Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хату Быкава разбурылі. На чарзе — дача?


Разбурэньне роднага дома Быкава ў Бычках, 2004

Разбурэньне роднага дома Быкава ў Бычках, 2004

Так разбуралі родную хату Васіля Быкава ў Бычках, на Ўшаччыне. Каб на яе месцы пабудаваць новы дома — «лепшы», «пад музэй».

І гэты фотаздымак — найлепшы камэнтар для інфармацыі агенцтва Белта пра тое, што Лукашэнка распарадзіўся стварыць на дачы Быкава ў Ждановічах музэй.

Гэтак жа будзе і з дачай?

«У экспазыцыі будуць прадстаўленыя асноўныя этапы жыцьця і творчасьці пісьменьніка, ягоныя ўзаемаадносіны зь сябрамі, блізкімі і калегамі па пяры» — паведамляе Белта.

Цікава, як будзе прадстаўлены этап 1988-1998 гг., калі Быкаў быў актыўным удзельнікам Беларускага Народнага Фронту (выступаў на зьездах, не прапускаў ніводнага Сойму БНФ). Альбо пэрыяд 1998-2003, калі ён быў вымушаны з палітычных прычынаў жыць на чужыне. І якім чынам будуць адлюстраваныя «ўзаемаадносіны» Быкава, напрыклад, зь Зянонам Пазьняком і Івонкай Сурвілай. Альбо з «калегамі па пяры» Рыгорам Барадуліным, Генадзем Бураўкіным, Уладзімерам Някляевым.

Хутчэй за ўсё пра гэта ў экспазыцыі ня будзе нічога.

Зразумела, стваральнікі сутыкнуцца зь неабходнасьцю адлюстраваць «узаемаадносіны» з тым, хто аддаў распараджэньне стварыць музэй. Цытатаў з быкаўскіх інтэрвію на гэты конт багата, вось хоць бы такая: «Ня ведаю, ці дачакаюся зьвяржэньня дыктатара Лукашэнкі» (сакавік 2002 год). Але гэта, вядома — для музэю пры іншай уладзе.

Ну а цяперашні ўрад сёньня рашэньне пра стварэньне музэю зацьвердзіў пастановай. «Гэты дзень зьяўляецца адпраўной кропкай у справе ўвекавечаньня памяці пісьменьніка і захаваньня ягонай творчай спадчыны», — камэнтуюць у міністэрстве культуры.

«Адпраўной кропкай» у справе «ўвекавечаньня памяці» былі чэрвеньскія дні 2003-га, калі тысячы прыйшлі разьвітацца з Быкавым у Дом літаратара (тагачасны міністар культуры ўцёк з пахаваньня, забаяўшыся бел-чырвона-белага сьцяга, якім родныя Быкава накрылі труну). І калі, ужо пазьней, быў прывезены зь Фінляндыі і ўсталяваны надмагільны камень — без спрыяньня ўладаў. І калі Свабода выдала радыёвыступы Быкава — дзьвюма кніжкамі і двума дыскамі, а вядомыя людзі Беларусі чыталі ў эфіры ўрыўкі зь ягоных твораў. І калі, таксама без спрыяньня ўладаў, у «Дзеяслове» друкавалі тэксты Быкава, а ў незалежных выдавецтвах — ягоныя кнігі.

Я перакананы, гэтая справа будзе рабіцца і надалей — дзякуй Богу, народная памяць не залежыць ад пастановаў лукашэнкаўскага ўраду.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG