Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Барысік — пра літпадказкі складнікаў посьпеху


Тацяна Барысік

Тацяна Барысік

Адзін з герояў кнігі Харука Муракамі «Паляваньне на авечак» лічыў, што галоўнае ў сучасным жыцьці — гэта " патрапіць у струмень«, а інакш усе твае якасьці, здольнасьці не прынясуць значнага плёну. А якімі сродкамі найчасьцей дасягаецца посьпех у Беларусі? Азіраючыся па бакох, адзначаю: працавітасьць і добрая адукацыя — хутчэй перашкода. Чаму так атрымліваецца? Ці варта рабіць выбар між сумленьнем і амбіцыямі? Каго ставіць у прыклад дзецям, каб у дарослым жыцьці ім суседзі зайздросьцілі? Як высьветлілася — нашая літаратура мае слушныя і дзейсныя падказкі.


Андрэй Мрый. Запіскі Самсона Самасуя. Раман
Менск, «Мастацкая літаратура», 2006


Гэты твор ня толькі цікавае чытво з арыгінальным сюжэтам і яркаю сатыраю, але й гатовая інструкцыя маладым кіраўнікам ідэалёгіі, гэтак жа запатрабаваным, як і 80-90 год таму. Самсон Самасуй меў паходжаньне мужыцкае, а пуза панскае. Таму на пачатку ягонае жыцьцё ня мела «ярка акрэсьленай намэнклятурнай лініі». Нават каня не ўмеў запрэгчы, за што родны бацька ледзь з двара ня выгнаў. Але вось жа ўладзіўся кіраваць асьветаю ў мястэчку Шапялёўка! Там гэты працавіты гультай, да ўсіхных штаноў гузік, узначаліў безьліч грамадзкіх камісіяў і разьвіў проста шалёную дзейнасьць. Выняткам якой сталіся і пажарныя вучэньні а другой гадзіне ночы і спэктакль, дзе ўпершыню за гісторыю Шапялёўкі артыстам не пляскалі ў ладкі. І што б вы думалі? Запіскі маюць сучасны і праўдзівы фінал — Самсон пайшоў на павышэньне. Прыхільнікам «Прыгодаў бравага салдата Швейка» «Запіскі Самсона Самасуя» абавязкова прыйдуцца даспадобы. Бо калі Швейк — гэта адказ на бязглузьдзіцу, дык Самасуй — яе крыніца. Кепска толькі, што ў Беларусі дваццаць першага стагодзьдзя Самасуі ня толькі хутка робяць кар’еру, але, павучаючы моладзь, пішуць мэмуары і выдаюць іх за дзяржаўныя грошы. Ня сьмешна.


Анатоль Кудравец. Двое за нізкім столікам. Аповесьць з кнігі «Сьмерць нацыяналіста»
Менск, «Мастацкая літаратура», 1992

Адзін мой знаёмы, пажылы ўжо чалавек, даводзіў: «У канцы свайго жыцьця я зразумеў важную рэч — галоўнае ўмець ладзіць з начальствам, тады ўсё ў жыцьці будзе добра.» А вось героі аповесьці прыходзяць у сваіх развагах да адваротнага: «Старайся як мага далей быць ад людзей з уладай, якімі б прыгожымі яны не здаваліся. Не дай бог сьвіньні рогі, а кар’ерысту — панскае крэсла. Сьвіньня вырастае не сама па сабе. Сьвінячы парадак заўжды парсюка знойдзе, і вырасьце з яго рохля...»

Кніга закранула мяне споведзьдзю жанчыны сталага веку, якая ў юнацтве была камсамолкаю-актывісткаю, а потым зьненавідела ўладу настолькі, што нават старшыня райкаму пачаў у жахлівых снах з’яўляцца. Не схацела прыстасоўвацца? Мела на гэта падставы? Твор патрабуе роздуму, але яно таго вартае. Хто ўсё-такі мае рацыю: ягоныя героі ці мой знаёмы? Высновы рабіце самі. І хаця ж не прапусьціце ў тэксьце параду па нэўтралізацыі падрастаючага кар’ерыста, покуль ён яшчэ малы ды смаркаты.


Янка Купала. Тутэйшыя. З кнігі «Янка Купала. Паэмы. Драматычныя творы»
Менск, «Мастацкая літаратура», 1989

Калі адасобіцца ад агульных развагаў пра лёс беларускага народа, а засяродзіцца на канкрэтным вобразе Мікіты Зноска, то лёгка прыходзіш да высновы: ён ня проста вядомы літаратурны герой, а гатовая кандыдатура для Дошкі гонару. Такі чалавек цяперашнім сьветам мае пашану ў грамадзтве і сям’і. Сваякі з такіх не сьмяюцца — на іх ледзьве яе моляцца. Бо ён спрытна ловіць павевы часу — значыць, мабільны і крэатыўны. Сябруе толькі з патрэбнымі людзьмі, умее акумуляваць сувязі. Усё, што дрэнна ляжыць, дахаты цягне — хвацкі і дамавіты. А канфармізм — тая ж талерантнасьць, толькі да пануючай улады. Шкада, што ня ў той час нарадзіўся — зьмены былі занадта імклівыя і нетрывалыя.


Алесь Асташонак. Жоўты колер белага сьнегу
Менск, «Мастацкая літаратура», 2006

Чаму з гадамі сьнег часта робіцца жоўтым? Спробаю адказу на такое нязвыклае пытаньне і з’яўляецца пакутлівы роздум аб мінулым і цяперашнім сваім жыцьці чалавека, які «зрабіў сябе сам», дакладней, зрабіў яго ўплывовы цесьць і брудная вада навокал, у якой рыбы гінуць, а людзі з плаўнікамі прыстасоўваюцца. Зараз ён мае ўсё, аб чым іншыя нават марыць ня могуць. Але чыстым сьветлым ранкам стаіць ля вакна і ня хоча надыходу новага дня. Калі няма ладу ў душы, маладыя памкненьні зьніклі разам з выявамі мядзьведзяў у парку, засталася адна ненавісная калісь хлусьня ды жоўты сьнег — замежныя камандзіроўкі ды патэльня, каторая смажыць бяз тлушчу, ўжо ня цешаць. Людзей, што стаяць ля вакна, шмат, сьцьвярджае аўтар. Мо таму віною вышэйпамянёныя складнікі ягонага посьпеху, на жаль, самыя надзейныя і распаўсюджаныя ў роднай старонцы? А нехта не стаіць ля вакна ніколі і, чытаю ў тэксьце далей, жыве па сумленьні? Ці ня згадвае пра яго наогул?


Марыя Філіповіч.Тацьцяніна вумніца. Апавяданьне з кнігі «Клетка для каханай. Аповесьць, апавяданьні»
Менск, «Мастацкая літаратура», 1995

Што звычайна вырастае з дзяўчынкі, якая спачатку выганяе курэй з гарода настаўніцы, пасьля актыўна ўдзельнічае ў суботніках і пазакляснай рабоце, а дома бяз выгады для сябе не зварухне і пальцам? Вумніца. Яе так і клічуць змалку. Хаця здольнасьцей да вучобы Мальвіна не праяўляе, і маці і настаўнікі ёй задаволеныя — паслухмяная, старанная. Ды яна і без дыплёму свайго нідзе не ўпусьціць. «Галалёд у сваім жыцьці пераскочыць, не пакалечыцца». Краіне пашанцавала — дамы пры пасадзе з Мальвіны ня выйшла, а вось маці ды мужу — не вельмі. Побач з вумніцаю заўжды мусяць быць дурні. Як ня хочаце трапіць у іх кагорту — прачытайце апавяданьне. Колькасьць вумніцаў расьце, а гэта ўжо небясьпечна.
XS
SM
MD
LG