Лінкі ўнівэрсальнага доступу

57 так званых сьпікераў вылучылі сёньня ў якасьці фармальных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня на пазачарговым зьезьдзе Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Гэта была першая сэсія зьезду. 15 верасьня яго дэлегаты зьбяруцца зноўку, каб вывесьці усіх «сьпікераў» са статусу кандыдатаў у дэпутаты. Такім чынам, нікога з прадстаўнікоў АГП ня будзе ў бюлетэнях для галасаваньня.

Пазыцыю партыі на парлямэнцкіх выбарах выклаў яе старшыня Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

"Мы пачалі кампанію «За сумленныя выбары без «Лукашэнкі». Слова «Лукашэнкі» мы бярэм у двукосьсе, паколькі для нас гэта ня столькі асоба, колькі сама сыстэма, якую неабходна зьмяняць. Кампанія распачата з падачы заявак на правядзеньне 115 пікетаў пад дэвізам «За сумленныя выбары без «Лукашэнкі». Гэта была лякмусавая папера. Улада дала на нашы заяўкі 115 адмоўных адказаў. І гэта было яшчэ адной падставай, каб здымаць нашых «сьпікераў».

АГП вылучае сваіх «сьпікераў» не з мэтай зрабіць іх дэпутатамі. Партыя хоча скарыстацца правам весьці выбарчую агітацыю і давесьці сваю стратэгію да вялікай колькасьці выбарцаў.

Аднак з такім падыходам згодныя ня ўсе сябры партыі. Так, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Вячаслаў Герасіменка лічыць, што партыйным вылучэнцам неабходна змагацца за дэпутацкія мандаты:

«Пасьля рэфэрэндуму 1996 году я быў катэгарычна супраць усялякіх выбараў. Тады было немагчыма ісьці на выбары. Зараз сытуацыя зьмянілася карэнным чынам. Гэта вынікі эканамічнай палітыкі ўладаў. Калі ўжо на нашай Петрыкаўшчыне, дзе за Лукашэнку раней, як кажуць рвалі і мяталі, сёньня 10, у лепшым выпадку 20 чалавек са 100 яго падтрымліваюць і гавораць пра яго добрае слова, а астатнія 90-80 катэгарычна супраць, значыць. калі ў цябе ёсьць здольнасьці, сіла волі, магчымасьці, патрэбна ісьці да перамогі, да канца. Сёньня адмовіцца ад такога шанцу — значыць, не разумець сытуацыі, якая склалася ў нашай роднай Беларусі».

Журналісты спыталіся ў Лябедзькі: калі партыя ня ставіць за мэту правесьці дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў, то якім чынам яна будзе вызначаць эфэктыўнасьць сваёй працы падчас гэтай выбарчай кампаніі?

Лідэр АГП адказаў на гэта так:

«Мы будзем ацэньваць сваю працу па некалькіх крытэрах. Калі на выбарах 2008 году 70% людзей сказалі, што парлямэнцкія выбары былі ўсё-такі чэснымі і сумленнымі, то мы маем амбіцыю паменшыць гэту лічбу. Па-другое, мы скажам, каб людзі не хадзілі галасаваць. Мы прапануем ім іншы сцэнар паводзінаў — няхай едуць на летнікі, няхай наведаюць цёшчу, няхай п’юць піва з суседам. Няхай з карысьцю выкарыстаюць гэты час для сябе. Ну а тым, каго пагоняць на выбары, мы будзем прапаноўваць прагаласаваць супраць усіх.

Кампанія наша не завяршаецца 23 верасьня. Яна толькі на пачатку. Мы будзем лічыць яе завершанай толькі тады, калі ў краіне пройдуць выбары па стандартах АБСЭ».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG