Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад каго чакаць мэдалёў у зборнай Беларусі?

абноўлена

ХХХ летнія Алімпійскія гульні ў Лёндане ўступілі ў свае правы. Старт ім дала ўрачыстая цырымонія, якая позна ўначы фэерычна завяршылася на цэнтральнай алімпійскай арэне брытанскай сталіцы.

Такім чынам, барацьбу за мэдалі распачынаюць больш за 13 тысяч атлетаў, 170 зь якіх прадстаўляюць Беларусь. Дарэчы, для беларускай нацыянальнай каманды гэтыя Гульні адметныя — дзясятыя (разам з зімовымі) ў сувэрэннай гісторыі краіны.

Узгадваючы афіцыйны мэдалёвы плян у 25 узнагародаў, экспэрты ўсё больш губляюцца ў здагадках: хто яго будзе выконваць? Традыцыйныя спадзяваньні на «вечную» вясьлярку Кацярыну Карстэн, але той сёлета споўнілася 40 і, як ні круці, маладыя ўсё ж падціскаюць. Загадзя аддаецца месца на п’едэстале тэнісістцы Вікторыі Азаранцы — праўда, наяўнасьць на шляху непраходнай Сэрэны Ўільямс крыху прызямляе такі аптымізм. У тэарэтычным мэдалёвым пераліку гэтаксама штурхальнікі ядра, кідальнікі молату, плаўцы, штангісты, раварысты, гімнасткі.

З асьцярожным авансам як мінімум адна ўзнагарода «павешаная» на баксёраў. Раўняцца ёсьць на каго: у 1988 годзе алімпійскае золата заваяваў Вячаслаў Яноўскі, у 2004-м Віктар Зуеў і Магамэд Арыпгаджыеў узялі кожны па срэбраным мэдалі. Тым ня меней, як лічаць адмыслоўцы, моцная яшчэ ад савецкіх часоў школа магла б выдаваць куды больш кандыдатаў на ўзнагароды.

Гэтымі днямі па бізнэс-справах у Менск завітаў Генадзь Ручаеўскі — майстар спорту ў боксе, кандыдат у алімпійскую зборную СССР узору 1968 году. У 1978-м эміграваў у ЗША, цяпер жыве ў Нью-Джэрсі. Лічыць, што многія традыцыі таго часу папросту страчаныя:

«Шанцы ёсьць заўсёды, хоць мне і складана ацэньваць беларускі бокс, бо я даўно адсюль зьехаў. Але, як я разумею, зараз ужо не існуе спартовых таварыстваў, якія былі раней, сыстэма трэніровак абсалютна іншая. І, наколькі мне вядома, беларускі бокс не на тым узроўні, на якім хацелася б яго бачыць — прынамсі мне, як былому баксёру. Зразумела, цяжка адназначна сказаць, што неабходна зрабіць для вяртаньня былых пазыцый. Але ведаю, што нядаўна быў абраны новы старшыня Фэдэрацыі боксу — Дзьмітрый Ціхамолаў. Спадзяюся, што ён унясе нейкія наватарствы і зробіць усё, каб бокс у Беларусі зноў узьняўся на той узровень, на якім быў. Я вельмі блізка сябрую з майстрам спорту міжнароднага клясу Эдуардам Дубоўскім, які зараз займаецца прафэсійным боксам і зьяўляецца кіраўніком Асацыяцыі прафэсійнага боксу. Так што, бокс у Беларусі ёсьць і спадзяюся, што ён будзе на годным узроўні».

Былы баксёр Генадзь Ручаеўскі пра беларускі бокс
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:15 0:00

Дзеля атрыманьня спушчаных зьверху вынікаў кіраўнікі фэдэрацыяў часьцяком ідуць па шляху найменшага супраціву, запрашаючы ўжо гатовых замежных спартоўцаў. Пераважна гэта тычыцца ўжо згаданага боксу, а таксама розных барцоўскіх дысцыплінаў, дзе за Беларусь выступаюць прадстаўнікі Дагестану, Азэрбайджану ды іншых каўказскіх рэгіёнаў. Ці апраўданая такая практыка — цікаўлюся ў Генадзя Ручаеўскага:

«Што тычыцца ўласна Алімпійскіх гульняў, то ў мяне будзе, мабыць, толькі пажаданьне: каб тыя спартоўцы, якія ў іх удзельнічаюць, дасягнулі найвышэйшых посьпехаў. Канечне, заўсёды хочацца, каб чэмпіёнамі станавіліся людзі, якія нарадзіліся, вырасьлі, трэніраваліся ў Беларусі, людзі свае, не прыезныя. Зараз жа паўсюдна практыкуецца іншая тактыка — легіянэрская. Таму і едуць спартоўцы, выступаюць за Беларусь і з Дагестану, і Казахстану. Але яны ня толькі ў Беларусь едуць, гэтаксама едуць і ў іншыя краіны. Цяпер сьвет настолькі інтэграваны, настолькі ўсе працэсы ўзаемазьвязаныя, што, напэўна, гэта ўжо не навінка, а мабыць, папросту канстатацыя факту. Гэта вельмі складанае найперш маральнае пытаньне і, напэўна, спартовыя кіраўнікі мусяць з усёй адказнасьцю да яго паставіцца і вырашыць аб’ектыўна — што для іх больш практычна, што больш выгодна?».

Ня так даўно на гэтую тэму разважаў і алімпійскі чэмпіён Вячаслаў Яноўскі, які сказаў, што ён, канечне, за «братэрства народаў», але ў зборнай Беларусі павінны выступаць беларусы. І падмацаваў прыкладам: калі некалькі гадоў таму беларуская каманда баксёраў прыехала на чэмпіянату сьвету ў Чыкага, аказалася, што зь дзевяці заяўленых удзельнікаў толькі адзін быў беларусам. Адказнасьць за такую дыспрапорцыю славуты спартовец усклаў на Фэдэрацыю боксу, якая гоніцца толькі за вынікамі.

Тым часам першы дзень алімпійскіх спаборніцтваў нічым асабліва адметным для зборнай Беларусі не адзначыўся. Плянавана выйшла ў паўфінал заплыву на 100 мэтраў Аляксандра Герасіменя, а Кацярына Карстэн выйграла заезд у папярэднім этапе па акадэмічным веславаньні. Кацярына Цімафеева пераадолела першы раўнд спаборніцтваў у стральбе з лука, а ў настольным тэнісе Аляксандра Прывалава прайшла супэрніцу, якая прадстаўляе Конга.

Ня спраўдзіў мэдалёвых чаканьняў алімпійскі чэмпіён 1992 году, стралок Канстанцін Лукашык, які ня здолеў кваліфікавацца ў фінал спаборніцтваў. Першае ж золата ХХХ Алімпійскіх гульняў на рахунку Кітаянка І Сылін — у стральбе з пнэўматычнай вінтоўкі на 10 мэтраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG