіча — як абакрасьці храм», — адразу ж адгукнулася на гэтую вестку Ларыса Геніюш у адным зь лістоў. Я ня ведаю, што тады вынесьлі з кватэры-храму зламысьнікі — грошы, рэдкія кнігі, рукапісы? Але ўкрасьці можна ня толькі матэрыяльныя каштоўнасьці. Савецкая цэнзура ў 1969 годзе паспрабавала скрасьці ў Караткевіча сяброў. І пакінуць гэтую ганебную спробу без адпаведнай увагі ўкладальнікі, рэдактары і выдаўцы новага Збору твораў пісьменьніка проста ня маюць права.

Уладзімер Караткевіч
Уладзімер Караткевіч


Аўтограф верша “Дзядзькаў кубак” з прысьвячэньнем Васілю Сёмуху. Аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі імя Якуба Коласа
Аўтограф верша “Дзядзькаў кубак” з прысьвячэньнем Васілю Сёмуху. Аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі імя Якуба Коласа


Сябры: Рыгор Барадулін, Анатоль Вялюгін, Уладзімер Караткевіч.
Сябры: Рыгор Барадулін, Анатоль Вялюгін, Уладзімер Караткевіч.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG