Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ажароўскі: У Астраўцы — паказуха. АЭС не пабудуюць


Андрэй Ажароўскі

Андрэй Ажароўскі

Расейскі фізык-ядзершчык Андрэй Ажароўскі сумняецца ў тым, што беларуская АЭС будзе пабудаваная і лічыць, што ва ўлады проста няма разумных аргумэнтаў на карысьць гэтага праекту.

Радыё Свабода засьпела Ажароўскага, калі ён сышоў з цягніка ў Смаленску. Квіток на цягнік за ягоныя ж грошы яму купіла беларуская міліцыя. Сёньня ранкам у камэры на Акрэсьціна, дзе ён адбываў 10-дзённы арышт за «лаянку ў грамадзкім месцы» Андрэй Ажароўскі даведаўся, што ён будзе прымусова дэпартаваны зь Беларусі. Апроч гэтага, яму забаронены ўезд на тэрыторыю РБ на працягу 10 гадоў.

Радыё Свабода: «За што з вамі так у Беларусі абыйшліся?»

Андрэй Ажароўскі: «Уявіце: я, грамадзянін Расеі, іду ў сваю амбасаду, а мяне затрымаў беларускі спецназ. Я ўсё гэта расцэньваю як правакацыю супраць тых, хто змагаецца супраць атамнай станцыі.

Гэта стандартная тактыка беларускіх уладаў — абвінавачваць тых, хто супраць атамнай энэргетыкі ў дробным хуліганстве і даваць «суткі». Затрымалі мяне спецназаўцы, калі я накіроўваўся ў расейскую амбасаду. Хацеў перадаць ліст супраць атамнай энэргетыкі, які мы падрыхтавалі разам з беларускімі калегамі. Было гэта 18 ліпеня ў дзень, калі прыехаў Дзмітры Мядзьведзеў у Менск і прысутнічаў пры падпісаньні кантракту на будаўніцтва атамнай станцыі. Мы супраць гэтага і прыдумалі вось такую мяккую форму пратэста. Гэта не дэманстрацыя, не мітынг. Усе чатыры чалавекі былі затрыманыя па шляху ў амбасаду. Усіх абвінавацілі ў тым, што яны брудна лаяліся і асудзілі.

Радыё Свабода: «Як было на Акрэсьціна?»

Андрэй Ажароўскі: «Асабіста мяне не прыніжалі. Умовы ўтрыманьня былі кепскія. Адну ноч давялося спаць усемярох у камэры на чатыры чалавекі. Адну ноч спаў побач з наркаманам, які гучна абвяшчаў, што ў яго гепатыт і ВІЧ. Ані разу за 10 дзён не выводзілі на прагулку. Харчаваньне было агіднае, прычым за яго ўзялі грошы. За 10 дзён ніякай гародніны не было, а гэта не адпавядае ніякім правілам. Харчовыя перадачы забароненыя: альбо галадуеш, альбо ясі гэтую балянду. Адзінае, што мне сябры перадавалі сьвежавыціснутыя сокі. Гэта ратавала».

Радыё Свабода: «Як па-вашаму, навошта Беларусі АЭС?»

Андрэй Ажароўскі: «Гэта добрае пытаньне. Будаўніцтва АЭС у Беларусі адпавядае інтарэсам толькі дзяржаўнай карпарацыі Росатам. Беларусі АЭС
кожны беларус — і дзеці і старыя — вінаватыя Росатаму больш за 1000 даляраў ...

ня трэба ані з эканамічнага, ані з палітычнага пункту гледжаньня. Каштуе яна каля 10 млрд даляраў. Гэта значыць, кожны беларус — і дзеці і старыя — вінаватыя Росатаму больш за 1000 даляраў. Гэта шалёна дарагая энэргетыка. Яна нават не «ўлазіць» у энэргетычную сыстэму краіны: больш за трэцяя частка гэтай энэргіі будзе з адной крыніцы. А рэактары, як мы ведаем, выключаюцца аўтаматыкай, самі па сабе. Будуць адбывацца катастрафічныя зьявы ў эканоміцы краіны, калі трэцяя частка энэргіі будзе раптоўна адключацца.

Радыё Свабода: «Але ж улады настойваюць, што АЭС зробіць Беларусь энэргетычна незалежнай, найперш ад Расеі...»

Андрэй Ажароўскі: «Якая ж гэта незалежнасьць, калі ўранавае паліва будзе пастаўляцца з Расеі? Гэта мяняць шыла на мыла. Газпромаўскае шыла на «атамнае» мыла. Навошта гэта? Росатам для Беларусі не падарунак. Гэта нейкі траянскі конь. Энэргетычнай незалежнасьці ён не дае. Да таго ж пабудова АЭС толькі падвышае залежнасьць Беларусі ад замежных тэхналёгіяў. Беларусь жа сама ня можа абслугоўваць станцыю, рамантаваць яе. Яна будзе мёртва прывязаная да Расеі, бо ніхто ня зможа пастаўляць, напрыклад, кіруючыя стрыжні, а ня толькі паліва. Ніхто іншы ня зможа замяніць парагенэратар. А на расейскіх АЭС парагенэратары часта цякуць і патрабуюць замены праз 5-10 гадоў пасьля пачастку эксплюатацыі. Там шмат дэталяў, якія змогуць не спрацаваць.
І памятайце, што гэта экспэрымэнтальны праект. Нідзе ў сьвеце такая АЭС па праекце АЭС-2006 яшчэ не пабудаваная. У Расеі ідзе шэсьць такіх будоўляў. Я нядаўна быў на Варонежскай АЭС. Яна, магчыма, будзе дабудаваная праз два гады. І толькі тады стане зразумела, ці будзе яна ўвогуле працаваць. Досьвед паказвае, што нават пабудаваныя станцыі яшчэ некалькі гадоў патрабуюць «даводкі». АЭС могуць пабудаваць, а яна апынецца непрацаздольнай.

Радыё Свабода: «Ці можна абыйсьціся без АЭС?»

Андрэй Ажароўскі: «Яшчэ ў 2006 годзе Аляксандр Лукашэнка абвесьціў, што АЭС — гэта безальтэрнатыўны варыянт. Але ёсьць шмат альтэрнатываў. Калі б улада была больш разумная, то яна б разглядала магчымасьць долі ў літоўскім тэрмінале па прыёме звадкаванага газу ў Клайпедзе. Гэты звадкаваны газ зараз таньнейшая за газпрамаўскую. Беларусь цалкам магла б частку газы браць з сусьветнага рынку і вырашыць свае праблемы, калі яны сапраўды хочуць дывэрсыфікаваць пастаўшчыка. Ёсьць альтэрнатывы, пра гэта трэба думаць. Нават прагноз МАГАТЭ сьведчыць пра тое, што доля атамнай энэргіі ў сьвеце зьмяншаецца. Цяпер яна складае каля 7 працэнтаў, а да 2050 году будзе меней за 3 працэнты».

Радыё Свабода: «Які лёс чакае беларускую АЭС?»

Андрэй Ажароўскі: «Ёсьць важкія нюансы, якія дазваляюць мне меркаваць, што станцыя не будзе пабудаваная. Я месяц таму быў там, ніхто мяне не затрымліваў, хадзіў па пляцоўцы, фатаграфаваў. На вышэйшым узроўні Сямашка заявіў, што мы пачалі капаць катлаван, але архітэктурны праект станцыі будзе гатовы толькі праз год — увесну 2013 году.

Вы можаце сабе ўявіць нават пабудову дома, калі праекта няма, а катлаван ужо капаюць?! Мне здаецца, што ўсё, што адбываецца ў Астраўцы — гэта паказуха. Ніхто ня возьмецца за пабудову, калі няма прывязкі да мясцовасьці. Што такое архітэктурны праект? Гэта дзе стаіць рэактарны будынак, дзе турбінны, дзе канал-вадавод, бо станцыя ж будзе «піць» ваду з Віліі... Гэта мусіць быць усё разьлічана з улікам усіх умоваў. Проста так пачаць рыць катлаван? Гэта вельмі дзіўна.
Мы ведаем шмат праектаў, калі кантракты на будаўніцтва АЭС, у тым ліку і з Росатамам, не выконваліся. Апошні гучны прыклад — гэта баўгарская АЭС «Белене», якая была ў высокай ступені гатоўнасьці — нават гатовы корпус рэактара. Але баўгарскі прэм’ер-міністр знайшоў у сабе мужнасьць увесну сказаць, што гэта надта дорага для Баўгарыі, і адмовіцца цалкам ад праекту. Росатам цяпер судзіцца з Баўгарыяй, каб яны забралі гэты рэактар і заплацілі неўстойку.

Іншая прычына: якасьць будаўніцтва расейскіх АЭС- жахлівая. Год таму на будаўніцве Ленінградскай АЭС, якая будуецца па такім жа праекце АЭС-2006, адбыўся абвал 1200 тонн металаканструкцый. І гэта толькі выпадкова людзі не загінулі, бо быў абедзенны перапынак. Абваліліся канструкцыі таго самага «ахоўнага калпаку», які, як пераконваюць атамшчыкі, павінен вытрымаць падзеньне самалёта. А ён абваліўся на стадыі будаўніцтва пад уласным цяжарам.
Такіх прыкладаў масса. І ў Беларусі такое можа быць. Быў такі шалёны праект пабудовы Менскай станцыі цеплазабесьпячэньня. У пяці кілямэтрах ад жылой забудовы, каб ня толькі электраэнэргію, але і атамнае цяпло гнаць па трубах. Пасьля Чарнобылю ўсё гэта было закрытае. Па Расеі такая ж Ніжагародская станцыя і Варонежская была закрытыя.

Цяпер улады Расеі і Беларусі робяць выгляд, што Фукусімы не было і Чарнобыль трэба забыць. Я думаю, яны ня маюць рацыі. Калі ў бліжэйшы час адбудзецца яшчэ адна аварыя на адным з 400 рэактараў, якія ў сьвеце дзейнічаюць, то думаю, яшчэ больш праектаў будзе закрыта, можа нават і беларускі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG