Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі апазыцыйных партый і рухаў плянуюць патрапіць ва ўчастковыя выбарчыя камісіі на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Вылучэньне прадстаўнікоў у склад гэтых камісій завяршаецца 5 жніўня.

Апазыцыйныя партыі абавязкова вылучаць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбаркамы, адзначае нацыянальны каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка. Найперш увага надаецца якаснаму боку: вылучаць будуць менавіта тых людзей, якім складана адмовіць ва ўключэньні ў камісію, якія маюць досьвед і вядомасьць. Аднак няма патрэбы вылучацца ва ўсе ўчастковыя камісіі, а толькі ў тыя, дзе галасуе бальшыня выбарцаў, адзначае спадар Карняенка.

Віктар Карняенка

Віктар Карняенка

«Нашы сябры камісій павінны выканаць некалькі актыўных дзеяньняў: унесьці праекты пастаноў у сваіх камісіях. Першая па працэдуры падліку галасоў. Важна, каб на ўзроўні ўчастковай камісіі ўсё было празрыста і відавочна. А ня так як цяпер: нехта там свае стосікі лічыць, перадае паперкі старшыні як нейкія таемныя данясеньні і пасьля ня ведае сам, што там было ў выбарчай скрыні. Вось нашы сябры будуць уносіць прапановы, каб гэты працэс быў публічны. Другое, па правах назіральнікаў будуць уносіць праект пастановы. Каб назіральнік таксама мог вельмі добра бачыць, што там у бюлетэнях робіцца і як іх лічаць. І калі ўчастковая камісія не рэагуе на нашы прапановы, то тады значыць ім ёсьць што хаваць. І тады ў гэтага чалавека ёсьць поўнае права напісаць сваю асабістую думку пад пратаколам».

Рух «За свабоду» зацікаўлены мець сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковых камісіях, асабліва там, дзе вылучаюцца кандыдаты, якіх падтрымлівае Рух. Адзіная праблема, што ня ўсюды ёсьць зарэгістраваныя рэгіянальныя структуры, якія маюць права вылучаць, адзначае намесьнік старшыні Руху Юрась Губарэвіч. Таму плянуецца скарыстаць таксама збор подпісаў.

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

«Хаця гэты варыянт найбольш цяжкі, бо як паказвае практыка, улада амаль стопрацэнтна адмаўляе людзям з апазыцыі, якія вылучаюцца шляхам збору подпісаў. Бо гэта ніяк не ўплывае на афіцыйную статыстыку. Калі браць Менск, у першую чаргу мы будзем рабіць акцэнт на акрузе, дзе вылучаецца Аляксандар Мілінкевіч. Мы хацелі б накіраваць нават па двух прадстаўнікоў у камісію. Аднаго шляхам збору подпісаў на кожны ўчастак і другога пры дапамозе партнэрскіх арганізацый, такіх як БНФ „Адраджэньне“, Партыя БНФ, партыя „зялёных“, іншых, якія маюць рэгістрацыю ў Менску і могуць вылучаць. Гэта дае найбольшыя магчымасьці для кантролю за хадой выбарчай кампаніі. Сябры камісій маюць большыя правы, чым назіральнікі. Для нас стаіць задача:на канкрэтных прыкладах паказаць, калі будуць адбывацца фальсыфікацыі, якім чынам яны адбываюцца».

КХП БНФ традыцыйна байкатуе выбары, заклікае ня толькі ня ўдзельнічаць у фарсе, але і пільна адсочваць гэты працэс, сказаў намесьнік старшыні партыі Юрась Беленькі:

Юрась Беленькі

Юрась Беленькі

«Адсочваць як адбываюцца фальсыфікацыі, парушэньні заканадаўства, правоў выбаршчыкаў, канстытуцыі. Таму, калі ёсьць такая магчымасьць увайсьці ў склад камісій. Хаця практыка мінулых выбарчых кампаній паказвае, што нашым сябрам партыі, практычна, уваход туды закрыты. Я ня памятаю выпадкаў, каб кагосьці з сяброў нашай партыі ўключылі ў склад камісій. Але такія спробы ўсё роўна будуць рабіцца. І натуральна, ад партыі будуць вылучаныя назіральнікі. Галоўнае, канечне, каб былі пустыя выбарчыя ўчасткі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG