Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Сэрфінг па вірлівых водах беларускіх мэдыяў вынес мяне да новага аб’екта майго пакланеньня.

Гэтую прыгажуню завуць Аліса Буевіч, і яна вартая нашае ўвагі куды болей за мае папярэднія захапленьні — «Ірыну Тры Махіта» з «Анлайнэра» ды Ірыну Рак зь «Пінгвіна». Дарэчы, калі нехта ня чуў пра яснавяльможную спадарыню Рак, абавязкова азнаёмцеся з сабжам — Зураб болей «ня ў трэндзе», увесь модны Менск шэпчацца пра новую ікону стылю з бэстыярыюму «Пінгвіна»: Ірына Рак, у прыватнасьці, «утапіла „на пары“ ў унітазе новенькі VERTU, і ёй яго не шкада было зусім», акрамя таго яна «набыла ладны кусок зямлі ў Драздах» і зрабіла шмат яшчэ чаго цікавага (чытай артыкул).

Чым нас вабіць постаць Алісы Буевіч? Што зрабіла гэтая маладая і без сумневу прыгожая дзяўчына?

Яна напісала тэкст «Каб палюбіць Беларусь, трэба зьезьдзіць у Маскву». Тэкст выбухнуў на форуме выданьня, дзе быў апублікаваны, ня горш за аповесьць той Ірыны, што ня можа пражыць у Менску на $4000. Калі мне робіцца самотна, я іду па спасылцы і ўчытваюся ў зіхаценьні сэнсаў ды зьзяньне лёгікі твора Алісы Буевіч.

Выкладзем кораценька зьмест, нагадаўшы, што наш няўмелы пераказ без сумневу ня ў поўнай меры адлюструе задуму, штыль ды сутнасьць Алісінага маніфэсту.

Гераіня наважылася ехаць у Маскву, бо з-за крызісу ўсе навокал кажуць, што ў Беларусі жыць немагчыма, нехта едзе ў Эўропу, нехта абірае «меней балючы варыянт» — Расею. «Дзевушка» едзе ў «белакаменную», бо «ў Маскве плацяць у разы болей», а Беларусь яна адчувае ці не найгоршым месцам на плянэце («горш, чым у нас у краіне, няма нідзе»).

І вось Аліса ў Маскве: «Мой першы працоўны дзень цягнуўся да 9 вечара. Прычым пайшла я з працы хіба што ня першай». Моцы гатаваць ежу ў яе не засталося — зьела бутэрброд і заснула. Назаўтра ўсё паўтарылася. А гэта ж дрэнна для фігуры! Аліса паступова прыходзіць да высновы, што Масква дрэнна ўплывае на яе прыгажосьць: «Сінякі пад вачыма, перасохлыя ад маскоўскай хляраванай вады валасы... Мне ўвесь час хацелася спаць». Яе праца не спынялася нават на выходных.

Масква не пакінула Алісе часу на адпачынак, кнігі ды фільмы. «Падлічыўшы фінансы, я заўважыла, што за тыдзень у Маскве толькі на ежу і праезд патраціла 250 даляраў», — тлумачыць яна. Масква спужала яе высокімі коштамі — «вось сок, куплены па зьніжках — на нашы 17 500. Трыста грамаў сасісак — 38 тысяч беларускіх. Звар’яцець». Яна кажа, што ўсе яе знаёмыя зараблялі ў Маскве $2000 і гэтага катастрафічна не хапае: $1000 патрэбная на танную ежу, $100-200 — на мэтро, зьняць жыльлё — ад $1000.

У тэксьце ёсьць таксама жудасная гісторыя пра тое, як нейкая Лена, што жыве ў Маскве болей за 5 гадоў, прычым замужам за масквічом, фарбуе валасы не ў салёне, але — самапалам, у сяброўкі! Страшна чытаць! Халадзее сэрца і ўстаюць дыбарам валасы!

«Вось такое яно, гламурнае маскоўскае жыцьцё! С раніцы да ночы працуеш, а на выхадзе — нічога», — заключае Аліса, дадаючы пра гразь, смог ды чамусьці «вечна пратэрмінаваныя прадукты».

«Вярнуўшыся ў Беларусь, я не магла паверыць свайму шчасьцю! — замілавана канстатуе нашая гераіня. — Каб сказаў мне хто пару тыдняў таму, што я буду так радавацца нашай хвалёнай чысьціні, я б не паверыла. Маркотнае, манатоннае жыцьцё ў Менску імгненна пераўтварылася для мяне ў камфортнае ды радаснае».

Аліса паглыбляе думку пра свой раптоўны ды экзатычны беларускі патрыятызм: «Ну, няма тут ва ўсіх пагалоўна айфонаў, і што? У Маскве яны каштуюць таньней, чым людзі аддаюць за прадукты. А тое, што і ў Беларусі можна зь цягам часу назапасіць на добрую машыну і паехаць адпачываць куды хочаш, я не сумняваюся». Вам таксама падалося, што другі сказ не выцякае зь першага? Ня бянтэжцеся — у гэтым і ёсьць прыкмета геніяльнасьці, каб твае высновы былі непрадказальнымі, а твая лёгіка захапляла, як праезд на «рускіх горках».

Як гэта часта бывае, артыкул Алісы Буевіч прыцягнуў увагу сур’ёзных людзей. Адзін знакаміты гуру маркетынгу нават ня выключыў кансьпіралягічнага паходжаньня гэтай гісторыі. «Звычайна пасьля публікацыі статыстыкі па працоўнай міграцыі, — напісаў ён у Фэйсбуку, — зьяўляюцца 2-3 артыкулы ў дзяржаўных СМІ пра ўгарэлых ў падмаскоўным вагончыку беларускіх гастарбайтэраў, пасьля чаго ўключаецца, вірусна ці ня вірусна, астатняя прэса. Сярэдняя працягласьць кампаніі і дынаміка зрываньня пакроваў заўсёды наводзяць чалавека, знаёмага з мэдыя-плянаваньнем, на тыя самыя думкі». Дарэчы, камэнты кшталту «заказны артыкул!» зьявіліся і на форуме «КП», з боку звычайных юзэраў. Аднак мы б гэта цалкам выключылі.

Нам падаецца, па-дзявочаму наіўным голасам у дадзеным выпадку з намі размаўляе беларуская масавая сьвядомасьць як такая. Аліса Буевіч — гэта сама Беларусь, тыя мільёны, пра якіх мы штодня разважаем у сваіх «палітызаваных» артыкулах, аднак ня можам уявіць паўсядзённую лёгіку гэтых людзей. Яна вярнулася з Масквы ды зрабілася патрыёткай з-за таго, што валасы ссохліся з-за хлору! Гэта ж каму сказаць!

Сутыкненьне Алісы з Масквой ды яе стыхійны патрыятызм, які выглядае такім несамавітым для чалавека, які штодня чытае Ларысу Геніюш перад сном, — справа архетыпічная, калі жадаеце, нават — сацыялягічная.

«Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць», — пісаў паэт. «Шаўрма ў чурак — гэта харошы ланч?» — куды меней патасна пытаецца Аліса, і мільёны вераць ёй.

Беларусь сутыкнулася зь непазьбежнасьцю ехаць па лепшую долю, у Эўропу ёй ехаць страшна, а два-тры тыдні ў Маскве прыводзяць да траўмы, пра якую так і карціць пачаць разважаць у тэрмінах Жака Лякана («аб’ект А», — той, хто ведае, аб чым гэта, зараз усьміхнецца. Тым, хто ня ведае, растлумачыць будзе складана). Гэтая траўма вымушае няўдалых гастарбайтэраў бегчы ў схованку беларускай «сацыяльнай стабільнасьці». Палінялы выгляд якой крок назад быў прычынай вандроўкі ў Маскву.

Гатовыя слоганы для афыцыйных біг-бордаў: «Ёй там прапанавалі толькі $2000». Ці: «Яе вымусілі працаваць да 21.00, і таму нам трэба любіць сваю дзяржаву». Ці «там — пратэрмінаваныя прадукты, а тут санстанцыя і дзяржкантроль». І яшчэ: «У Маскве толькі на мэтро ідзе $200». Альбо: «У нас сасіскі таньнейшыя, чым Br 38 тыс. за 300 гр». І самае галоўнае: «У Менску вы будзеце фарбаваць валасы ў салёнах, а не ў сяброўкі!»

Не, людцы... Патрыятызм тых, хто едзе з-за палітыкі, з-за таго, што немагчыма дыхаць на радзіме, ці з-за таго, што страшна чакаць званка з запрашэньнем на допыт, мне неяк бліжэйшы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG