Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гарадку — збор подпісаў пад бел-чырвона-белым сьцягам


Старшыня раённай суполкі партыі БНФ Леанід Аўтухоўу гонар угодкаў прыняцьця дэклярацыі пра Незалежнасьць Беларусі зьбіраў подпісы за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты Нацыянальнага сходу на плошчы райцэнтру пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Спадар Аўтухоў апавёў, што выйшаў зьбіраць подпісы на галоўную плошчу Гарадка ўпершыню, і ягоныя дзеяньні адразу прыцягнулі ўвагу міліцыі:

«Я ўсё разьлічыў: колькі мэтраў мусіць быць ад розных аб’ектаў, каля якіх нельга ладзіць пікет, расклаўся і ўзьняў сьцяг. Тут жа зьявілася міліцэйская машына. Супрацоўнікі запатрабавалі прыбраць сьцяг, але я не пагадзіўся. Сказаў, што зьбіраю подпісы за сваё вылучэньне, і падпарадкоўваюся толькі акруговай выбарчай камісіі Віцебскай-сельскай акругі № 21. Калі яны там хочуць — няхай складаюць пратакол. Міліцыянты пагадзіліся, але машына ўвесь час так і прастаяла наводдаль».

За пару гадзін Леанід Аўтухоў сабраў больш за тры дзесяткі подпісаў. Мінакі зьвярталі ўвагу ня толькі на бел-чырвона-белы сьцяг, але і лёзунг, які актывіст вывесіў каля намёту, дзе хаваўся ад сонца. На вялікім плякаце было напісана «: «Беларусь — не карыта для чыноўнікаў. Беларусь — краіна для народа!».

А яшчэ спадар Аўтухоў запрасіў свайго знаёмца, каб зладзіць яшчэ й музычную падтрымку. І мясцовы музыка на баяне граў знаёмыя ўсім мэлёдыі: ад вядомых песень да славутага палянэза Агінскага «Разьвітаньне з Радзімай».

Тры гады таму Леанід Аўтухоў таксама выходзіў на плошчу імя Леніна ў Гарадку 27 ліпеня. Тады адзначэньне ўгодкаў беларускай незалежнасьці штрафам памерам 10 базавых велічынь і наступнай канфіскацыяй маёмасьці, бо беспрацоўны актывіст адмовіўся выплаціць штраф.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG