Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бразылія — Беларусь. Хварэць за Карніленку


Сяргей Аляхновіч, Швэцыя, 2009 год. У кепцы Руслана Салея і футболцы Сяргея Карніленкі.

Сяргей Аляхновіч, Швэцыя, 2009 год. У кепцы Руслана Салея і футболцы Сяргея Карніленкі.

Футбольная зборная Беларусі ў нядзелю выйдзе на матч супраць бразыльцаў прыкладна тады, калі пад Маладзечна правядуць у апошні шлях Сяргея Аляхновіча — выдатнага спартовага журналіста, зь якім мы былі перш за ўсё сябрамі, а ўжо пасьля — калегамі.

Форвард беларускай зборнай Сяргей Карніленка ня зможа прыехаць на пахаваньне сябра-журналіста. Але, думаю, будзе гатовы ўзараць шыпамі бутсаў увесь газон «Олд Трафард», каб забіць бразыльцам і прысьвяціць гэты гол сьветлай памяці свайго цёзкі.

Вядома ж, будзе складана. Але канцоўка гульні супраць Новай Зэляндыі была шматабяцальнай — толькі кураж брамніка О'Кіфі дазволіў нашым супернікам скончыць матч з прыстойным лікам. Ну і перакладзіна разок згуляла пасьля ўдару Карніленкі.

Стартавы матч бразыльцаў на гэтай Алімпіядзе паказаў магутнасьць бразыльскай атакі і пэўную імпатэнцыю бразыльскай абароны. Рафаэль, Леандру і Нэймар забілі ў першым тайме, але пасьля перапынку эгіпцяпе ледзьве не адыграліся. 3:2 — са скрыпам, але перамогу лацінаамэрыканцы ўтрымалі. Няма нічога немагчымага — галоўная выснова, якую мусяць зрабіць з гэтага беларускія футбалісты напярэдадні першага ў гісторыі афіцыйнага матчу супраць Бразыліі. Першага, прынамсі, на такім узроўні.

У гэтым матчы я буду перажываць ня толькі за Беларусь, але і персанальна за Карнілу — няхай ён заб'е і падыме вочы ўверх. А адтуль яму будзе радасна ўсьміхацца Аляхновіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG