Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мсьціславе пачаўся фэст сярэднявечнай культуры


28 ліпеня ў Мсьціславе ў пяты раз распачаўся фэстываль сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст. Мсьціслаў — 2012».

Традыцыйна асноўныя дзеі фэстывалю — рыцарскія турніры й канцэрты сярэднявечнай музыкі — як і ў мінулыя гады, праходзілі на замкавай гары. Урачыстае адкрыцьцё фэсту адбылося на цэнтральнай плошчы старога гораду ля помніка Пятру Мсьціслаўцу.

На замкавай гары й раскінулі свае намёты ўдзельнікі фэстывалю. Сёлета ў ім вырашылі паўдзельнічаць больш за сорак рыцарскіх клюбаў. Зьяжджацца ў Мсьціслаў яны пачалі яшчэ ўчора. Сёньня ад ранку рыцары рыхтаваліся да турніраў. Некаторыя шпацыравалі ў сваім строях па Мсьціслаўскім вуліцам.

«Менавіта ў Мсьціславе людзі да гэтага даўно да гэтага прызвычаіліся. Яны разглядаюць нас, фатаграфуюцца з намі. Выпытваюць нешта. Людзі тут дружалюбныя, адэкватныя й прыемныя», — выказалася пра рэакцыю мсьціслаўцаў на прысутнасьць у іх горадзе вялікай грамады рыцараў спадарыня ў сукні сярэднявечнай пані.

А вось яшчэ адно меркаваньні — ўжо рыцара:

«Яны, строі і фэстываль, канечне, ня маюць такой моцнай уплывовасьці, але ў пэўнай часткі моладзі і грамадзтва яны выклікаюць. Хутчэй гэта ўсё ўспрымаецца як гульнявая справа. Што тычыцца беларускасьці ўва ўсім гэтым, то тут даволі стракатыя школы. Але значная колькасьць, асабліва музыкаў, сьпяваюць і беларускія песьні й украінскія. Учора я чуў і нарвэскую і дацкую чуў».

А што для саміх мсьціслаўцаў фэст?

«Гэта дужа вялікае сьвята. Вы і не ўяўляеце. Найперш мы вырасьлі ў сваіх вачах, мы адчулі сваю значнасьць як такога старога горада. Мы ўбачылі, што дзяржава на нас зьвярнула неяк крыху увагі. Хаця хацелася б і болей. Вы ж бачыце, што ў нас робіцца. У нас жа столькі памятнікаў і ўсе яны ў такім занядбаным выглядзе. У нас, каб гэта ўсё аднавіць — гэта было б так шыкоўна».

Урачыстасьці адкрыцьця папярэднічала шэсьце рыцарскіх клюбаў. Яго ачольвалі конна княжна Анастасія Слуцкая і князь Расьціслаў Мсьціслававіч. Яны ж і абвясьцілі пра адкрыцьцё фэсту:

«Я князь Расьціслаў Мсьціслававіч відовішчам быць яркімі, забавамі вясёлымі, а ў спаборах няхай перамогуць мацнейшыя і сьмелыя. Я княгіня Анастасія Слуцкая. Рыцары — няхай вам спадарожнічае ўдача».

Расейская мова дамінавала на адкрыцьці фэстывалю. Інфармацыйныя фэстывальныя буклеты таксама былі расейскамоўнымі. Аздабленьне павільёнаў кірмашу празь які праходзіла шэсьце таксама было ў расейскай мове.

«Разумееце, у нас такі памежны горад з Расеяй. У нас культура такая вельмі зьмешаная. Вось наша мова напэўна і не зусім беларуская. Мне здаецца — наша родная мова трасянка. Вось так здарылася неяк цікава», — адказаў жыхар Мсьціслава на пытаньне, чаму на фэстывалі амаль няма беларускай мовы.

Беларуская мова гучала на саміх рыцарскіх турнірах на замкавай гары. Першымі ў іх сышліся мечнікі, за імі лучнікі. Пазьней рыцары біліся ў бугутах да апошняга на нагах.

Для ахвочых навучыцца сярэднявечным танцам праводзіліся майстар-клясы. Пры канцы сёньняшняга дня і заўтра адбудуцца канцэрты гуртоў, якія выконваюць сярэднявечную музыку. Завершыцца фэстываль заўтра, 29 ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG